30 November 2012

Першы справаздачны

22 лістапада прайшоў першы справаздачна-выбарны сход слухачоў "Універсітэту залатога Веку". Справаздачу давала Рада, упершыню абраная год назад. Як і ў мінулым годзе, у многіх слухачоў універсітэта (асабліва новых) былі пытанні: нашто патрэбна нейкая рада, калі і без яе справы ідуць добра і г.д.


Усе пытанні адпалі пасля справаздачы старшыні Рады сп. Марыі Станіславіч. Яна распавяла, што сябрам абранага год таму самакіравання  разам з кіраўніцтвам УЗВ давялося самім вызначаць свае правы і абавязкі, распрацоўваць Палажэнне пра сваю дзейнасць, выбіраць формы работы, складаць і рэалізоўваць планы. Усё гэта рабілася такім чынам, каб не паўтараць дзейнасць кіраўніцтва праграмы, а дапаўняць і пашыраць яе.
Рада імкнулася таксама працаваць на карысць слухачоў УЗВ, разам з навучэнцамі зрабіць нешта карыснае для грамадства, горада. Разам з кіраўніцтвам УЗВ былі арганізаваныя і праведзеныя на добрым узроўні традыцыйныя шматлюдныя святы: калядная вечарына, выпускная сустрэча, турыстычная паездка па маршруце Свіслач – Гудзевічы – Лунна.
Абапіраючыся на старастаў секцый, самакіраванне ўзяло на кантроль наведванне агульных лекцый і сходаў, што павысіла якасць іх правядзення, арганізаванасць слухачоў. Разумеючы, што ва ўніверсітэт прышлі людзі рознага жыццёвага лёсу, сацыяльнага становішча, рада імкнулася зразумець іх праблемы, аказаць матэрыяльную або маральную дапамогу, абапіралася на іх жыццёвы досвед. Праведзеная работа спрыяла росту даверу, усталяванню добразычлівасці і сяброўства, фарміраванню калектыва.
Пашыраючы межы сваёй дзейнасці, рада і кіраўніцтва УЗВ правялі шэраг грамадска карысных справаў: вясной перад Вялікаднем была праведзена прыборка тэрыторыі вакол царквы Усіх беларускіх святых. У межах "Школы добрых справаў" былі арганізаваны збор і перадача кніг у бібліятэкі для ветэранаў, а таксама для вязняў Гродзенскай турмы; для дзяцей з адхіленнямі ў развіцці сабраны і перададзены матэрыялы для заняткаў, адзенне і абутак.
Рада арганізавала таксама збор і распараджэнне невялікімі грашовымі сродкамі, якія ахвяравалі  слухачы. Справаздачу аб іх выкарыстанні зрабіла скарбнік рады сп. Людміла Віннікава. Як вынікала з яе справаздачы, сродкі выдаткоўваліся на частковую аплату арэнды памяшканняў для заняткаў, на турыстычную паездку, на правядзенне вечарын, набыццё сувеніраў.
Як адзначыла ў гутарцы з намі сп. М Станіславіч, Рада працавала над павышэннем грамадскай актыўнасці слухачоў і цяпер некаторыя з іх сталі кіраўнікамі секцый, старастамі. Рада не стала пятым колам ў кіраўніцтве УЗВ, а мела свой накірунак працы. Пры адсутнасці яе ў першыя гады кіраўнікі ўніверсітэта фізічна не маглі ахапіць увесь аб’ём працы ад арганізацыі УЗВ і заняткаў да канкрэтнай работы з кожным слухачом.
Мы пацікавіліся ў прысутных на сходзе іх думкамі аб Радзе і яе дзейнасці.
Сп. Ванда Афанас’ева (на здымку):
Рада – вельмі патрэбная структура ва УЗВ.  Яна паслужыла збліжэнню слухачоў, павысіла іх актыўнасць, узровень праведзеных мерапрыемстваў. 
Агульныя справы і мерапрыемствы нас здружылі.


Мы сустрэліся таксама з кіраўніцай праграмы УЗВ Ланай Руднік:
- Ці спраўдзіла Рада вашыя спадзяванні?
- Канешне спраўдзіла! У нас атрымалася добрая каманда зацікаўленых, прафесійных людзей, якія з вялікім імпэтам планавалі і браліся за розныя справы.
- Што ўдалося Радзе зрабіць выдатна?
- Лічу, што на “выдатна” прайшлі акцыі ў межах “Школы добрых справаў”. Менавіта пры дапамозе сябраў Рады ўдалося і рэчы сабраць, і кнігі. На “выдатна” таксама прайшлі нашая калядная вечарына, а таксама выпускная сустрэча. Добрая арганізацыя, вершы-прысвячэнні, персанальная ўвага да кожнага навучэнца і выкладчыка – ўсё гэта дзякуючы таму, што ў Радзе – уважлівыя і нераўнадушныя людзі.
- Ці бачыце Вы новыя накірункі дзейнасці Рады?
- Спадзяюся, што ў гэтым годзе нам удасца больш эфектыўна арганізаваць групы ўзаемадапамогі для нашых навучэнцаў, таксама працу тэлефона даверу. Я была б вельмі задаволеная, калі б у нас ва УЗВ з’явіліся новыя мерапрыемствы – сумесныя паходы ў тэатр, паезкі – экскурсіі па Беларусі і за яе межы, каб у нас бывалі цікавыя асобы не толькі з Гародні, але і з-за межаў Беларусі. Хачу пажадаць новаму складу Рады цёплай атмасферы, разумення і каманднага духу!
З думкай адобрыць дзейнасць рады пагадзіліся ўсе прысутныя на сходзе слухачы. Была абрана новая, пашыраная рада ў складзе 7 чалавек. Старшынёй яе зноў абрана сп. Марыя Станіславіч.
Іван Буднік, Юльян Парэмскі

No comments:

Post a Comment