11 April 2013

Рэпарцёры УЗВ сабралі ўражанні ўдзельнікаў міжнароднай канферэнцыі

Міжнародная канферэнцыя па актывізацыі сталых людзей, якая праходзіла нядаўна на базе нашай праграмы, стала добрай нагодай паразмаўляць з людзьмі з розных гарадоў і краін. Гэта і рабілі нашыя рэпарцёры, сабраўшы для вас цікавыя ўражанні.

Уладзіслаў Бугаенка, прэзідэнт украінскай Асацыяцыі “Мастацтва  жыцця”, выкладчык курса “Псіхалагія здаровага даўгалецця”. г. Кіеў, Універсітэт Трэцяга Узросту, Україна.

-Наколькі я ведаю, у вашым універсітэце задзейнічаны ўсе аспекты развіцця людзей трэцяга ўзросту.
Тым не менш, пытанням здароўя трэба надаваць больш увагі, вучыць кожнага скласці сваю праграму: як не хварэць, жыць не баючыся, як самому сябе лячыць. 
Я гатовы прыехаць да вас і навучыць інструктараў па гэтых сур’ёзных пытаннях.



Вольга Паўлюкавец (на здымку ніжэй злева), загадчык аддзела сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Маскоўскага раёна г.Брэста, Беларусь.

-Вельмі ўдзячная арганізатарам. Пытанне  занятасці людзей трэцяга ўзросту зараз, мабыць, самае актуальнае. Даклады, якія прагучалі на канферэнцыі, адлюстроўваюць сур’ёзную работу ўсіх людзей, якія займаюцца гэтай праблемай. Уразіла праца вашага ўніверсітэта.
Горад выдатны! Жадаю ўніверсітэту дайсці да кожнага, хто мае патрэбу ў дапамозе, а сабе пажадаю – вучыцца на вашым прыкладзе!

Вольга Міцюкова, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ленінскага раёна г.Брэста.
-У працы з людзьмі трэцяга узросту мы абапіраемся на дапамогу Брэсцкага ўніверсітэта імя А.С.Пушкіна, у прыватнасці, псіхалагічнага факультэта. 
У нас 9 накірункаў. Калі ў 2010 годзе было 176 чалавек – 12 груп, то ў 2013 – 550 чалавек – 53 групы. 
Гэта гаворыць пра тое, што людзі маюць патрэбу  і мы прыходзім да іх на дапамогу. 
Многія прадпрыемствы горада аказваюць нам матэрыяльную дапамогу, працуюць валанцёры (часцей, з ліку студэнтаў).

Марына Макарава, Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва г.Вілейка, Беларусь.
-Канферэнцыя–гэта шыкоўная магчымасць для спецыялістаў, прафесіяналаў і сталых людзей атрымаць новую значную інфармацыю, магчымасць пашырыць свае прафесійныя і сацыяльныя кантакты.
А міжнародны досвед універсітэтаў трэцяга ўзросту – гэта пашырэнне і развіццё новых накірункаў працы з людзьмі шыкоўнага ўзросту.
Вельмі ўдзячная за прадстаўленую магчымасць удзелу ў канферэнцыі!
Удзел у ёй, наведванне вашага горада, знаёмства з людзьмі з іншых гарадоў і краін, я магла б ахарактарызаваць адным словам: пяшчота, г.зн., любоў; асабліва гэта адносіцца да арганізатараў канферэнцыі. Я працую з дарослым насельніцтвам  8 гадоў, але многае прыняла і прыму да ўвагі ў сваёй працы з досведа Вашага ўніверсітэта.

Аляксандра Марцінкевіч, дактарантка Уроцлаўскага ўніверсітэту, Польшча:

-Пані Аляксандра, ва “Універсітэце Трэцяга Веку” пры вашым універсітэце 800 чалавек, а як вы ацэньваеце работу нашага ўніверсітэта?

Наш універсітэт ужо працуе шмат гадоў. У нас 2 уласныя памяшканні, што, канешне, палягчае працу. Што да вашага УЗВ, то мяне ўражваюць энтузіасты-кіраўнікі вашага ўніверсітэта Лана і Вітаўт. Іх энтузіазм варты прызнання і захаплення. Клопат пра людзей трэцяга ўзросту – высакародная задача, якой яны аддаюць сябе поўнасцю. У вас многа робіцца, але вы яшчэ ў пачатку шляху.
З выслуханых дакладаў я зразумела, што ў Беларусі таксама многае робіцца ў гэтым накірунку. Мне спадабалася, як гэта арганізавана ў Брэсце. Вельмі цікавым быў даклад прадстаўнікоў Літвы, Сербіі.

-Якія ўражанні Вы забіраеце з сабой ад наведвання нашага горада?

- Вельмі спадабаўся Ваш гістарычны, чысты, незвычайны горад. Якісьці ён своеасаблівы: невялікі, утульны, дагледжаны.

Уражанні занатоўвала Валянціна Звярынская

No comments:

Post a Comment