27 May 2013

Наталля Камок: “УЗВ – гэта маленькае жыццё”

Ці магчыма ператварыцца ў сапраўдную бізнэс-ледзі, выйшаўшы на пенсію? Якія складнікі асабістага поспеху? Хто яна – гаспадыня свайго жыцця? Пра гэта і не толькі – у інтэрв’ю з вядучай секцыі “Уласная справа” Наталляй Камок.


- Раскажыце крыху пра сябе. Як Вы трапілі ва УЗВ?
- Псіхолаг, бізнес-трэнер, індывідуальны прадпрымальнік. Актыўная, пазітыўная паненка:) Спачатку быў трэнінг для трэнераў, у якім я ўдзельнічала, потым трэнінг "Як адкрыць уласную справу", які мы вялі з Наталляй Сарокай, і вось цяпер "Універсітэт Залатога Веку"
- Раскажыце аб Вашых першых кроках у кар'еры. Як яны Вам даліся?
- Першыя прафесійныя крокі - гэта праца псіхолагам у школе. Усё было лёгка, таму што я атрымала тую прафесію, якую хацела. І ўсё ж заўсёды ведала, што школа - гэта часовы этап. Таму праз 4 гады лёгка адтуль сышла, і пачала працу ў новай сферы.

- Што дае Вам праца са сталымі людзьмі? Навошта Вам гэта патрэбна?
- УЗВ - вельмі важны і цікавы праект. У ім працуюць захопленыя людзі, і такія ж захопленыя студэнты. Быць разам з такімі людзьмі - гэта вялікая радасць, натхненне.
- Гэта Ваш першы год працы ва УЗВ. Першы блін не выйшаў комам? Якія асабістыя поспехі і поспехі навучэнцаў Вы можаце адзначыць?
- Думаю, што для першага года працы мы добра папрацавалі. Двое нашых студэнтак актыўна займаюцца сваёй уласнай справай і зарабляюць на гэтым грошы. А самае важнае, што вынесла для сябе – гэта новы досвед.
- Як вам працуецца з такой узроставай катэгорыяй? Якія асаблівасці, складанасці, звязаныя са спецыфікай Вашай секцыі?
- Працавалася лёгка, бо студэнты заматываваныя сваімі ўласнымі патрэбамі і інтарэсамі. Пры гэтым яны вельмі адкрытыя, любую інфармацыю ўспрымаюць як губка. З велізарным задавальненнем дзеляцца сваімі думкамі, досведам, дапамагаюць адзін аднаму. Складанасць у тым, што заняткі вельмі ўзаемазвязаны адзін з адным, і калі хтосьці адсутнічае, то пасля даводзіцца вяртацца да пройдзенага матэрыялу. Мы знайшлі выйсце з гэтай сітуацыі, і напісанне бізнес-плана разглядалі на прыкладзе бізнес-ідэй двух самых актыўных нашых студэнтак Вольгі Шушлаковой і Галіны Сак. Яны на занятках былі заўсёды
Галіна Сак - адна з самых паспяховых слухачак "Уласнай справы"
- Якімі навыкамі і якасцямі павінна валодаць бізнэс-ледзі? Ці залежыць гэта ад узросту?
- Ёсць такая фраза "З вечара я планую свой заўтрашні дзень, а з раніцы раблю усякае глупства". Дык гэта не пра бізнес-ледзі! Вось для яе, як раз-такі, важныя мэтанакіраванасць і арганізаванасць, каб з раніцы пачаць рабіць тое, што запланавана з вечара.
- На Вашую думку, хто яна – гаспадыня свайго жыцця?
- Мне здаецца гэта асоба, якая жыве сваімі жаданнямі. І я маю на ўвазе не дробныя, імгненныя жаданні, а глыбінныя, шчырыя, сапраўдныя. Калі выбіраеш прафесію, тую, якую хочаш ты, а не твае бацькі, калі праца падабаецца настолькі, што чакаеш панядзелка, калі маеш зносіны, сябруеш, любіш тых людзей, з кім табе сапраўды добра!
- Што для Вас ёсць поспех у жыцці? З чаго ён складаецца?
- Насычанае, актыўнае, цікавае жыццё. Задавальненне ад усяго таго, што адбываецца ў маім жыцці.
- Што дапамагае Вам быць паспяховай жанчынай у бізнэсе?
- Я люблю сваю працу. Я люблю людзей!
- Што Вам падабаецца больш за ўсё ў Вашай справе?
- Новая, практычна не занятая ніша ў нашым горадзе. Маса магчымасцяў для развіцця. Вялікая колькасць кантактаў. Людзі - гэта пастаянная крыніца натхнення!
- На Вашую думку, што такое Універсітэт Залатога Веку?
- УЗВ - гэта маленькае жыццё, гэта вельмі жывы праект!
На выпускной вечарыне УЗВ-2013

- Што Вы хацелі б пажадаць навучэнцам УЗВ?
- Моцнага здароўя, фізічнага і маральнага, натхнення, ажыццяўлення задуманага!

Воля Корсун

No comments:

Post a Comment