14 March 2011

Нашыя навучэнкі ідуць лёгкай хадою


А ты так можаш?

Адной з самых папулярных секцый у межах "Універсітэту Залатога Веку" з'яўляецца йога. Вядзе гэтую секцыю Ірына Жутоўская (на здымку). Інструктарам йогі яна працуе трэці год.  Да гэтага была трэнерам па аэробіцы, фітнэсу і пілатэсу ў розных спартыўных клубах горада. Раней сур’ёзна займалася дзюдо і плаваннем. Да таго, як прыйшла ў аэробіку і шэйпінг, восем гадоў прысвяціла менавіта дзюдо.

Ірына з тых людзей, якія не спыняюцца ні на хвіліну, займаюцца спортам па меры магчымасцей. Пасля некалькіх гадоў заняткаў спортам паступова перайшла да трэнерскай працы з самымі рознымі групамі. Калі Ірына была студэнткай, яе накіравалі на практыку ў гп Бярозаўка. За год практыкі яна самастойна адкрыла там залу барацьбы, знайшла спонсараў.  Мела тады ўсяго толькі 21 год.

Як Вы прыйшлі да йогі?

Аэробіка, дзюдо, йога – гэта сумежныя сферы вялікага свету спорта. А калі маеш прызванне,
навыкі і жаданне займацца любімай справай, то ўсё атрымаецца, за што б ты не ўзяўся.



Чаму менавіта йога?

У далёкай Аўстраліі жыве мая родная цёця, якая займаецца йогай. Тры гады таму, калі
я працавала трэнерам па аэробіцы, пілатэсу і шэйпінгу, яна прыехала ў Беларусь. На той час ёй было крышку больш за 80 гадоў. Але выглядала яна па-маладому свежай, прамяністай, пазітыўнай, была ў вельмі добрай фізічнай форме, хаця да гэтага аніякім відам спорту не займалася – усё жыццё прапрацавала бухгалтарам, пакуль не з’ехала ў Аўстралію.

Яна падалася мне такой маладой, эмацыйнай, актыўнай, і я падумала сама сябе: як жа гэта ўсё ж такі класна!


Прыклад маёй цёці мяне настолькі ўразіў, што я пераканалася ў неабходнасці займацца
менавіта йогай. Раней я думала, што йога – гэта нешта незразумелае і непатрэбнае, але
аказалася, што гэта вельмі добрая гімнастыка для душы і цела. Калі маеш перад вачыма
яскравы прыклад – гэта сапраўды натхняе.

Што Вам дае праца ва УЗВ?

Арганізатары УЗВ падсадзілі мяне на гэтую працу, паверылі ў мяне, далі сілы. Чалавеку
ўсё ж-такі патрэбна нейкае прызнанне, а не той аморфны стан, калі сядзіш усё жыццё ў
хаце непрызнаным геніем са сваімі нікому непатрэбнымі думкамі і ідэямі.

Калі ўсё толькі пачыналася, мы думалі і разважалі, што ж гэта будзе за курс. Вырашылі, што найбольш карысна для гэтага ўзросту праводзіць заняткі па йозе.  Гэта было даволі смела і перспектыўна, таму што йога для многіх людзей – нешта незвычайнае і незразумелае.
Вельмі цікавымі для мяне падаюцца лекцыі, якія адбываюцца ў межах універсітэта па
чацвяргах. Увогуле, паглядзіш на нашых навучэнцаў – і з’яўляецца жаданне пазнаваць
нешта новае, да чагосьці імкнуцца. Хочацца вывучыць яшчэ адну мову, таму што трэба
адпавядаць навучэнцам універсітэту, не даваць ім форы.

Я  выступаю за тое, каб чалавек увесь час развіваўся, інакш ён проста дэградуе.

Як Вам працуецца з людзьмі сталага ўзросту? Ці ёсць нейкія цяжкасці, асаблівасці,
звязаныя з падобнай ўзроставай групай?

Калі людзі стараюцца, імкнуцца штосьці рабіць, негледзячы на свае магчымыя ўзроставыя недамаганні – я заўсёды гэта падтрымліваю, бо такое дарагога каштуе.

Здароўе мала ў каго багатырскае, і яны, сціснуўшы зубы, ўсё роўна робяць фізічныя комплексы, раскрываюць і паказваюць сябе. Паглядзі на маіх навучэнак – хіба ж гэта бабулі? І калі нехта з іх кажа, што мае ўжо тры-чатыры ўнука, проста не верыш сваім вушам! Калі трапляеш менавіта ў такую ўзроставую групу, гэта вельмі матывуе, дапамагае самому заставацца на плаву.

Я вельмі радуюся, што наша група трымаецца, расце, што людзі прыходзяць і тут ніколі
не бывае пустой залы. Я бачу, для чаго і для каго працую, што мая праца недарэмная.

Йога – гэта яшчэ і філасофія. Ці магчыма праз фізічную дзейнасць развівацца духоўна? Я думаю, што так, таму што ў прыродзе чалавека ўсё звязана, усё ўзаемоўлена: і цела, і розум, і душа. Калі займаешся фізічным выхаваннем, змяняецца погляд на жыццё, на акружаючых. Ідзеш – і заўважаеш, як свеціць сонейка, як блішчыць снег пад нагамі.

Мае навучэнцы не сядзяць дома, а ў вольны час бягуць на канцэрты, на выставы. Калі ў цябе ўпадак сіл, зразумела, што пасля трэніроўкі ты не пабяжыш на канцэрт, кампутарныя курсы ці яшчэ кудысьці. А тут прага да жыцця заўсёды б’е ключом. З’яўляецца інтарэс, прага да чагосьці новага, у гэта ўцягваешся.

Я сама вучуся гэтаму ў сваіх навучэнцаў. Хочыцца прыгадаць, што калісьці добра ведаў, чым займаўся.

У нас склаліся вельмі добрыя, цёплыя адносіны ў групах, людзі ў нас вельмі пазітыўныя. Ніхто не сварыцца, многія паспелі пасябраваць адзін з адным, падтрымліваюць адносіны па-за межамі секцыі. Мы абменьваемся цікавай літаратурай, навучэнцы прыносяць пачытаць нешта для душы, часам і для цела – вельмі выдатныя кнігі мастацкай літаратуры ці комплексы практыкаванняў.
Што дае йога самім навучэнцам?

Змяняецца погляд на жыццё, змяняецца ўспрыманне свету і свайго месца ў ім. Адна з навучэнак аднойчы добра падмеціла: “Нашых дзяўчын з курсаў па йозе адразу бачна ў горадзе”! Так гэта і ёсць: адрозніваецца і фігура, і хада, і асанка, ногі не заплятаюцца.

У любым узросце вельмі важна, як чалавек ходзіць. І асабліва ва ўзросце залатога веку выдае менавіта хада. Нашыя навучэнкі ідуць лёгкай хадою, ды так, што некаторыя больш маладзейшыя пазайздросцяць!

У нас фантастычныя жанчыны, якія выглядаюць на пакаленне маладзей. Адна навучэнка
прыносіла здымак, дзе была адлюстравана яе ўнучка, якая таксама займаецца ёгай. І так
цікава атрымалася, што тыя ж самыя комплексы, якія выконвала ўнучка, не горш робіць і
сама бабуля!

У нас склалася проста ўнікальная група! Нашыя навучэнцы адрозніваюцца ад іншых

Толькі наперад! Але недзе я чула добрую інтэрпрытацыю гэтага дэвізу: наперад па
спіралі! Гэта яшчэ больш крута для асабістага развцця!

Гавораць удзельніцы секцыі:

Ніна Шаставіцкая:


“Йога – гэта гімнастыка для душы і цела. Трэба пазаймацца ёю, каб адчуць і зразумець усё
тое, што йога дае чалавеку. Мы прыходзім сюды каб атрымліваць пазітыўныя эмоцыі і
навучыцца валодаць сваім целам. Йога набліжае нас да духоўнага, аздараўляе душу і цела.”

Таццяна Пракопік:


“У межах УЗВ я займаюся йогай ужо другі год. Хачу адзначыць, што ў нас вельмі адказны
і цікавы кіраўнік, які вельмі добра тлумачыць нам значэнне йогі для аздараўлення і добрага
настрою, шчыруе з намі.

Пасля занятку я адчуваю сябе лёгка, чую, як паветра ўваходзіць у мае пазванкі, як адыходзяць болі ў суставах, паляпшаецца самаадчуванне. Я вельмі ўдзячна за клопат аб нас кіраўніцтву ўніверсітэту.

Гэта так добра, калі ў сталыя гады ёсць магчымасць займацца йогай!”

No comments:

Post a Comment