17 March 2011

Марыя Станіславіч: жыццё, звязанае з космасам

Наш блог працягвае цыкл публікацый, звязаных з жыццёвымі гісторыямі слухачоў "Універсітэту Залатога Веку". Гераіняй новага матэрыялу з'яўляецца Марыя Станіславіч(на здымку злева).

 Значную частку свайго жыцця ёй давялося правесці ў закрытым горадзе Ленінску - сталіцы савецкага касмадрома ў Казахстане. Чытайце ўспаміны Марыі Станіславіч ў рубрыцы "Жыццёвы дзённік".

16 March 2011

Віктар Кірэеў "У мяне ёсць звышзадача: каб жыхары нашага горада ўсіх узростаў добра ведалі яго гісторыю, станавіліся шчырымі прыхільнікамі і знаўцамі нашай гісторыі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй".


Разам з ім нашыя навучэнцы падарожнічаюць, даведваюцца новыя факты старой гісторыі роднага гораду. Знаёмцеся - Віктар Кірэеў, вядучы секцыі УЗВ "Падарожжы ў часе і прасторы".

Ён доўга шукаў сябе. Калі быў маладым, кожны год мог па некалькі разоў змяняць працу. Працаваў і чыгуначнікам, і міліцыянерам!
Вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. Але потым прызванне ўзяло верх і Віктар скончыў гістарычны факультэт ГрДзУ. Вучыўся завочна, адначасова працаваў у Музеі гісторыі рэлігіі, дзе пачаў праводзіць свае першыя экскурсіі. Праз некаторы час Віктару прапанавалі правесці экскурсію па-за межамі музея. Ён пагадзіўся і ў яго ўсё атрымалася. Недзе з 80-х гг.стаў экскурсаводам. Бывалі такія выпадкі, калі слухачы апладыравалі і нават прасілі аўтографы! З таго часу Віктар і вырашыў звязаць сваё жыццё менавіта з гэтай сферай дзейнасці – з экскурсаводствам.


Алена Калько “Самы галоўны залік для мяне – калі навучэнец зможа сказаць па-польску тое, што хоча"

Сярод навучэнцаў нашага УЗВ вельмі папулярныя курсы па вывучэнню замежных моваў.

Прапануем вам інтэрв’ю з вядучай секцыі польскай мовы Аленай Калько.

Як ты трапіла ва УЗВ?

Для мяне выкладанне – гэта поўнасцю новая сфера, нягледзячы на тое, што па адукацыі я выкладчык польскай мовы і літаратуры і выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Да УЗВ я не працавала па сваёй спецыяльнасці, уся мая практыка выкладання мовы скончылася ўніверсітэцкай практыкай у школе.

Канешне, выкладанне для людзей сталага ўзросту выклікае некаторыя цяжкасці, таму што я ніколі з такім не сутыкалася – у нашым горадзе падобных курсаў больш няма, таму для мяне ўсё гэта было даволі незвычайным. Але мне было вельмі цікава паспрабаваць свае сілы.



14 March 2011

Горад, якога ўжо няма. Гародня на старых паштоўках


На такую тэму адбылася чарговая лекцыя для навучэнцаў УЗВ.  У ролі лектара - вядомы сярод нашых навучэнцаў выкладчык і вядучы секцыі  "Падарожжы ў часе і прасторы", гісторык-краязнаўца Віктар Кірэеў (на здымку).

На занятак прыйшло даволі шмат людзей, што і не дзіўна – нашы навучэнцы вельмі цікавяцца сваім горадам і яго гісторыяй, таму заняткі на падобную тэматыку заўсёды адбываюцца з аншлагам.

А паглядзець і паслухаць было што.

Нашыя навучэнкі ідуць лёгкай хадою


А ты так можаш?

Адной з самых папулярных секцый у межах "Універсітэту Залатога Веку" з'яўляецца йога. Вядзе гэтую секцыю Ірына Жутоўская (на здымку). Інструктарам йогі яна працуе трэці год.  Да гэтага была трэнерам па аэробіцы, фітнэсу і пілатэсу ў розных спартыўных клубах горада. Раней сур’ёзна займалася дзюдо і плаваннем. Да таго, як прыйшла ў аэробіку і шэйпінг, восем гадоў прысвяціла менавіта дзюдо.

Ірына з тых людзей, якія не спыняюцца ні на хвіліну, займаюцца спортам па меры магчымасцей. Пасля некалькіх гадоў заняткаў спортам паступова перайшла да трэнерскай працы з самымі рознымі групамі. Калі Ірына была студэнткай, яе накіравалі на практыку ў гп Бярозаўка. За год практыкі яна самастойна адкрыла там залу барацьбы, знайшла спонсараў.  Мела тады ўсяго толькі 21 год.

Як Вы прыйшлі да йогі?

Аэробіка, дзюдо, йога – гэта сумежныя сферы вялікага свету спорта. А калі маеш прызванне,
навыкі і жаданне займацца любімай справай, то ўсё атрымаецца, за што б ты не ўзяўся.

08 March 2011

Вандроўка ў Святую Зямлю. Частка 1.


Таццяна Пракопік

«Неяк ужо ў сталыя гады з глыбіні душы выкрышталізавалася мара – павандраваць па свеце. Потым задумалася – што такое свет, яго першапачатак, што ён у сабе ўтрымлівае. Хацела пачаць з Рыма, а потым зразумела, што гэта не першаснае, што ёсць важнейшае для мяне месца – Святая Зямля. Пачытала аб ёй раз, другі, і пацягнулася да яе. Захацелася паглядзець на тое неба, горы, прайсціся па евангельскіх сцежках, падыхаць Іарданам, паплаваць у возеры Кінерэт, адчуць сонца і пакаштаваць соль Мёртвага мора, адпачыць на Міжземным, навучыцца маліцца, падумаць пра адвечнае. Так звярнулася да хрысціянскага турызму»...


Святая Зямля – Раён Бліжняга Ўсходу, размешчаны на ўзбярэжжы Міжземнага мора. На поўначы ён абмежаваны Ліванам і Сірыяй, на усходзе – Іарданіяй і ракой Іардан, на поўдні – Егіптам і захадзе – Міжземным морам.
Святая Зямля асаблівае месца яшчэ і таму, што да яе прыкаваны інтарэсы многіх краін і рэлігій: хрысціянства, мусульманства, іудаізму. Св. Зямля – правобраз нябеснай Радзімы. На святых месцах чалавек як бы прабывае ў рэальнасці евангельскіх падзей, гэтыя месцы не прызнаюць другой Радзімы, акрамя Царства Божыя.

01 March 2011

Віталь Вановіч: мяне цешыць думка, што я магу прыносіць карысць

Заняткі ў межах "Універсітэту Залатога Веку" вядуць людзі рознага ўзросту. Адным з самых маладых вядучых секцый УЗВ з'яўляецца Віталь Вановіч (на здымку). З першых тыдняў працы УЗВ ён вядзе кампутарныя курсы для сталых людзей. Інтэрв'ю з Віталём распачынае цыкл размоваў з выкладчыкамі "Універсітэту Залатога Веку", якія будуць друкавацца на нашым блоку.

Віталь, што ўяўляе сабой твая секцыя, што вы вывучаеце на сваіх занятках?

Кампутарныя курсы – гэта магчымасць для людзей сталага веку авалодаць новымі тэхналогіямі, паралельна з навучаннем атрымліваць добры настрой і пазітыўныя эмоцыі. Гэта магчымасць атрымліваць актуальную рознабаковую інфармацыю і камунікаваць з іншымі людзьмі.