28 February 2011

Прэзентацыя кнігі "Гісторыя ХХ стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў"


Зала, у якой праходзіла імпрэза, не змагла змясціць 24 лютага ўсіх ахвотных сустрэцца з аўтарамі ўспамінаў, якія тычацца найноўшай гісторыі Беларусі.
Прэзентацыя адбывалася ў межах адкрытай агульнай сустрэчы  УЗВ.

Апроч некалькіх дзесяткаў яго слухачоў - сталых людзей, на сустрэчу са стваральнікамі і аўтарамі кнігі прыйшлі гарадзенскія краязнаўцы, грамадскія дзеячы, гісторыкі, выкладчыкі ВНУ.


Пасля кароткай прэзентацыі кнігі слова трымалі яе аўтары.

Уладзімір Выдэрка, Віктар Саяпін, Алесь Госцеў, Святлана Іоська (Маразевіч), Міхась Амялішка, Юры Мацко, Вера КунцэвічМікола ТарандаЯўген Петрашэвіч, Анатоль Макушын выказалі падзяку за магчымасць удзелу ў праекце, згадалі пра некаторыя фрагменты сваіх ўспамінаў.

Адным з найбольш яркіх момантаў прэзентацыі стала віктарына, адказы на якую знаходзіліся ў тэкстах кнігі.

Колькі зарабляў настаўнік у Заходняй Беларусі ў 30-я гады, які помнік у Гродне называлі "Каменнай Мамачкай", які раён горада зваўся "Шанхаем", за колькі можна было купіць шакаладныя лёды - розныя версіі гэтых адказаў актыўна абмяркоўваліся ў залі ў час інтэлектуальнага паядынку двух дабраахвотнікаў-знаўцаў гісторыі роднага краю.

Узнагародай ім сталі асобнікі кнігі, падпісаныя аўтарамі ўспамінаў.

Кніга "Гісторыя ХХ стагоддзя ва ўспамінах гарадзенцаў" была выдадзена грамадскім аб'яднаннем "Цэнтр "Трэці сектар" у партнёрстве з Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.“ (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.

Аўтарамі прадстаўленых у ёй успамінаў з'яўляюцца 13 гарадзенцаў.

Найстарэйшым з аўтараў за 80 год, наймалодшым - каля 40 год.

Фота Юліі Каляды


No comments:

Post a Comment