- Раскажыце коратка пра сябе. Як Вы трапілі ва УЗВ?
- Па адукацыі я інжэнер-механік. Гадавалася ў вельмі педагагічнай сям’і, мая мама – гісторык, баця быў фізікам, бабуля – выкладчыцай.
Маё рашэнне стаць інжэнеркай стаў своеасаблівым пратэстам супраць бацькоў. Мама была ў шоку, бо ўсе падбіралі для мяне нейкія гуманітарныя спецыяльнасці, але я насуперак усім пайшла ў машына-будаўнічы інстытут. Але мама ўрэшце аказалася права – пасля я ўжо зразумела, што людзей я люблю больш, чым жалеза. Таму я пайшла працаваць выкладчыцай у адну з устаноў падвышэння кваліфікацыі. І ўжо 15 год працую з дарослымі людзьмі. Педагагічныя тэхналогіі для мяне вельмі цікавыя і прывабныя.
Аднак з такім вялікім стажам выкладчыцкай дзейнасці я пачала ўсведамляць, што для мяне яна вузкаватая, што ўсе інтэрактыўныя метады навучання не ўпісваюцца ў акадэмічныя рамкі. Тое чаму я навучылася – я раблю, а паспрабаваць нешта новае – няма магчымасці.
Калі некалькі гадоў таму я даведалася пра УЗВ, я была вельмі шчаслівая, бо хацела пайсці сюды павучыцца. Але ўзроставыя абмежаванні мяне некалькі расчаравалі. Вельмі хацела патрапіць, але вырашыла, што прыйдзецца пачакаць.
Летась мне прапанавалі весці сваю секцыю. Я не думаючы пагадзілася. Так паступова нарадзілася ідэя курсу для сталых жанчын, звязаны з тэхналогіямі прыгажосці, вывучэннем жаночага культурніцкага досведу. Не праз дзверы – дык праз фортку, але я трапіла ва УЗВ.
- Што Вам дае праца ва УЗВ?
- Праца ва УЗВ дазваляе мне паспрабаваць тое, пра што я даўно марыла. Гэта не акадэмічная адукацыя, дзе лектар распавядае, а студэнты павінны лапаць кожнае слова і страчыць канспекты. Тут выстройваюцца гарызантальныя адносіны, дзе выкладчык і студэнт – людзі аднаго кшталту. Досвед такой працы я вельмі жадала спазнаць. Вельмі хацелася інтэракцыі, і, працуючы ва УЗВ, я магу рабіць цікавыя інтэрактыўныя рэчы, выкарыстоўваць новыя навучальныя тэхналогіі.
- Дайце азначэнне слову “стыль”. Ці з’яўляецца стыль сінонімам прыгажосці?
- Так выкрышталізавалася, што назва маёй секцыі гучыць як “Мода, стыль і прыгажосць”.
Я разглядаю гэтую назву як тры прыступкі да сябе: спачатку гэта мода, як жаданне быць сучасным, жаданне быць прынятым грамадскасцю. Пасля ідзе стыль – усведамленне сябе як асобы, калі становіцца не так важна, як прымае цябе грамадства, а больш важна, што ты сам з сябе ўяўляеш і як сам сябе прымаеш і прэзентуеш. То бок наколькі ты маеш смеласці прызентаваць у свет сябе як сябе, а не так, як ад цябе чакаюць.
Стыль – паказчык таго, што чалавек сябе не баіцца і прымае. Ён не баіцца дзяліцца сваім бачаннем свету. Ён не імкнецца быць такім як усе, быць модным, яму больш важна мець нешта сваё.
Прыгажосць – гэта ўжо інтэгральнае паняцце, якое вышэй за моду і стыль. Гэта ўнутранае святло, якое з’яўляецца вынікам працы над сабой і дазваленнем самому сабе быць прыгожым.Прыгажосць можа быць у розных праяўленнях. Прыгажосць стомленасці, прыгажосць сталасці, юнацтва. Гэта глыбейшае паняцце, чым глянец і гламур.
- Знешні выгляд – гэта адлюстраванне ўнутранага свету? Ці можна, змяняючы свой знешні выгляд, змяняцца ўнутрана?
- Чалавек – гэта не толькі цела і розум. Чалавек – інфармацыйная сістэма, дзе ўсё вельмі ўзаемазвязана і адзін кампанент паўплывае на другі. Ёсць такая фраза, якую прыпісваюць Мэрлін Манро: калі жанчына не прыгожая ў 18, гэта яе бяда, калі не прыгожая пасля 40 – гэта яе віна. Мабыць тычыцца не толькі жанчын, а ўвогуле людзей.
З узростам характар выходзіць на твар, на знешнасць. Таму безумоўна, у некаторым сэнсе можна сказаць, што тое, што ўяўляе сабой чалавек унутры – бачна звонку. І канешне, уплываючы на сваё цела, можна змяніць нейкія свае погляды. Напрыклад, чалавек пачынае займацца спортам, у яго змяняюцца звычкі, расклад жыцця, прыярытэты. Змяняецца цела – змяняецца стыль думак. Калі чалавек вельмі духоўны, гэта таксама адлюстроўваецца на яго знешнасці. Такі ж эфект маюць і некаторыя самыя простыя тэхнікі, віды дзейнасці – вышыўка, шыццё. Падчас такой дзейнасці ідзе сунастройка з сусветам, з продкамі, гэта мост у будучыню. Гэтай узаемасувяззю варта і патрэбна карыстацца. Я, напрыклад, стараюся.
- Ці з’яўляецца знешні выгляд чалавека залогам яго паспяховасці ў сучасным свеце?
- Знешні выгляд канешне вельмі важны, бо гэта першая інфармацыя, якую мы нясем пра нас у свет. Невербальная камунікацыя, першае ўражанне – гэта наш знешні выгляд. Гэта важна, але яно не адзінае. Калі б мы маглі камунікаваць адзін з адным моўчкі, як са скульптурамі, тады так, знешнасць стала б вырашальнай. А так трэба яшчэ адкрываць рот, працягваць руку дапамогі, дзейнічаць. Знешнасць адыходзіць на другі план. Паспяховасць для розных людзей можа быць рознай. Галоўнае нават не добра выглядаць, а добра сябе адчуваць у сваім образе. Калі чалавек добра сябе чуе і адчувае сябе сваім у гэтым свеце, ён і выглядае добра. З ім прыемна мець кантакты, працаваць, адпачываць. Добра выглядаць і стандарты прыгажосці – варта разводзіць гэтыя паняцці. У глянцавых часопісах навязваюць свае стандарты, дзяўчына можа быць прыгожай толькі калі яна вышэй за 170 см і мае параметры 90-60-90. Гэта смешна. Часам дзяўчаты і жанчыны з-за гэтага стрэсуюць, некаторыя робяць аперацыі. Але плаціць такую цану за адносную прыгажосць не мае сэнсу. Прыгожы чалавек прыгожы інтэгральна, незалежна ад таго, як выглядае яго цела. Часам глядзіш на дарослага ці сталага чалавека, далёкага ад стандартаў прыгажосці, але бачыш, як ён свеціцца і што ён рэальна прыгожы, прывабны, цяжка адарваць ад яго вочы і прыпыніць камунікацыю.
- За мяжой існуе цэлая індустрыя моды і стыля для сталых людзей. Якая сітуацыя ў нас?
- У нас з гэтым ніяк. У нас сталыя людзі робяцца небачнымі, празрыстымі, і ўсе навол робяць выгляд, што іх як бы не існуе. Наша індустрыя прыгажосці накіравана на вельмі вузкі сегмент людзей, якія ўпісваюцца ў нейкія стандарты. У краме часта бывае цяжка знайсці прыгожае стылёвае адзенне памерам большым за 48-мы. Калі ў цябе памер большы – усё, застаецца паставіць на сябе крыж і думаць пра вечнае.
З мужчынскім аддзеннем у нас увогуле нешта страшнае. Яно ў нас чорна-белае, як на здымках ваенных часоў. І калі раптам з’яўляецца нейкая плямка колеру ў адзенні, на мужчыну часам глядзяць з насцярогай – што ад яго чакаць? Чаму ён не ўпісваецца ў стандарты? Людзям, асабліва жанчынам, сорамна быць сталымі. Яны стараюцца хаваць свой узрост, валасы фарбаваць, апранацца як больш маладыя людзі, проста каб быць на відавоку, каб цябе не забыліся і не выкінулі на задворкі жыцця.
- На Вашую думку, з чым звязана тое, што ў момант выхаду на пенсію ў людзей, асабліва жанчын, нібыта спрацоўвае нейкая кнопка – пстрык, і імпазантная калісьці жанчына ператвараецца ў скрыпучую бабульку з прыпечка?
- Незапатрабаванасць. Нашае грамадства, магчыма, яшчэ не гатова да таго, каб прыняць сталых людзей і іх актыўную пазіцыю. Усеагульная даступнасць вышэйшай адукацыі прывяла да таго, што шмат адукаваных маладых спецыялістаў не могуць знайсці сабе працу з-за пераізбытку кадраў. Да сталых, больш дасведчаных і запатрабаваных людзей у такой сітуацыі ставяцца нават агрэсіўна. Таму выходзячы на пенсію людзі адчуваюць сябе выціснутымі з грамадства больш маладымі, больш прасунутымі, больш актыўнымі.
Гэта драма, драма душэўная. Яны не могуць знайсці сваёй нішы, не бачаць, як жыць далей. Са старога ладу жыцця яны выпіхнутыя, а альтэрнатывы новага многія для сябе не бачаць. Застаецца толькі няведанне, што з сабой рабіць, куды сябе падзець са сваёй энергіяй, досведам, праблемамі. Ёсць жа і станоўчы досвед у скандынаўскіх краінах, Польшчы, Літве. Там адваротная сітуацыя – маладыя людзі з’ехалі, а сталыя сталі вельмі запатрабаванымі. У нас не трэба канешне чакаць, калі ўсе маладзёны з’едуць, трэба будаваць альтэрнатыву для сталых людзей ужо зараз.
- Ці бачыце Вы нейкія перавагі ў плане моды і стыля ў элегантным узросце?
- Больш важным у сталым узросце я лічу стыль. Моднае – гэта для тых, хто сябе не знайшоў. Гэта як шлях да сябе: пабыць модным, каб пасля стаць стылёвым. Я бачу па сваіх навучэнках, што яны ўжо сталі стылёвымі. Праз нейкія тэхнікі, нейкую агульную дзейнасць яны шукалі і знайшлі сябе. Я паказвала простыя штукі, яны рабілі шэдэўральныя. Для іх гэта магчымасць адлюстраваць сябе ў знешні свет, паказаць свой досвед, свае ўмелыя рукі, свой мастацкі густ. Самае простае – гэта працаваць са сваім вобразам, сваім аддзеннем, макіяжам, прычоскай, колерамі, фактурамі. Для іх гэта вельмі цікава. Я бачыла, як яны мяняліся на працягу года, станавіліся больш расслабленымі, незацятымі. У нейкі момант я заўважыла, што гэта ўжо другія людзі, не тыя, што прыйшлі да мяне на першы занятак.
- Ці можна навучыцца элегантнасці і добраму густу?
- Безумоўна, але гэта вялікая ўнутраная праца. На апошнім занятку мы абмяркоўвалі гэта пытанне з дзяўчатамі. Мы ўзгадалі, як рабілі карнавальныя маскі, як рабілі аснову, наклеівалі паперу на скарлупку. Засталося расфарбаваць, і яны запыталіся – як гэта зрабіць? Я адказала: “Як хочаце. Як вы адчуваеце, так і фарбуйце”. Гэта паставіла іх у тупік. Бо ўзнікае пытанне – а як я хачу? Што я хацела паказаць? Што я ўвогуле маю паказаць гэтаму свету? Тут пачынаецца рэальная праца, якую не відаць. Клеіць, фарбаваць, рабіць нешта рукамі – гэта вонкавае. А ўнутраная праца з’яўляецца самай важнай у працы над сваім вобразам і ўласным стылем. Тут галоўнае, як у медыцыне – не пашкодзь. Трэба крыху падштурхнуць, а далей даць самастойнасці. Дзяўчаты ў маёй секцыі як выдатніцы, гатовыя працаваць па інструкцыі – як Вы скажыце, так мы ўсё і зробім. А я не хачу, каб яны рабілі так, як я скажу. Мой стыль – гэта мой стыль, а ў кожнай з іх ёсць сваё зярнятка, якое трэба прарасціць. Гэты пераломны момант з маскамі на апошнім занятку ўзгадвалі ўсе. Прыйшлося парыцца ў сваіх думках, адчуваннях, эмоцыях. Так нараджаўся стыль. Пасля яны сталі гатовыя да самастойнасці: я паказвала адзін узор, на наступны занятак яны прыносілі пяць! Гэта прыклад вынікаў маёй працы. Яна заключаецца ў магічным штуршке, знешнім дазваленні быць сабой. Для іх гэтае дазваленне вельмі важнае. Яны вельмі паслухмяныя. Грамадства патрабуе ад жанчыны гэтай паслухмянасці, абмяжоўваючы вольнасць, крэатыўнасць і нейкія іншыя праяўленні сябе. Тут жа ім дазволілі хацець, дазволілі ствараць. Пераступіўшы гэта, пачалося самае цікавае.
- З чаго пачаць і што ўлічыць, ствараючы свой стыль?
- Дазволіць сабе. Пачаць давяраць сабе. Дазволіць сабе быць сабой. Я гэтага вартая, мне гэта можна. Мне ніхто не можа забараніць. І гэта добра – быць сабой.
- Каго Вы маглі б назваць стылёвым сярод знакамітасцей?
- Для мяне няма эталонаў стылю і прыгажосці. Для мяне прыклад стылю – калі чалавек адчувае сябе як рыба ў вадзе, калі яму нічога не замінае, калі знешні выгляд не перашкаджае праяўляць сябе. Возьмем для прыкладу Фаіну Ранеўскую. Яе афарызмы зараз разлятаюцца як гарачыя пончыкі, у той жа час яна прэзентавала ў свет не тое, што чакала ад яе грамадства і тэатральная супольнасць. Гэта чалавек вельмі стылёвы, яна не саромілася і не пужалася свайго своеасаблівага іміджу.
- Што можна сказаць людзям, якія з грэбваннем адносяцца да моды і стылю ў сталым узросце?
- Гэтыя людзі самі сябе абмяжоўваюць, ставяць рамкі, закрываюць сябе ў клетку. Навошта гэта рабіць? У нас і так вельмі шмат абмежаванняў у жыцці. Калі яшчэ і мы самі пачнем закрывацца ў куфэркі і пакрывацца пылам, то што гэта будзе за жыццё? Дабравольна адмаўляцца ад часткі сябе – навошта? Гэта можа быць крыніцай крэатыву, крыніцай радасці, і навошта сябе гэтай крыніцы пазбаўляць?
- Як Вы ахарактарызуеце сваіх навучэнак?
- Мае навучэнкі – вельмі шляхетныя і глыбокія людзі. Зараз яны праяўляюцца, квітнеюць. Знешне гэта магчыма і не відаць, але прыгажосць і стылёвасць гэта не абавязкова экстравагантнасць. Гэта можа быць вельмі сціплы вобраз. Напрыклад, той жа Стыв Джобс прэзентаваў сябе ў джынсах і сваім чорным гольфіку і ў той жа час заставаўся вельмі стылёвым чалавекам. Ён знайшоў сябе і камфортна ў гэтым сябе адчуваў. Калі мае дзяўчаты перасталі саромецца адна адную і мяне і дазволілі сабе быць сабой, яны праявілі сябе як вартыя самай вялікай увагі і павагі асобы. Вартыя таго, каб на іх глядзелі, таго, каб з імі лічыліся. Заўсёды цікава, з кім ты працуеш. Але я спецыяльна не пыталася пра іх адукацыю, месца працы, абставіны, у якіх яны сталі тымі, кім ёсць. Мая мэта была працаваць з гэтымі людзьмі без рэмарак, зрабіць іх больш актыўнымі, стылёвымі. Іх бэкграўнд не настолькі важны, хочацца глядзець наперад, а не жыць мінулым. І я хачу, каб яны таксама глядзелі са мной наперад.
- Што яшчэ, акрамя “чароўнага штуршка”, атрымліваюць навучэнкі на Вашых занятках? - Унутраную свабоду. І альтэрнатыву – у паводзінах, у спосабах рэалізацыі. Сядзець на прызбе канешне таксама супер, але можна ж і стаць мадэлью і пахадзіць на подыюме. Ці не толькі апранаць тое, што набылі ў краме, а зрабіць з занавескі сары і пахадзіць у ім. Гэта альтэрнатыўны выбар, а магчымасць выбару – заўсёды добра.
- Універсітэт Залатога Веку – што гэта для Вас?
- Па-першае, я таксама іду наперад, да гэтага залатога веку, таму для мяне гэта магчымасць падаслаць нейкую саломку, на якую калі-небдзь будзе магчымасць прызямліцца і спакойна пасядзець ці весела паскакаць. Я закідваю вуду ў будучыню і загадзя рыхтую тут камфортнае месца, камфортнае асяроддзе.
Па-другое, на сваёй асноўнай працы я працую пераважна з мужчынамі, і мне проста не хапае жаночай камунікацыі.
Па-трэцяе, у мяне няма сталых сваякоў. Зараз я ў сям’і старэйшая. Часам, калі з маімі навучэнкамі здараюцца неадназначныя сітуацыі, я думаю – так магла б паводзіць сябе і мая мама, што б я тады рабіла? Для мяне гэта магчымасць пражыць некаторыя сітуацыі, якіх мне не хапае ва ўласным жыцці, дакрануцца да іх эмацыйнага досведу. Для мяне, як для асобы, гэта таксама вельмі важна.
Я стаўлюся да сваіх навучэнак з душэўнасцю як да сваіх сваякоў. У мяне іх няма, але ва УЗВ я іх знайшла. Яны могуць падтрымаць, падзяліцца з табой, выказаць недавер альбо пакрытыкаваць. І гэта вельмі добра. Наша камунікацыя праходзіць у камфортным жаночым коле, вельмі інтымна і напрамкі.
- Якім Вы бачыце ідэальны УЗВ?
- Ідэальнае – гэта тое, што ты ствараеш сама. Мне хочацца, каб усе навучэнцы дарасталі да выкладчыкаў, каб яны рабілі свае прапановы, праводзілі свае заняткі і майстар-класы, прыходзілі не толькі ўзяць, але і аддаць. Каб яны разумелі, што гэта можа быць пачаткам другога жыцця. Усё жыццё прапрацавала бухгалтарам, а зараз паспрабавала сябе ў ролі выкладчыка і навучыла іншых людзей таму, што любіш і хочаш рабіць. Я хачу каб мае навучэнкі дараслі да гэтага і набралі ўжо свае групы. Хачу, каб з’яўляліся новыя плыні, напрамкі, прыходзілі новыя людзі з новымі ідэямі. Каб была падтрымка з боку грамадства, дзяржавы і моладзі, каб мы не адні біліся за месца пад сонцам. Каб навучанне ва УЗВ стала прэстыжным і дочкі-сыны ганарліва казалі б: “Вось, мая мама навучаецца ва УЗВ!” , хочацца грамадскага рэзанансу, каб пра нас ведала больш людзей.
- Адкуль Вы бярэце натхненне?
- З паўсядзённасці. Я проста так жыву. Я бачу нейкае смецце, бачу, што яно прыгожае, і адразу ў галаве ўжо нешта складваецца, як зрабіць з гэтага шэдэўр. Гэта плынь жыцця. Калі быць уважлівым да паўсядзённасці, можна рабіць проста шыкоўныя рэчы. Я не магу, калі не прыгожа, я сябе кепска адчуваю. Мне нават каб сесці пісаць нешта, патрэбна каб навокал было прыгожа, утульна і каб мне сэрца не балела, што недзе валяецца нейкая паперка. У жыцці так шмат прыгожага, толькі трэба пад кожны каменьчык знайсці адпаведную аправу, рамку, і тады гэта заўважаць усе.
- Ваша жыццёвае крэда, дэвіз?
- Шукаць сябе і не баяцца зменаў. Калі знайшла сябе ў нечым – не спыняйся. Бо ў жыцці ёсць шмат магчымасцей, і трэба шліфаваць грані таго, што праяўляецца. Хочацца маляваць – малюй, хочацца ў хаце прыбрацца – прыбірай, хочацца пешкі пахадзіць – наперад. Толькі не спыняцца. І не баяцца, адкрывацца на любыя магчымасці жыцця. Адкрытасць, давер да сябе, прыняцце людзей такімі якімі яны ёсць.
- Як старэць прыгожа?
- Не спыняцца і ўспрымаць сталасць як новыя магчымасці. Я чакаю пенсію як нейкага збавення, калі я буду мець час на рэалізацыю ўсіх сваіх "хацелак". Гэта магчымасць рэалізаваць сябе ў тым, што не атрымалася ў маладзейшым узросце, калі трэба шмат працаваць і аддаваць большую частку жыцця на грамадскія патрэбы.
Узрост – гэта прыгожа, гэта назапашаныя веды, назапашаны досвед, эмацыянальная сталасць. Не саромецца гэтага, а наадварот – ганарыцца гэтым.
Воля Корсун
No comments:
Post a Comment