16 May 2013

Да сустрэчы восенню!

Дзень 25 красавіка быў, здаецца, падобны на многія папярэднія і нічым не вылучаўся. Але на вуліцы Дзяржынскага пад вечар можна было заўважыць, як няспешна рухаліся ў бок дома культуры “Цветліт” людзі сталага веку ў святочных строях – пераважна жанчыны, а часам і мужчыны.

Адчуваўся ў іх нейкі прыўзняты настрой. Яно так і было. У гэты дзень тут адбываўся выпускны вечар навучэнцаў Універсітэта Залатога Веку – праграмы, якая паставіла сваёй мэтай падтрымаць жыццёвую актыўнасць пажылых людзей, не даць ім пракіснуць у чатырох сценах сваіх кватэр.
Валянціна Корзун
Для многіх прысутных вечар нагадваў дні маладосці, калі яны атрымоўвалі дыпломы аб заканчэнні навучальнай установы і накіраванне на працу. Тады на іх тварах свяціліся і весялосць, і заклапочанасць. А цяпер выпускнікі УЗВ адчувалі сябе вольнымі і незалежнымі ад усякіх размеркаванняў і таму радаваліся сустрэчы з новымі сябрамі, якіх тут знайшлі. Калі і хваляваліся, то хіба за тое, як глядзяцца яны ў сваіх уборах, з прычоскамі.
Тут, у фае, і першакурснікі, і ветэраны праграмы знаёміліся з выставай цікавых вырабаў, падрыхтаваных у секцыі “Беларускія вячоркі”, са стэндам аматараў кінамастацтва.
...Памяшканне напаўняецца гамонкай выпускнікоў, галасамі апошніх рэпетыцый, гукамі музычных інструментаў. Усіх аб’ядноўвае адзін агульны прыўзняты святочны настрой.
Тут немагчыма адрозніць, хто наведваў УЗВ першы год, а хто ўжо атрымаў не адно пасведчанне аб яго заканчэнні, наведваючы па некалькі секцый. Спяшаліся, як на любімую работу.
Карэспандэнт секцыі “Залатое пяро” пагутарыў з некаторымі з сёлетнімі выпускнікамі праграмы пра тое, што ім дало наведванне УЗВ, ці спраўдзіліся іх надзеі, якія выношваюць планы. Ахвотна падзялілася сваімі думкамі энергічная першакурсніца Яна Грышаніна (на здымку ніжэй на кампутарных курсах):

 – Вельмі задаволена, што не прасядзела гэты год дома. Часткова засвоіла кампутар і ўжо не баюся да яго дакранацца. Магу ўпэўнена сябе адчуваць з моладдзю ў адносінах да гэтай тэхнікі. Наведвала яшчэ і секцыю англійскай мовы, што дало магчымасць падмацаваць валоданне ёю. А гэта – мова навейшай тэхнікі. Год напоўніўся новымі прыемнымі клопатамі.
– І што, толькі практычныя веды набылі?
– О не! Тут набыла новых, цікавых сяброў, аднавіла сувязі са старымі. Абагацілася духоўна, наведваючы лекцыі, экскурсіі, вечары сустрэч з вучонымі, паэтамі, цікавымі людзьмі, якіх многа ў нашым універсітэце. Наогул атрымала новы імпульс у жыцці.
Яе меркаванні падтрымала сваімі высновамі і назіраннямі Людміла Віннікава (на здымку ніжэй зправа), якая наведвае ўніверсітэт ужо некалькі гадоў:

 – Для мяне заняткі ва УЗВ сталі сапраўдным выратаваннем. Пасля выхаду на пенсію я была ў роспачы, не ведала чым заняцца, месца не знаходзіла, проста захварэла, наступіў нейкі псіхалагічны крызіс. Хоць да доктара было звяртацца. І тут сябры падсказалі, што ёсць такі ўніверсітэт, дзе праводзіцца многа цікавых заняткаў, справаў робіцца. І я пайшла, наведвала 3-4 секцыі, агульныя лекцыі, экскурсіі.
Праходзіла ўсё неардынарна, натуральна, непрымусова, і я ажыла. З’явіліся новыя, цікавыя сябры. Яшчэ дабавілася і грамадскае даручэнне – абралі скарбнікам у кіруючай радзе. Я адчула сябе патрэбнай іншым людзям, справе.
З усімі абавязкамі спраўляцца, канешне, цяжкавата, але я стараюся, і мне шчыра дапамагаюць. Думаю, што так будзе і далей.
Калі гучаць такія добрыя, станоўчыя водгукі аб універсітэце, то многае ў яго дзейнасці звязана з работай выкладчыкаў – кіраўнікоў секцый. Гэта відаць і са словаў Ларысы Гірас (на здымку), кіраўніка секцыі “Адкрыты паказ”:

– З вялікім задавальненнем я працую ў секцыі.
Падрыхтоўка да заняткаў па кінамастацтву дае магчымасць і самой расці, паглыбляць свае веды, а потым дапамагаць і іншым.
У нашай секцы склаўся дружны калектыў аднадумцаў, аб’яднаных цікавасцю да высокага мастацтва.
Спадзяюся і ў наступным годзе працаваць у гэтай секцыі.
З’яўляюцца новыя ідэі і планы.


Гутаркі з многімі навучэнцамі "Універсітэта Залатога Веку" выявілі задавальненне яго працай, жаданне наведваць яго і ў будучым.

Іван Буднік

No comments:

Post a Comment