Я
заўсёды хацела даведацца, што захоўвае мой бацька ў чамадане, які стаяў пад
яго ложкам, і замкі якога былі зачыненыя маленькім ключыкам. Нават дакранацца
да чамадана было нельга.
У пачатку навучальнага года, калі я пайшла ў пяты клас і ў нас пачалося вывучэнне замежнай мовы, бацька паклікаў мяне, адкрыў свой чамадан, дастаў тоненькую кніжачку і сказаў: «Трымай. Можа, спатрэбіцца.У часе акупацыі немцы насельніцтву раздавалі». Гэта быў слоўнічак найбольш часта ўжывальных нямецкіх слоў. З гэтага слоўнічка і пачалося маё знаёмства з мовай, якую мне было цікава вывучаць і ў школе, і ў ВНУ... Праўда, пахваліцца яе веданнем, на жаль, не магу, хоць слоў памятаю шмат. І вось у сваім элегантным узросце зноў узялася за навуку ва Ўніверсітэце Залатога Веку (УЗВ).
Чаму
ж, столькі гадоў вывучаючы замежную мову, мы так і не
можам на ёй
загаварыць? У пошуках адказу на гэтае пытанне, я звярнулася за інтэрв'ю да Алы
Віктараўны
Чучва, выкладчыцы нямецкай мовы ў УЗВ.
– Ала Віктараўна, у якім узросце ў вас з'явілася цікавасць да вывучэння нямецкай мовы? Успомніце
сваіх школьных настаўнікаў.
–
Нямецкую
мову
пачала вывучаць, як і ўсе, – у школе. Жыла я
ў сельскай мясцовасці. На жаль, мой першы настаўнік не быў спецыялістам. Потым
гэта доўга мне перашкаджала, таму што набытае вымаўленне было, скажу так,
спецыфічным. Прыйшлося шмат працаваць, каб перавучыцца, але мне пашанцавала: у
6-м
класе я патрапіла ў клас да заслужанага настаўніка
Віктара
Іванавіча
Астапенка. Менавіта ён разгледзеў, што ў мяне ёсць і цікавасць да вывучэння
мовы, і здольнасці.
– Калі вы вырашылі звязаць сваё жыццё з выкладаннем
нямецкай мовы? Што было галоўнай матывацыяй для такога рашэння?
–
Спачатку было проста цікава вучыцца. А ў выпускным
класе
да нас прыехалі прадстаўнікі Мінскага інстытута замежных моў (гэта
называлася “прафарыентацыя”),
распавялі пра навучальную установу,
аб магчымасцях, якія даюць чалавеку веды замежнай мовы. Я ўяўляла сабе іншыя
краіны, марыла аб падарожжах і загарэлася жаданнем вучыцца ў гэтай ВНУ.
Паступіла на завочныя падрыхтоўчыя курсы. Старанна выконвала ўсе заданні, а
калі нешта не магла адолець сама, звярталася за дапамогай да Віктара Іванавіча.
Скончыла школу і падрыхтоўчыя курсы і адразу ж паступіла ў інстытут. Гэта было
першай перамогай.
– Вядома, што вучыцца на факультэтах замежнай мовы
няпроста, а ў нямецкай мове яшчэ і такая складаная граматыка. Як вы спраўляліся
з гэтым?
–
Мая радасць і гонар з нагоды паступлення ў ВНУ, які заўсёды быў прэстыжным, на
першым жа курсе змянілася трывогай і няўпэўненасцю ў сабе. Я хутка зразумела,
што мае веды нашмат ніжэйшыя за тыя, якімі валодалі выпускнікі гарадскіх школ з
паглыбленым вывучэннем замежнай мовы. Мой слоўнікавы запас быў бядней, было складана
спраўляцца з велізарным аб'ёмам матэрыялу. Але я не здавалася! Вучыла тэмы на
памяць, адказвала, баючыся, што мяне спыняць якім-небудзь пытаннем, і я ўсё
забуду. Комплексы былі страшныя. І аднойчы здарылася ...
Наш выкладчык Пётр Антонавіч Барташ выклікаў мяне адказваць чарговую тэму. Я пачала
балбатаць, гледзячы ў столь, баючыся спыніцца ці
спатыкнуцца і раптам пачула: “Ала, сапраўды сёння добрае надвор'е?”.
Я пагадзілася з выкладчыкам і раптам спалохалася
ад таго,
што ўжо не памятаю абсалютна нічога з вывучанага.
Зразумеў
Антон Пятровіч не толькі мае праблемы. Ён сабраў групу з 8 першакурснікаў, якія
хацелі ведаць мову, але адчувалі цяжкасці, і пачаў
займацца з намі дадаткова. Колькасць выдаткаванай працы ператварылася ў якасць:
спачатку я адчула, што мне лягчэй запамінаць словы, складаць асэнсавана тэксты
на зададзеную тэму, потым прыйшло разуменне таго, што ўжо магу думаць на
нямецкай. Інстытут быў скончаны выдатна. У маім
чырвоным дыпломе, якім я ганаруся, не толькі мая праца, але і намаганні педагога
Пятра Антонавіча Барташа, пра што я памятаю заўсёды.
– Як вы маглі б вызначыць методыку, якую паспяхова
выкарыстоўваў ваш
педагог? Ці ўжываеце вы ў сваёй практыцы гэты вопыт?
–
Мова –
гэта камунікацыя. Пётр Антонавіч валодаў методыкай, якая мела камунікатыўную
накіраванасць, забяспечвала разняволеную свядомасць,
без якой складана загаварыць на чужой мове. Першыя
гады працы ў школе былі праблемнымі. Мае ўрокі не вельмі падабаліся кіраўнікам
школы. Магчыма, я
б поўнасцю
расчаравалася ў прафесіі, але мне зноў пашанцавала: на планавай
праверцы школы спецыялісты з інстытута павышэння кваліфікацыі ацанілі высока
мае ўрокі. Гэта дапамагло паверыць у сябе, і я пайшла працаваць у іншую
ўстанову адукацыі – у гімназію № 1 г. Гродна, дзе падыход да выкладання ўсіх прадметаў быў ужо далёкі
ад традыцыйных методык, у гімназіі актыўна ўкараняліся новыя і сучасныя
тэхналогіі навучання.
– Ала Віктараўна, многія з тых, хто вывучае замежную
мову, а тым больш выкладаюць яе, імкнуцца
пабываць у краіне гэтай мовы, каб адчуць рэальную моўную і культурную
атмасферу. А які ваш досвед “пагружэння” у
моўнае асяроддзе?
–
Першы мой досвед “пагружэння” быў такім. На 4 курсе інстытута
некалькі самых паспяховых студэнтаў былі накіраваны на моўную практыку ў
Лейпцыг. Гэта было так адказна і ганарова! Эйфарыя змянілася дыскамфортам
адразу ж, як толькі мы сустрэліся з нямецкімі студэнтамі. Я шмат чаго не
разумела з таго, аб чым мяне пыталіся, і ў першы дзень вельмі разгубілася. Жах,
шок –
вось пачуцці, якія я адчула тады. Толькі праз тры дні ўсё прыйшло ў норму:
псіхалагічны бар'ер быў пераадолены. З той пары я заўсёды з вялікім
задавальненнем выкарыстоўваю любую магчымасць акунуцца ў рэальнае
моўнае асяроддзе:
паездкі з групай у якасці гіда-перакладчыка, паездкі ў Нямеччыну і прыём гасцей
з Германіі ў рамках культурных абменаў, паездкі да сяброў і г.д.
– Вы шырока
выкарыстоўваеце ў выкладанні тэхнічныя сродкі навучання, скажыце, наколькі гэта
важна? Ці можа тэхніка з яе магчымасцямі наогул замяніць педагога?
– Тэхнічныя сродкі навучання вельмі важныя. Яны
дапамагаюць эканоміць час, больш эфектыўна размеркаваць і вывучыць матэрыял.
Яны дазваляюць актывізаваць і ўключыць візуальнае ўспрыманне, слых. Ці зможа
тэхніка наогул выцесніць педагогаў? Тэарэтычна ў наш век тэхнічнага прагрэсу
гэта магчыма. А вось ці трэба? “Самая вялікая
каштоўнасць –
каштоўнасць чалавечых зносін”.
Вось я вам распавядала пра людзей, якія згулялі важную ролю ў маёй
адукацыі. А калі б іх не было?..
– Вашы цяперашнія вучні – слухачы УЗВ і студэнты універсітэта. Чым,
па-вашаму, яны падобныя, што іх адрознівае? Не шкадуеце вы, што пагадзіліся
выкладаць мову людзям, у кожнага з якіх вялікі жыццёвы досвед?
–
Мне здаецца, што падобныя яны сваім маладым запалам, уменнем шанаваць жарт. А
адрознівае слухачоў УЗВ ад моладзі добрасумленнасць, стараннасць, вялікае
жаданне спасцігаць усё, што ім прапануецца. Я бачу, як старанна і сур'ёзна
выконваюць слухачы задання. Маім студэнтам ёсць чаму ў іх павучыцца. Лічу працу
з “дарослымі”
людзьмі проста нечаканым падарункам лёсу. Адчуваю сябе з імі вельмі камфортна,
заўсёды з задавальненнем іду на заняткі.
– Ала Віктараўна, дзякуй за разгорнутыя адказы, і
напрыканцы – кароткі слоўнічак ад вашых
УЗВ-навучэнцаў. А менавіта, якой яны вас бачаць:
А – аўтарытэтная,
акуратная, артыстычная
У – уважлівая, унікальная
Л – любімая
Ч –
чалавечная
No comments:
Post a Comment