21 May 2013

Развітацца, каб сустрэцца зноў…

   Вось і яшчэ адзін навучальны год ва УЗВ стаў гісторыяй. Якім ён застанецца ў памяці слухачоў, чым быў адметны для кожнага з удзельнікаў праграмы і для ўсіх нас?


   Асабліва цікава, мне падалося, даведацца пра гэта ў тых, хто быў слухачом УЗВ напрацягу некалькіх гадоў. Звярнулася да вядомых сваім маладым запалам, актыўнай жыццёвай пазіцыяй слухачоў УЗВ да спадарыні Валянціны Звярынскай (на здымку ў цэнтры)  і спадара Івана Будніка (на здымку зправа).


   З вялікай павагай і ўдзячнасцю яны распавядалі аб тым, як цікава было на занятках, якія праводзіў кіраўнік секцыі “Залатое пяро” спадар Вітаўт Руднік.
   Матэрыялы, якія падрыхтаваны напрацягу навучальнага года для кожнага навучэнца гэтай секцыі, можна выдаваць, атрымаецца добрая кніжка-дапаможнік для тых, хто зацікавіўся журналістыкай.
  Адказна і сумленна спадарыня Валянціна і спадар Іван выконвалі рэдакцыйныя заданні. Спадабаліся ім тыя агульныя мерапрыемствы, якія паказалі, як многа таленавітых людзей сярод слухачоў, а таксама тыя, дзе ўдзельнічалі самі.
    Для Івана Будніка, вельмі адукаваннага ў гістарычным плане чалавека, гэты год быў адметны яшчэ і тым, што вялікая праца па напісанні ім кнігі завершана. Спадзяёмся, што ў наступным навучальным годзе адбудзецца презентацыя гэтай кнігі для слухачоў УЗВ.
   Словы ўдзячнасці прагучалі і ў адрас маладой выкладчыцы польскай мовы спадарыні Алёны Калько, у якой займаліся і спадарыня Валянціна і спадар Іван.
Добра ацэнваюць яны і працу органаў самакіравання УЗВ. З асаблівай цеплынёй спадарыня Валянціна ўспамінала заняткі секцыі “Псіхалогія здароўя” і выдатнага, на яе погляд, выкладчыка спадара Аляксандра Колышка.
   Ёсць справы, якія мае суразмоўцы мараць рэалізаваць у новым навучальным годзе. Напрыклад, для спадарыні Валянціны – гэта напісанне радавода, што так важна, перш за ўсё, таму, што аб гэтым папрасіў маці сын.
Спадарыня Таццяна Таранка (на здымку) займалася ва УЗВ першы год. Асоба актыўная, яна спачатку вельмі непакоілася аб тым, як ёй жыць пасля выхаду на пенсію. 

УЗВ дапамог даволі лёгка прайсці адаптацыю да новых умоў жыцця. Таццяна спачатку зацікавілася двума накірункамі дзейнасці, а потым сама не заўважыла, як пачала наведваць пяць секцый.

Сярод усіх асабліва захапіла дзейнасць секцыі “Мода і стыль”, дзе многаму навучылася, многа даведалася, а яшчэ знайшла новых сябровак і сустрэлася, як сцвярджае, з непаўторнай, таленавітай, добрай, прыгожай кіраўнічкай спадарыняй Ірынай Новік.
У планах спадарыні Таццяны працягваць навучанне і ў наступным годзе.

Красавіцкае сонейка было ветлівым да тых, хто ўдзельнічаў у апошняй сустрэчы-экскурсіі. Слухачы, як сапраўдныя студэнты, радаваліся, што пачынаюцца канікулы, але і сумавалі таму, што ўсё лецейка не будуць бачыць людзей, якія ўжо з’яўляюцца часткай жыцця кожнага. Але мы развітваемся, каб сустрэцца зноў.


Марыя Станіславіч 

Фота аўтара

No comments:

Post a Comment