14 December 2012

Урокі польскай

Ад самага пачатку працы "Універсітэту Залатога Веку" яго слухачы маюць магчымасць вывучаць замежныя мовы. У іх ліку - польскую. Нязменнай вядучай гэтай секцыі з'яўляецца Алена Калько (на здымку), якая і стала чарговай гераіняй цыклу інтэрв'ю з выкладчыкамі УЗВ, які рыхтуюць удзельнікі секцыі "Залатое пяро".
- Алена, скажыце, чым выклікана вашае жаданне стаць педагогам? 
- Да педагогаў я сябе, шчыра кажучы, ніколі не адносіла, хутчэй да выкладчыкаў, да тых, хто дзеліцца сваімі ведамі, без выхаваўчых момантаў. Хоць адукацыя ў мяне і педагагічная, але гэта спецыфіка ВНУ.
 - Дзе вы атрымалі адукацыю?
- У нашым купалаўскім універсітэце. Я скончыла славянскае аддзяленне філалагічнага факультэта ГрДзУ ім. Я. Купалы і магістратуру пры ім.


- Чаму менавіта польская мова?
- Я і сама сабе не магу адказаць на гэтае пытанне. Заўсёды спрабавала вучыць англійскую, але, відаць, перспектыва выкарыстання яе ў жыцці была вельмі няяснай. А Гродзеншчына такі рэгіён, дзе польская мова – сродак зносін, гэта і стала, відаць, вырашальным фактарам.
А цікавасць да польскай культуры развівалася падчас навучання, асабліва візітаў у Польшчу.
- З якой мэтай вы ездзілі ў Польшчу?
- Навучальнай праграмай прадугледжваюцца розныя практыкі ў польскіх ВНУ. Такім чынам у мяне атрымалася трапіць у шматлікія гарады – Гданьск-Гдыня-Сопат, Варшава, Седльцэ, Люблін і інш, наведаць памятныя мясціны, звязаныя з вядомымі палякамі, і наведаць мноства музеяў. Зараз мае паездкі набылі характар больш прыземлены, але не менш насычаны інфармацыяй.
- Якія ў вас найбольш яркія ўражанні ад гэтай краіны?
- Першы раз я прыехала ў Польшчу летам на практыку ды яшчэ на Балтыйска мора ў тройгорад – Гданьск- Гдыня-Сопат. Гэта быў стан дзікога захаплення. Усё падавалася казачным.
- Ці працавалі вы ў школе? Ці можаце назваць розніцу ў падыходзе да вучняў у школе і слухачоў УЗВ?
- У школе я была на практыцы – гэта абавязковая частка навучальнай праграмы ва ўніверсітэце. Атрымала ўяўленне пра жыццё школы з боку настаўніка, і магу сказаць, што розніца ў падыходзе да вучняў у школе і да слухачоў ва УЗВ вялізная. У школе вучні скіраваныя на пасіўнае ўспрыняцце інфармацыі, часта ў фонавым рэжыме, асабліва калі па прадмеце няма экзамена, таму настаўнік вымушаны выкладацца на 200%, аднак пры гэтым не чакаючы выніку. Слухачы УЗВ прыйшлі за ведамі, уменнямі, яны больш ініцыятыўныя, і тут выкладчык выкладаецца на 200%, але пры гэтым вынік не прымушае сябе чакаць.
Алена Калько атрымлівае віншаванні на выпускной сустрэчы УЗВ у красавіку 2012 г.

- Ведаючы вас другі год, я звярнула ўвагу на вашу вельмі сур’ёзную падрыхтоўку да кожнага занятка (дыдактычны матэрыял, схемы, табліцы, плакаты). Вам хтосьці дапамагае ў гэтым або вы ўсё робіце самі?
- Дзякуй, прыемна, што заўважаюцца мае высілкі і старанні. Я рыхтуюся самастойна. Вельмі перажываю, калі атрымліваюцца замінкі. Спадзяюся, нашыя заняткі будуць усё больш інтэрактыўнымі, больш насычанымі аўдыё- і відэаматэрыяламі.
З слухачкамі секцыі польскай мове на Каляднай вечарыне

- Ці задаволеныя вы сваёй працай ва УЗВ? Калі так, што вас захапляе?
- Я задаволеная, што ўдзельнічаю ў гэтай незвычайнай праграме УЗВ. Праца звязаная перш за ўсё з людзьмі старэйшага пакалення, а ў кожнага свой лёс, свой погляд, свае веды, у тым ліку прафесійныя, што не можа не ўзбагачаць інтэлектуальны патэнцыял.

Гутарыла Валянціна Звярынская (на ніжнім здымку сядзіць злева)

No comments:

Post a Comment