28 April 2013

Прывiтанне з красавіцкага лесу, або наша маленькае падарожжа

Як заўсёды ў канцы навучальнага года слухачы “Унiверсiтэту Залатога Веку” выехалi ў падарожжа па ваколіцах Гродна. Гэтым разам наш шлях ляжаў на фарты , якія захаваліся з часоў I Сусветнай вайны.


Ужо ў аўтобусе адчуваўся прыўзняты настрой і прадчуванне свята. Дарога была нядоўгая, бо фарты знаходзяцца недалёка ад горада . І вось мы ў красавіцкім лесе.

 З-пад кожнага леташняга зморшчанага лісціка выглядаюць пралескі.

Бяроза заплаканая сокам - слязьмі.

Вось і фарты, велiчэзныя, парослыя мохам і дрэвамі, з цёмнымі праваламі ўваходаў і з пахам вільгаці і трывогі - ўнутры.

Здавалася, што гэта збудаванні іншапланетнага розуму.

Віктар Кірэеў грунтоўна і падрабязна распавядаў нам гісторыю кожнага форта. І, як заўсёды, яго апавяданні былі захапляльныя, з многімі цікавымі і нечаканымі дэталямі.

Наша дарога не заўсёды была лёгкай. Часам з цяжкасцю, але таксама і са смехам, дапамагаючы адзін аднаму, мы ўзбіраліся на горкі і сцены фартоў і спускаліся ўніз.

Нават занялі абарончую пазіцыю за сценамі апошняга з фартоў.

Шмат у каго з сабой былі фотаапараты і мы фатаграфавалі адзін аднаго.

І вось апошнi прыпынак на беразе Юбілейнага возера. Усе прагаладалiся і імправізаваны стол быў накрыты вельмі хутка.
Ларыса, як сапраўдная гасцінная гаспадыня, не паспявала падаваць бутэрброды. Добрыя словы і пажаданні адзін аднаму былі чутныя з усіх бакоў…

І вось апошнi здымак на развітанне на фоне Юбілейнага возера. Да сустрэчы ўвосень!

 

Вольга Анціпава
Фота аўтара

No comments:

Post a Comment