02 May 2013

Гэта было адчуванне свята

Працягваем публікаваць уражанні нашых слухачоў - удзельнікаў міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай актывізацыі сталых людзей, якая адбылася 29-30 сакавіка на базе нашай праграмы.  Марыя Станіславіч у час гэтага мерапрыемства актыўна вывучала досвед нашых суседзяў з Брэста.


Вечар 28 сакавіка 2013 г. Дом культуры прадпрыемства “Цветліт”. Адчуванне свята. Дзве прыгожыя жанчыны ўсміхнуліся мне так, нібыта мы былі даўно знаёмыя з імі.
“Вось якія цудоўныя! Цікава, адкуль яны прыехалі? Вось бы мне такіх суразмоўцаў для выканання задання, якое мы, слухачы секцыі “Залатое пяро”, атрымалі ад свайго кіраўніка -падумала я і адразу забылася пра гэта, таму што хвалі канферэнцыі ўжо неслі мяне ўперад і адкрывалі ўсё новыя вочы, твары, постаці, новыя пачуцці…

А раніцай наступнага дня я ўбачыла Вольгу Есмановіч (на здымку) з Брэста, якая была некалькі месяцаў таму ў нас ва УЗВ на стажыроўцы. Мне тады яна вельмі спадабалася сур’ёзным падыходам да справы, тымі пытаннямі, якія яе цікавілі пад час знаёмства з нашым вопытам работы, а яшчэ маладосцю і прыгажосцю…
Нашым суседзям – брэстчаўчанам, якія займаюцца праблемамі інтэлектуальнай, сацыяльнай і фізічнай актывізацыі сталых людзей, вельмі пашанцавала, таму што гэтая справа у горадзе над Бугам вырашаецца комплексна.
Па-першае, яшчэ у 2011 годзе гарадскі выканаўчы камітэт зацвердзіў сваім рашэннем Інстытут Трэцяга ўзросту як эксперыментальную пляцоўку па выкарыстанню новых форм сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а па-другое, гэты Інстытут створаны ў выніку ўзаемадзеяння Тэрытаріяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна Брэста і сацыяльна-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага універсітэту імя А. С. Пушкіна.

Цікава было слухаць і бачыць прэзентацыю Вольгі Міцюковай і Вольгі Есмановіч па тэме “Інстытут Трэцяга Узросту як інавацыйная мадэль сацыяльна- псіхалагічнай падтрымкі асоб сталага ўзросту”. (Фота Вольгі Міцюковай і Вольгі Есмантовіч)
Вольга Есмановіч (злева) і Вольга Міцюкова
Дзевяць накірункаў працы ахопліваюць тыя сферы дзейнасці, якія рэкамендованы навукоўцамі і запатрабаваны ў слухачоў сталага ўзросту, а гэта: адукацыйны накірунак, рэдактарскі, фізічнай актыўнасці, творчыя майстэрні, гісторыка-краязнаўчая дзейнасць, эстэтычнага здароў’я, музычна-тэатральны накірунак, вольны час і культура, маральна-духоўны. Вялікую цікавасць у прысутных выклікалі думкі, выказанныя Любоў’ю Цыбаевай, кандыдатам псіхалагічных навук, дацэнтам кафедры псіхалогіі псіхолага-педагагічнага факультэта Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта па праблеме сацыяльна-псіхалагічных асаблівасцей перажывання адзіноты ў групах сталых людзей.
Любоў Цыбаева разам з кіраўніком Універсітэту Трэцяга Ўзросту пры Уроцлаўскім універсітэце (Польшча) Аляксандрам Кабыляркам

Наталля Аляхно
Нібы працяг навуковых даследаванняў спадарыні Цыбаевай стала выступленне Наталлі Аляхно, студэнткі 6-га курса факультэта педагогікі і псіхалогіі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверстэта.
Выступ меў практычны характар, дэманстраваў разнастайныя формы і метады псіхалагічнага суправаджэння ў перажыванні жаночай адзіноты, якія выкарыстоўвае таленавіты кіраўнік у сваёй працы са сталымі людзьмі.


У неардынарнасці падыходаў брэстчан у вырашэнні праблем, якія абмяркоўваліся падчас канферэнцыі, яшчэ раз можна было пераканацца, калі удзельнікі пачулі паведамленне маладога выкладчыка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта , супрацоўніка навукова-метадычнага цэнтра “Школа-Сям’я” Ірыны Кавалевіч.

Яе навуковая праца “Рэалізацыя прабацькоўскай ролі ў сталым узросце” напоўнена вялікім чалавечым цяплом, любоў’ю да тых пакаленняў, якія ўжо зыходзяць, але яны з’яўляюцца тым фундаментам, на якім вырастаюць, жывуць, дзейнічаюць новыя пакаленні.
Аб гэтым , выкарыстоўваючы вопыт сваёй сям’і , узнесла і эмацыйна гаварыла Ірына Кавалевіч, з якой слухачам нашага ЎЗВ ужо пашанцавала пазнаёміцца раней, таму што ў мінулым навучальным годзе яна была запрошана кіраўнікамі нашай праграмы для правядзення трэнінга для слухачоў УЗВ.
Ірына Кавалевіч

Дарэчы, ветлівыя жанчыны, якіх я запомніла ў першы вечар яшчэ да пачатку асноўных мерапрыемстваў канференцыі, гэта якраз і былі Любоў Цыбіна і Наталля Аляхно!
Здаецца, нам было вельмі прыемна знаходзіцца побач у час канферэнцыі, бо знайшлося вельмі шмат тэм, якія былі цікавымі для нас усіх.

Упэўнена, што будуць новыя сустрэчы, усё ж мы суседзі, справу робім агульную, важную. Трэба вучыцца адзін у аднаго.

Развітваючыся, запытала у Любові Цыбінай і ў Ірыны Кавалевіч, што на канферэнцыі ім спадабалася і вось як яны адказалі на гэтае пытанне:

Нам спадабалася арганізацыя мерапрыемства. Пачынаючы з моманту, калі ўдзельнікі канферэнцыі прыехалі ў горад, і да апошняй хвіліны мы ўсе адчувалі клопат і ўвагу да сябе.


Былі здзіўлены складам ўдзельнікаў не толькі геаграфічным, здзіўлялі і прыцягвалі да сябе ўвагу праблемы і іх вырашэнне ў розных краінах, узровень дакладаў, якаснае тэхнічнае суправаджэнне. Нельга не сказаць і аб тым, што добра была арганізавана работа прэсы.
Атмасфера на канферэнцыі была душэўная, пазытыўны настрой удзельнікаў спрыяў таму, што выяўлены новыя праблемы, узніклі новыя ідэі, якія будуць вырашацца ўжо праз супрацоўніцтва ўсіх зацікаўленых асобаў і арганізацый у межах международнай сеткі, стварэнне якой было ініцыявана на канферэнцыі, і ў якую ўвайшлі тыя людзі, якіх сапраўды хвалюе і цікавіць лёс сталага насельніцтва.
Тэкст і фота Марыі Станіславіч
Відэа: Юльян Парэмскі

No comments:

Post a Comment