Ідзе занятак секцыі Эсперанта |
- Раскажы коратка пра сябе: якая адукацыя, дзе працуеш, як трапіла ва УЗВ.
- Я скончыла гродзенскі універсітэт імя Янкі Купалы па спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Так склалася, што на дадзены момант працую ў дзіцячым садку ў Гродне. Даведалася пра УЗВ і патрапіла туды праз ГА”Цэнтр”Трэці сектар”.
- Што азначае само слова – эсперанта? Раскажы, што гэта ўвогуле такое?
- Espero у перакладзе з мовы эсперанта значыць “надзея”, а само слова “эсперанта” – “той, хто спадзяеццца”. Што гэта такое? Гэта своеасаблівы свет, які існуе асобна ад іншых. Мова эсперанта, створаная акулістам Лазарам Заменгофам, для самога аўтара была не проста сродкам зносін, але і спосабам распаўсюджвання ідэй. Ён хацеў прапаведваць ідэю мірнага суіснавання розных народаў і культур.
- Дзе і як адбылося тваё першае знаёмства з эсперанта? Што табе падабаецца ў гэтай мове больш за ўсё?
- Першае знаёмства з гэтай мовай адбылося ў Беластоку падчас майго валанцёрства.
Я жыла разам з вугорскай эсперантысткай, якая прыехала працаваць па праграме Еўрапейскай Валанцёрскай Службы (EVS). Спадабалася тое, што гэта мова вельмі простая да вывучэння, а таксама паўплывала прага да ўсяго новага.
- Колькі часу патрэбна, каб авалодаць эсперанта?
- Дакладна адказаць немагчыма, таму што гэта залежыць ад здольнасці засваення моваў чалавекам. Хтосці вывучыць за тры месяцы, а камусці і году не хапае. Чула пра спробы вывучыць эсперанта за тры дні.
- Ці існуе ў Гродне супольнасць аматараў гэтай мовы? Ці шмат людзей у горадзе размаўляе на эсперанта?
- Дакладна ведаю, што раней існавала не тое што супольнасць, а нават цэлая арганізацыя. У свой час яна вельмі актыўна дзейнічала. Пра супольнасць аматараў у горадзе асабіста я не ведаю. Ёсць такі сайт lernu.net, пры дапамозе якога можна вывучыць мову. Менавіта на гэтым сайце я сустрэла некалькі чалавек з Гродна, што валодаюць гэтай мовай.
- Як табе працуецца са сталымі людзьмі? Ці адчуваецца розніца ва ўзросце? Якія ўзнікаюць складанасці, з гэтым звязаныя?
- Працуецца добра. На кожным занятку адкрываеш для сябе штосці новае. Калі складанасці і ўзнікаюць, то мы іх хутка пераадольваем.
- Гэта твой першы год працы ва УЗВ. Якія асабістыя поспехі і поспехі навучэнцаў ты можаш адзначыць для сябе?
- Канешне, не ўсё прайшло так, як бы мне хацелася. Аднак, я не лічу гэты блін комам. Людзі прыйшлі з рознай матывацыяй. У каго была матывацыя вялікай, той і узяў па-максімуму інфармацыі. Прыемна было чуць ад навучэнцаў тое, што яны нават не спадзяваліся загаварыць на гэтай мове, але некаторым гэта ўдалося. Але гэта толькі пачатак.
Слухачы секцыі выступаюць на выпускной вечарыне УЗВ-2013 |
- Рознаму. Яны заўсёды знойдуць параду на розныя выпадкі жыцця.
- Што дае тваім навучэнцам вывучэнне эсперанта?
- Па-першае, гэта зносіны. У сваім узросце яны ўжо не так часта сустракаюцца са знаёмымі, наведваюць нейкія імпрэзы. А тут ім цікава прыйсці, паразмаўляць ды падзяліцца сваім досведам. Па-другое, любая навука – трэніроўка памяці. Па-трэцяе, новыя веды нікому не зашкодзяць.
- Кажуць, што мова – гэта душа народа. Ці ёсць тады ў штучнай мовы будучыня? Ці варта такую мову вывучаць?
- А як жа тады з лацінскай мовай? Лаціна – мова мёртвая. Аднак яе вывучаюць пэўныя колы грамадства, якім яна патрэбна для працы, ці тыя, каму проста цікава. Тое самае і з мовай эсперанта. Толькі тут ужо душа розных народаў і нацыянальнасцей. Будучыня мовы залежыць ад яе носьбітаў.
- Дай сваё азначэнне Універсітэту Залатога Веку – што гэта для цябе?
- УЗВ – гэта месца, дзе кожны можна прыйсці і атрымаць патрэбныя для яго веды. Своесаблівая сям’я, дзе кожны дапаможа адзін аднаму.
Воля Корсун
No comments:
Post a Comment