14 March 2011

Горад, якога ўжо няма. Гародня на старых паштоўках


На такую тэму адбылася чарговая лекцыя для навучэнцаў УЗВ.  У ролі лектара - вядомы сярод нашых навучэнцаў выкладчык і вядучы секцыі  "Падарожжы ў часе і прасторы", гісторык-краязнаўца Віктар Кірэеў (на здымку).

На занятак прыйшло даволі шмат людзей, што і не дзіўна – нашы навучэнцы вельмі цікавяцца сваім горадам і яго гісторыяй, таму заняткі на падобную тэматыку заўсёды адбываюцца з аншлагам.

А паглядзець і паслухаць было што.

Віктар Кірэеў распавёў пра спецыфіку працы з паштоўкамі, расказаў, як ён пачынаў збіраць сваю калекцыю. 
Слухачы маглі не толькі паглядзець паштоўкі, але і паслухаць гісторыю кожнай з іх. У калекцыі краязнаўцы ёсць паштоўкі, якім ужо больш за сто гадоў! 


На некаторых паштоўках захаваліся надпісы, як далёкае прывітанне ад гарадзенцаў пачатку 20 ст. Выкладчык сумесна са слухачамі спрабаваў прачытаць гэтыя надпісы. Гэта аказалася даволі складана з-за бляклых чарнілаў і нечытабельнага почырку.

А надпісы былі самыя розныя, часцей за ўсё – віншаванні і прывітанні з Гродна.
У кожнага надпіса, у кожнай паштоўкі свая гісторыя, свой лёс. 
Акунуцца ў гэтыя лёсы і гісторыі, адчуць сябе часткай горада, які здавён часоў мае свае загадкі, паданні, адчуць атмасферу даўніны -  захапляльна і цікава. 

Лекцыя выклікала вялікую зацікаўленасць, навучэнцы задавалі шмат пытанняў, падыходзілі да лектара пасля занятку.



Спадар Віктар выказаў жаданне правесці яшчэ адзін занятак падобнага кшталту, таму што за акрэслены час лекцыі ён не паспеў паказаць і паловы сваёй цікавай калекцыі.

Вось некалькі меркаванняў навучэнцаў:

Вольга Якута: “Мне было вельмі цікава, мы ўсе слухалі лекцыю з вялікім задавальненнем. Радаваліся, што хоць на паштоўках можам убачыць тое, якім быў наш горад, яго гісторыю.”

Іван Буднік: “Было цікава звярнуцца да таго шматлікага, што мы ўжо страцілі. Дзякуючы паштоўкам, можна пабачыць, у якім плане і ў якім накірунку нам трэба праводзіць рэстаўрацыю некаторых помнікаў. Таму гэты занятак вельмі карысны. Ды і так добра ўспомніць мінулае, ведаць, якім быў калісьці горад, што дзе знаходзілася, якая яна была, наша мінуўшчына. Усё ж-такі каралеўскі горад! У нас тут столькі прыгожых месцаў, звязаных з каралём. Так што дзякуем лектару за цікавы аповяд.”

Фота Волі Корсун.

No comments:

Post a Comment