Пра праект

"Універсітэт Залатога Веку" - гэта праект, адрасаваны актыўным сталым гарадзенкам і гарадзенцам. Удзел у ім могуць браць актыўныя сталыя людзі ў пенсійным ці перадпенсійным узросце.


«Універсітэт Залатога Веку» - гэта цікавыя сустрэчы з цікавымі людзьмі, магчымасць навучыцца таму, на што раней не хапала часу, развівацца інтэлектуальна, фізічна і духоўна, быць карыснымі іншым людзям!

Першы Ўніверсітэт для сталых людзей пачаў працаваць у 1973 г. у Тулузе (Францыя). У 1975 г. Універсітэт Трэцяга Веку пачаў дзейнічаць у Варшаве.

Толькі ва Уроцлаве (Польшча) сёння дзейнічае сем Універсітэтаў Трэцяга Веку. У апошнія 10 год такога кшталту Універсітэты актыўна пачалі стварацца ў Расіі, Украіне. 

У свеце існуе некалькі мадэляў існавання такога кшталту ўніверсітэтаў. Для "французкай" мадэлі характэрна дзейнасці Ўніверсітэтаў на базе ВНУ. "Ангельская" мадэль характэрная тым, што Ўніверсітэты для сталых людзей ствараюцца на базе грамадскіх арганізацый.

Ініцыятарамі стварэння "Універсітэту Залатога Веку" у Гродне сталі сябры грамадскага аб'яднання "Цэнтр "Трэці сектар". 

На працягу 2006-2009 гг. імі вывучаўся досьвед працы Універсітэтаў Трэцяга Веку ў Польшчы.

У сакавіку 2010 г. пры падтрымцы партнёраў з «Універсітэту Трэцяга Веку» пры Ўроцлаўскім універсітэце (Польшча) і «Дома сустрэч імя Ангеліўса Сілезіўса» (Уроцлаў, Польшча) быў арганізаваны навучальны візіт у Польшчу, у межах якога ініцыятыўная група па стварэнні УЗВ мела магчымасць на практыцы пазнаёміцца з тым, як арганізавана праца па актывізацыі сталых людзей у суседняй краіне.

Першы занятак у межах гарадзенскага Ўніверсітэту Залатога Веку быў праведзены 29 красавіка 2010 г. 



Менавіта гэтая дата з'яўляецца Днём нараджэння першага такога кшталту праекта для сталых людзей у Беларусі.



Праграма пілотнай фазы праекта (красавік-ліпень 2010 г.) складалася з агульных лекцыі і дыскусій пра псіхалогію сталага ўзросту, асновы здаровага харчавання, сэксуальнае жыццё ў сталым узросце, спосабы падтрымання добрай фізічнай формы, дагляду за сваім знешнім выглядам, юрыдычныя аспекты, з якімі могуць сутыкнуцца сталыя людзі.

Першыя слухачы УЗВ (каля 40 чалавек) мелі таксама магчымасць наведваць разнастайныя  секцыі па інтарэсах:
- «Акадэмія Мастацтваў Залатога Веку»;
- Навучанне карыстанню кампутарам і інтэрнэтам;
- «Беларускія вячоркі»;
- "Жыцццёвы дзённік ў фотаздымках”;
- йога;
- "Падарожжы ў прасторы і часе".

У верасні 2010 г. Гродна наведала дэлегацыя Ўніверсітэту Трэцяга Веку пры Ўроцлаўскім універсітэце. 

У час гэтага візіту адбылося некалькі адкрытых прэзентацый і майстар-класаў. 

Апроч таго, студэнты і выкладчыкі факультэта псіхалогіі гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы атрымалі магчымасць сустрэцца з кіраўніком уроцлаўскага УТВ - доктарам Аляксандрам Кабыляркам.
У лістападзе 2010 г. распачаўся новы “акадэмічны” год у межах “Універсітэту Залатога Веку”. Заявы на ўдзел у ім падалі больш за 80 сталых гарадзенцаў і гарадзенак.

На працягу лістапада, 2010 г. - траўня, 2011 г. яны наведвалі агульныя заняткі, гасцёўні, працавалі ў секцыях па вывучэнні польскай і ангельскай мовы, кампутарныя курсы, "Акадэмію мастацтваў Залатога Веку", "Беларускія вячоркі", секцыю "Жыццёвы дзённік", вандравалі па горадзе ў межах секцыі "Падарожжы ў прасторы і часе".

У верасні 2011 г. адбыўся набор слухачоў на 2011-2012 акадэмічны год. Заняткі ў ім распачалі каля 70 чалавек. У дадатак да мінулагодніх секцый сёлета дадаліся "Беларуская мова" і "Сад маёй мары".

Заняткі гэтага акадэмічнага года скончыліся ў красавіку 2012 г. урачыстай выпускной вечарынай і інтэграцыйнай вандроўкай на Мастоўшчыну.

З кастрычніка 2011 г. праект "Універсітэт Залатога Веку: інтэлектуальная, фізічная і сацыяльная актывізацыя сталых людзей" здзяйсняецца ў межах праграмы «Месца сустрэчы – дыялог» пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».

Новы набор слухачоў УЗВ адбыўся ў верасні 2012-га г. Заявы на ўдзел у праграме падалі каля 200 сталых гарадзенцаў. Сто сорак з іх былі залічаныя да ўдзелу ў праграме. У акадэмічным 2012-2013 гг. працуюць 16 секцый (ангельская, беларуская, нямецкая, польская мовы, эсперанта, кампутарныя курсы, "Сад мары", "Адкрыты паказ", "Беларускія вячоркі", "Псіхалагічнае здароўе", "Як распачаць сваю справу", "Жыццёвы дзённік", "Мода і стыль", "Залатое пяро", "Падарожжы ў часе і прасторы", йога). Два разы на месяц адбываюцца агульныя сустрэчы слухачоў УЗВ.

У снежні 2012 г. блог УЗВ быў прызнаны лепшым беларускім сайтам у сферы нефармальнай адукацыі. Галоўная узнагарода за перамогу ў конкурсе была ўручана ў час Фестывалю нефармальнай адукацыі ў Мінску.

Спецыяльную ўзнагароду атрымаў таксама цыкл фільмаў, прысвечаных дзейнасці УЗВ.

29-30 сакавіка 2013 г. на базе праграмы адбылася міжнародная канферэнцыя "Інтэлектуальная, фізічная і сацыяльная актывізацыя сталых людзей", удзел у якой бралі спецыялісты з Беларусі, Украіны, Літвы, Польшчы, Расіі і Сербіі. Наступную такога кшталту канферэнцыю плануецца правесці ў Гродне ў 2015 г.

Падрабязнае апісанне нашай дзейнасці глядзі ў раздзеле "Кроніка".

Прынцыпы дзейнасці "Ўніверсітэту Залатога Веку" у Гродне:

- актыўнасць;
- пазітыўнасць;
-самадапамога;
-палітычная і рэлігійная нейтральнасць.

Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасці і планы УЗВ можна атрымаць таксама ў кіраўніцы праграмы Ланы Руднік, звярнуўшыся па электроннай пошце lana.rudnik@gmail.com альбо па тэлефоне (+375-29-284-77-99).