Заняткі ў межах "Універсітэту Залатога Веку" вядуць людзі рознага ўзросту. Адным з самых маладых вядучых секцый УЗВ з'яўляецца Віталь Вановіч (на здымку). З першых тыдняў працы УЗВ ён вядзе кампутарныя курсы для сталых людзей. Інтэрв'ю з Віталём распачынае цыкл размоваў з выкладчыкамі "Універсітэту Залатога Веку", якія будуць друкавацца на нашым блоку.
Я не аматарка шмат гаварыць – я люблю рабіць!”
Віталь, што ўяўляе сабой твая секцыя, што вы вывучаеце на сваіх занятках?
Кампутарныя курсы – гэта магчымасць для людзей сталага веку авалодаць новымі тэхналогіямі, паралельна з навучаннем атрымліваць добры настрой і пазітыўныя эмоцыі. Гэта магчымасць атрымліваць актуальную рознабаковую інфармацыю і камунікаваць з іншымі людзьмі.
Вывучаем мы ўсё, што звязана з кампутарамі, пачынаючы ад таго, на якую кнопку трэба націснуць, каб кампутар запрацаваў.
Разглядаем, што такое кампутар, што такое працоўны стол, іконка, панель кіравання.
Пазнаёміўшыся з самім кампутарам, мы перайшлі да інтэрнэту: вучымся вандраваць па сайтах, навучыліся ствараць электронную скрынку, навучэнцы нават паспрабавалі напісаць лісты адзін аднаму.
На курсы ходзіць дзве групы: пачаткоўцы, якія раней увогуле не сутыкаліся з кампутарамі, і больш “прасунутая” у гэтым плане група, навучэнцы якой з кампутарам на “ты”.
З другой групай мы вывучаем інтэрнэт-тэхналогіі больш паглыблена: ужо навучыліся ствараць свае ўласныя блогі, і ў перспектыве хочам перайсці на сацыяльныя сеткі кшталту Аднакласнікаў і Кантакта. Навучэнцы самі цікавіліся, што такое Фэйсбук і з чым яго ядуць.
Што найбольш цікавіць тваіх навучэнцаў?
Навучэнцаў цікавіць усё! Гэта новая сфера, пра якую яны шмат чаго чулі, ведаюць пра вялікія магчымасці, якія даюць кампутары.
У некаторых навучэнцаў, напрыклад, далёка за мяжой жывуць дзеці, яны хочуць падтрымліваць з імі стасункі, і інтэрнэт ім можа ў гэтым дапамагчы.
Некаторыя проста хочуць глядзець фільмы, ствараць тэксты, перакладаць з адной мовы на іншую – кампутар і інтэрнэт дазваляе зрабіць і гэта.
Цікава! А якія поспехі, дасягненні тваіх навучэнцаў ты можаш адзначыць?
Я б сказаў, што ў кожнага навучэнца свае поспехі. Для некаторых поспех – гэта самастойнае арыентаванне ў прасторах кампутара, магчымасць праглядаць відэа, ствараць файлы, тэксты, для іншых – гэта авалоданне інтэрнэтам і выкарыстанне яго магчымасцяў.
Ёсць такая праблема, што не ва ўсіх навучэнцаў ёсць дома кампутар. Але некаторыя спецыяльна набываюць сабе ўласныя ноўтбукі і хочуць усталяваць інтэрнэт. Я лічу гэта дасягненнем. Да прыкладу, Ванда Іванаўна сама набыла для сябе дыскі, сама навучаецца і можа ўжо без мяне разабрацца ў некаторых рэчах.
Навучэнцы цікавяцца, якія флэшкі лепей набываць, чым адрозніваюцца паміж сабой тыя ці іншыя дыскі і г.д. То бок людзі сапраўды імкнуцца да пазнавання кампутарнай сферы.
Напэўна, псіхалагічна прасцей, калі роўны па ўзросце чалавек абучае роўнага сабе ці блізкага па сваім узросце чалавека. Як табе працуецца з людзьмі сталага веку?
Інтэрнэт і кампутар – даволі новая сфера для людзей сталага ўзросту, якая патрабуе ад іх тых здольнасцей, якімі не ўсе валодаюць. Яны ж выраслі і сталелі ў іншую эпоху.
Трэба знайсці нейкую мову, каб проста патлумачыць навучэнцам многія спецыфічныя рэчы, перавесці з мовы віртуальнага свету на мову матэрыяльную. Трэба вельмі часта ўсё паўтараць, каб лепей запомнілася.
Я цудоўна разумею, што сам многага не ведаю з іншых сфераў жыцця, таму цярпяліва падыхожу да сваёй працы, нават калі чалавек не разумее на мой погляд элементарныя рэчы, якія, здавалася б, былі патлумачаны ўжо некалькі разоў.
Да кожнага патрэбны індывідуальны падыход. Калі адзін разумее з паўслова, то іншаму патрэбна надаваць больш часу, больш падрабязна і глыбока тлумачыць.
Ёсць цяжкасці, звязаныя з асаблівасцямі ўзросту: зрок ужо не той – больш за 15 хвілін вачам цяжка глядзець на манітор кампутара, некаторым навучэнцам цяжка трымаць мышку ў руках, таму што пальчыкі ўжо закасцянелі, ды і ўвогуле, цяжка арыентавацца на экране і ўбачыць тое, што мы, маладыя, заўважаем вельмі хутка.
Што табе дае праца ва Універсітэце Залатога Веку?
Калі мне сказалі, што адкрываецца УЗВ і прапанавалі весці кампутарныя курсы, я зацікавіўся гэтым, таму што гэта быў і вопыт працы ў якасці настаўніка-праграміста, ды і вельмі карысная справа для саміх навучэнцаў універсітэту.
Я буду вельмі рады, калі людзі авалодаюць тэхналогіяй і будуць выкарыстоўваць яе сабе на карысць, іх жыццё стане больш разнастайным, яны, магчыма, пазбавяцца адзіноты і смутку, ім будзе прасцей падтрымліваць стасункі са сваімі блізкімі.
Гэта радасць, добрыя эмоцыі для людзей і радасць для мяне. Мяне цешыць думка, што я магу прыносіць карысць, веды, здольны дапамагчы людзям у іх развіцці.
Якія ты бачыш перспектывы далейшай працы ў гэтым накірунку?
Што тычыцца перспектывы далейшага развіцця сацыяльнага накірунку працы са сталымі людзьмі: па-першае, можна было б нашмат пашырыць працу, зрабіць буйны навучальны цэнтр, па-другое, зрабіць доступ сталых людзей да кампутараў і інтэрнэту больш вольным і простым, таму што набыць уласны кампутар цяжка, і было б файна, калі існаваў бы такі сацыяльны кампутарны цэнтр, дзе сталы чалавек мог бы ў любы час зайсці і скарыстацца інтэрнэтам.
І каб у такіх цэнтрах заўсёды побач былі спецыяльна падрыхтаваныя для працы са сталымі людзьмі супрацоўнікі, якія ў любы момант маглі б дапамагчы з узнікшымі цяжкасцямі.
Вопыт такой справы ёсць у Брэсце і Берасцейскай вобласці, дзе падобную працу робяць дзяржаўныя сацыяльныя службы.
У Гродна нешта падобнае ў хуткім часе збіраецца рабіць гандлёвы дом “Нёман” – арганізатары збіраюцца наладзіць бясплатнае навучанне карыстанню інтэрнэт-крамамі для людзей сталага ўзросту. Канешне, тут ёсць свой бізнэс-інтарэс, але ў любым выпадку, гэта крок наперад.
Ці можаш ты параўнаць УЗВ з якім-небудзь кампутарным аб’ектам: гульнёй, праграмай ці чымсьці іншым?
Параўнаць цяжка, бо кампутарныя гульні і праграмы выконваюць функцыю, накіраваную на тое, каб прыносіць карысць уласна табе. А ва Універсітэце наадварот – гэта ты сам прыносіш карысць людзям.
Святлана Міхайлаўна Кузіна:
“Заняткі ва Універсітэце Залатога Веку – гэта карысць для ўсіх пенсіянераў, асабліва для тых, хто не працуе.
Я, дарэчы, хадзіла раней на кампутарныя курсы, але вынікі там і вынікі тут нельга нават параўноўваць! Раней я вывучала кампутар метадам “тыка”, зараз жа ўсё па-іншаму, і мне вельмі падабаецца. З задавальненнем сюды хажу!
Заняткі ва Універсітэце – гэта і свабода ад шматлікіх рэчаў (працы, дзяржавы), але ў першую чаргу гэта – задавальненне для душы! Я не аматарка шмат гаварыць – я люблю рабіць!”
No comments:
Post a Comment