Выйшла ў свет кніга нашага слухача “Універсітэту Залатога Веку” Івана Будніка “Да падзеяў 1863 – 64 гадоў на Гарадзеншчыне”. З гэтай нагоды мы звярнуліся да аўтара, каб спытаць, што адбывалася па-за межамі кнігі падчас яе напісання.
Іван Буднік у цэнтры
Спадар Іван, як доўга Вы ішлі да гэтай кнігі?
Думка з’явілася болей дзесяці гадоў, але не было часу. З’явілася таму, што з размоваў зразумеў, што жыхары раёна дрэнна ведаюць удзельнікаў і кіраўнікоў паўстання, толькі называлі 3-5 чалавек – гэта ў Гродне і Гродзенскім раёне. Кніжкай заняўся дзесьці год-паўгода таму. Спытаў у выдавецтве, ці плануюцца якія-небудзь кнігі, прысвечаныя пытанню паўстання, мне адказалі, што ніхто не ведае, ніхто нічога не выдае. Тады я тэрмінова заняўся гэтай кніжкай, а то будзе прабел нейкі, не ганарова будзе гродзенцам, калі нічога не будзе напісана.
Чаму Вы абралі такую тэму?
Хацелася б сказаць, што тэма паўстання вельмі абшырная і яе спрабуюць і так і гэтак павярнуць, і што гэта не наш, не беларускі дух быў і што гэта змагалася толькі шляхта, што не народ паднімаўся ўвесь. Вось такія няўстойлівыя ацэнкі трэба разбураць. Паўстанцы гэта не нацыяналісты. Той жа Каліноўскі. Ён жа за Беларусь змагаўся, за лепшую долю, за незалежнасць. Вось гэта і трэба прапагандаваць.
Вы сябе адчуваеце пісьменнікам-гісторыкам?
Не. Проста стараюся працаваць і ўсё, і ніякіх адчуванняў. Адчуванне такое: штосьці зрабіў карыснае і калі яно падалося добрым, то і мне добра. А калі хтосьці лічыць, што не вельмі, то што зробіш. Хацелася б, каб было добра.
Можаце ўзгадаць самы ўражваючы момант у час працы над кнігай?
Вось некалькі момантаў, калі чытаў адказы на следстве падсудных Сільвестровіча, Каменскага, Заблоцкага і інш., то адчувалася, наколькі яны адданыя ідэі вызвалення, проста сябе і сваё жыццё ахвяравалі дзеля гэтага вызвалення. І ніхто не думаў аб якім-небудзь абагачэнні ці славе, проста пачэсна выконвалі сваю справу. І яшчэ звярнуў увагу на тое, як самаахвярна змагаліся маладыя хлопцы гадоў 20-25 (напрыклад, Віктар Гласка або Сігізмунд Урублеўскі), іх прозвішчы проста называлі гісторыкі, чыста інфармацыйна, і далей ніхто нічога не ведаў пра іх. А аказваецца, яны жылі тут, самыя мясцовыя хлопцы, і не думалі яны, каб тут абагаціцца маёнткамі, а ішлі ў паўстанцы па загаду свайго сэрца. Віктар Гласка, напрыклад, атрымаў па спадчыне ад дзядзькі маёнтак Жукевічы, але проста не паспеў стаць яго паўнаўласным уладальнікам (пачалося паўстанне). І ён пайшоў у атрад, стаў добрым камандзірам, яму прысвоілі званне маёра і паспяхова змагаўся. А затым многія паўстанцы правялі шмат гадоў у ссылках або ў эміграцыі, перанеслі многа выпрабаванняў і за межамі краіны. Але зноў вярталіся сюды, хоць іх тут і абмяжоўвалі ў правах, і пад нагляд паліцыі назначалі, і ў турме сядзелі пасля эміграцыі. Вось гэта вельмі ўсхвалявала. А яшчэ ўразілі паводзіны расійскіх карных каманд, якія праводзілі “зачыстку” нашых зямель ад іх жыхароў: палілі вёскі, жыхароў высялялі ў глыб Расіі.
Што Вас натхняе пры напісанні?
Цяжка сказаць. Мне хацелася проста адрадзіць, аднавіць, вярнуць людзям тыя імёны людзей, якія змагаліся. Я адшукаў пакуль 242 прозвішчы, можа іх быць больш. Змясціў іх у кніжцы, паказаць людзям, наколькі яны былі ахвяравальныя, самаадданыя.
Ці паўставалі складанасці пры выдавецтве кнігі?
Такіх цяжкасцей не было. Добрую падтрымку аказаў шчыры беларус Сяргей Паўлавіч Зылькоў. Калі мы завялі размову і паказаў я яму вось гэты праспект (раней падрыхтаваную кніжку), той адказаў, што добра, падтрымаем, гэта патрэбная рэч. І выдаўцы паглядзелі, пагарталі, пагадзіліся. Добрая патрымка.
Хто для Вас сапраўдны беларус?Які ён?
Тут цяжка сказаць, над гэтым я не думаў. Такіх многа людзей ёсць. Напрыклад, такія як Касцюшка, Каліноўскі, Іван Луцкевіч, якія дзеля незалежнасці жылі. Ды і жыццё ахвяравалі. І такія волаты, як Купала або акадэмік Карскі, якія жылі дзеля нашай Беларусі, яе культуры.
На Вашу думку, што можа зрабіць кожны гарадзенец для Гародні?
Мне здаецца – дабівацца, патрабаваць вяртання нашай страчанай культурнай спадчыны. Паглядзіце, колькі ў нас разбурана, трэба дамагацца, каб аднавілі тое, што было, каб Гродна стаў еўрапейскім горадам, такім, якім ён і быў. Тое, што зрабілі з Савецкай плошчай – гэта жах, пустыня, а трэба было б яе адрадзіць і іншае страчанае, давесці да ладу тыя замкі. Хто з лапатай, хто подпісам, хто рубель які пакладзе, але рабіць трэба тое, каб адрадзілася нашая старажытная Гародня.
No comments:
Post a Comment