Адной з найбольш папулярных секцый УЗВ у гэтым годзе з’яўляецца “Псіхалагічнае здароўе”. На заняткі, якія вядзе псіхолаг Аляксандр Колышка (на здымку), заўсёды збіраецца шмат людзей. Нашага карэспандэнта, аднак, цікавіла не толькі праца секцыі.
- Чым абумоўлена ваша захапленне псіхалогіяй? У якім ўзросце вырашылі стаць псіхолагам?
- Я захапляюся не так псіхалогіяй, як людзьмі. Мне дужа цікавы іх бязмежны і шматгранны свет. Навошта жыве чалавек? Як ён будуе адносіны з сабою і іншымі людзьмі. Чым людзі падобныя, а чым адрозніваюцца адзін ад аднаго. Як атрымліваецца так, што для розных людзей тая самая сітуацыя можа ўспрымацца па – рознаму? Як чалавек можа стаць іншым?..
Менавіта па гэтай прычыне мяне цікавіць гісторыя чалавека і чалавецтва, культура, якую ён будуе, рэлігійныя погляды і ўсё тое, што мае адносіны да людзей.
Стаць псіхолагам я вырашыў у гадоў трыццаць. Напэўна, менавіта ў гэты час я зразумеў, што з дапамогай псіхалогіі можна атрымліваць задавальненне і карміць сям’ю. Разам з тым, цікавасць да людзей у мяне была ўжо з дзяцінства.
- Ніколі не шкадавалі, што выбралі такі шлях?
- Не. Акрамя таго, усялякі выбар адносны. Самавызначацца, адказваць на пытанні “Кім Я ёсць” неабходна пастаянна. Калі жадаеш быць паспяховым у сваёй прафесіі, неабходна пастаянна шукаць адказ на пытанне пра тое, якім дакладна псіхолагам ты хочаш стаць і для чаго табе асабіста гэта патрэбна.
- Ці лічыце, што ў вашым жыцці ўсё адбываецца так, як трэба?
- У жыцці не заўсёды адбываецца так, як хочаш. Разам з тым, жыццё для таго, каб жыць, а не марыць. Жыццё адчуваеш тады, калі пераадольваеш, хвалюешся з нагоды поспехаў альбо няўдачы. Цяжка зразумець, што такое поспех, калі ніколі не пацярпеў паразы. На прапанову пражыць жыццё нанова, хутчэй за ўсё, я б адмовіўся.
- У Вас шмат сяброў?
- І шмат, і мала. Каго лічыць сябрам і ці быць задаволены наяўным? Прынамсі, я імкнуся давяраць людзям і выбудоўваць з імі дабразычлівыя ды прадуктыўныя адносіны.
- Якія кнігі любіце чытаць? Вашы любімыя аўтары?
- Люблю чытаць кнігі з самых розных накірункаў. У тым ліку і тэарэтычную фізіку, рукадзелле. Вось толькі з вышэйшай матэматыкай не вельмі, шмат чаго не разумею. Крытэрый па выбару кнігі адзін – мне гэта цікава, а аўтар мае сваю пазіцыю ў дачыненні да таго, пра што ён піша. Любімыя аўтары: Дастаеўскі, Толкін, Ніцшэ, Караткевіч, Быкаў, Маякоўскі, Джэк Лондан, Ясперс, Анкерсміт, Хэйлі, Бах, Франкл...
- Ваша жыццёвае credo?
- Імкнуся жыць па – сапраўднаму.
- Якое Ваша стаўленне да прац наступных навукоўцаў: У. Леві, Фрэйд, Дж. Уотсон? Што думаеце адносна поглядаў апошняга па пытанні выхавання ў сям’і?
- Да творчасці У. Леві не маю ніякага стаўлення. Фрэйд – гэта класіка псіхалогіі. Чытаю з вялікім задавальненнем. Разам з тым, ідэі Фрэйда ўжо сталі гісторыяй. Яны шмат тлумачаць тое, як мы сталі тымі, кім ёсць. Аднак, для мяне, не тлумачаць куды неабходна рухацца далей.
Да Уотсана адношуся з павагай. Заснавальнік цэлага падыходу ў псіхалогіі. Шмат цікавых ідэй і эксперыментаў. Заснавальнік сучаснага бачання рэкламы. Яго ідэі наконт выхавання ў сям’і не падзяляю. Забарона бацькоўскіх эмоцый, фізічнага кантакту з дзіцём... Мяркую, што гэта, прынамсі ў нашай культуры, ненатуральна.
- Якое пытанне ў выхаванні лічыце галоўным?
- У выхаванні няма галоўнага пытання. Гэта адзіны суцэльны працэс, у якім усе звязана адно з адным. Элементам выхавання, які звязвае, з’яўляецца своеасаблівым цэментам, ёсць каханне.
- Ці не расчаравалі Вас удзельнікі секцыі “Псіхалагічнае здароўе”? Не шкадуеце часу, праведзенага з намі?
- Не. Кожны чалавек выклікае ў мяне цікавасць (за рэдкім выключэннем). З людзьмі, чый узрост большы за мой, мне асабліва цікава мець зносіны. Гэта дасведчаныя людзі, якія шмат перажылі, здольныя выказвацца шчыра і адкрыта (не толькі мне, але і сабе). Акрамя таго, я яшчэ не жыў у такім узросце.
Расчароўваць сябе магу толькі сам. Ну, а калі дагэтуль вяду секцыю, значыць недарма. У адваротным выпадку або секцыя разбеглася, або сышоў я. Згодна з credo, стараюся рабіць сваю працу па-сапраўднаму.
Размаўляла Валянціна Звярынская
No comments:
Post a Comment