14 August 2012

Хутка пачнецца набор слухачоў УЗВ на 2012/2013 год

Прыём заяваў пачнецца з 3 верасня. Анкеты на ўдзел у праграме чацьвёртага акадэмічнага года будуць запаўняць як слухачы, якія жадаюць працягваць удзел у ёй, так і новыя кандыдаты.

Сёлетні адбор будзе складацца з двух этапаў. Спачатку ўсе ахвотныя браць удзел у занятках "Універсітэту Залатога Веку" запоўняць анкеты-заяўкі, а затым адбудзецца некалькі групавых суразмоваў-прэзентацый, па выніках якіх будзе сфармаваны спіс слухачоў УЗВ на 2012/2013 акадэмічны год.
У час прэзентацый будуць прадстаўленыя секцыі, якія будуць працаваць у межах УЗВ, прадстаўлена канцэпцыя працы Праграмы, а таксама ўмовы ўдзелу ў ёй. Расклад прэзентацый-суразмоваў з'явіцца ў пачатку верасня.
Дадатковую інфармацыю пра набор слухачоў на 2012/2013 акадэмічны год можна атрымаць па тэл. 75-71-72 (грамадскае аб'яднанне "Цэнтр "Трэці сектар"), а таксама (8-029) 284-77-99 (Лана Руднік, кіраўнік Праграмы УЗВ).

13 August 2012

Прадстаўнікі УЗВ запрошаныя на сустрэчу Еўрапейскай Федэрацыі сталых студэнтаў

Чарговая сустрэча гэтай арганізацыі, у склад якой уваходзяць арганізацыі з розных еўрапейскіх краін, адбудзецца 4-6 кастрычніка ва Ўроцлаве (Польшча).

Федэрацыя была створаная ў 1990 г. Яе мэтамі з'яўляюцца пашырэнне доступа сталых людзей да акадэмічнай адукацыі, развіццё супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, якія працуюць у сферы адукацыі сталых.
Дэлегацыя УЗВ будзе мець магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю Федэрацыі, каб у будучым, магчыма, таксама ўступіць у яе шэрагі.