08 March 2011

Вандроўка ў Святую Зямлю. Частка 1.


Таццяна Пракопік

«Неяк ужо ў сталыя гады з глыбіні душы выкрышталізавалася мара – павандраваць па свеце. Потым задумалася – што такое свет, яго першапачатак, што ён у сабе ўтрымлівае. Хацела пачаць з Рыма, а потым зразумела, што гэта не першаснае, што ёсць важнейшае для мяне месца – Святая Зямля. Пачытала аб ёй раз, другі, і пацягнулася да яе. Захацелася паглядзець на тое неба, горы, прайсціся па евангельскіх сцежках, падыхаць Іарданам, паплаваць у возеры Кінерэт, адчуць сонца і пакаштаваць соль Мёртвага мора, адпачыць на Міжземным, навучыцца маліцца, падумаць пра адвечнае. Так звярнулася да хрысціянскага турызму»...


Святая Зямля – Раён Бліжняга Ўсходу, размешчаны на ўзбярэжжы Міжземнага мора. На поўначы ён абмежаваны Ліванам і Сірыяй, на усходзе – Іарданіяй і ракой Іардан, на поўдні – Егіптам і захадзе – Міжземным морам.
Святая Зямля асаблівае месца яшчэ і таму, што да яе прыкаваны інтарэсы многіх краін і рэлігій: хрысціянства, мусульманства, іудаізму. Св. Зямля – правобраз нябеснай Радзімы. На святых месцах чалавек як бы прабывае ў рэальнасці евангельскіх падзей, гэтыя месцы не прызнаюць другой Радзімы, акрамя Царства Божыя.

Адным з папулярных відаў турызму ў сучасны час становіцца рэлігійны турызм. Галоўнае ў ім – знаёмства з гісторыяй святых месцаў, жыццём святых, архітэктурай, царкоўным мастацтвам. Пра гэта мы даведваемся на экскурсіі. Экскурсія – можа быць часткай паломніцтва, як рэлігійнага пакланення святыням.

Наша пілігрымка, якую штогод арганізуе фірма “Пілігрым”з Мінску па ўзгадненні з Мітрапалітам Філарэтам, доўжылася 8 дзён. Яна пачыналася ў касцёле св. Алены і Сымона (Мінск); пад час святой імшы мы прасілі дапамогі ў неба трываласці перад вялікай дарогай. Затым – аэрапорт Мінск-2, пералёт, і вось мы ў Тэль-Авіве.Пералёт з Мінску да Тэль-Авіву займае 3 гадзіны 40 хвілін. Суправаджае пілігрымаў духоўны пастар. На суправаджаў а. Іосіф Мільдзюк. Нас было 32 чалавекі, у групе было шмат маладых, а таксама сталых людзей, некалькі сямейных пар, некаторыя вандравалі ў другі раз. Больш жанчын. Жылі мы ў трохзоркавым гатэлі.

Гатэль у Віфлееме
Першая недарэчнасць у аэрапорце Бэн Гурыён – наш экскурсавод Зінаіда Лахманчук спазняецца на гадзіну (у гэту ноч пераводзілі гадзіннікі).
Але час ляціць і мы ўжо ў добрым аўтобусе па начным Тэль-Авіве рушым да Віфліема ў гатэль. Тут нас чакалі, размясцілі, пакармілі нават уначы. Сяліліся хто з кім хацеў. Гэты тыдзень мы пражылі з чароўнай гарадзенкай Ірынай Іванаўнай Сянкевіч. Жылі –былі па-добраму, хораша, па-сваяцку.

Гарадзенкі Таццяна Пракопік і Ірына Сянкевіч на Святой Зямлі

Праграма была вельмі насычаная, але хараства і ўзнёсласці столькі, што не адчуваеш стомленасці. Зранку радаваліся сонцу, адчувалі непаўторнасць моманту, ехалі праз Іерусалім, пра які кажуць “што Бог, калі ствараў нашу Зямлю, дык 9/10 прыгажосці аддаў Святому Гораду, а 1/10 скарыстаў на астатні свет”. Белы светаносны горад на ўзвышшах. Глядзіш – не адарвацца!

Начны Іерусалім

Першым горадам, які мы наведалі, стаў Віфліем. Невялікі арабскі горад хрысціян і мусульман, размешчаны на вышыні 800 метраў над узроўнем мора. Упершыню Віфлеем узгадваецца ў Бібліі у сувязі са смерцю Рахіль – малодшай дачкі Лавана і другой жонкі патрыярха Іакава. Яна памерла падчас родаў па дарозе ў Віфлеем, дзе і зараз знаходзіцца яе грабніца. Іакаў паставіў над гробам ёй помнік. І да гэтага часу да яе ставяцца з вялікай пашанай, як іудэі, так і магаметане. Мясцовыя арабы і цяпер збіраюцца сюды для ўрачыстых малітваў. Замужнія жанчыны бяруць адсюль кавалкі камня і носяць іх пад час цяжарнасці.

Віфлеем

Спыняемся каля чароўнай каталіцкай Царквы Поля Пастушкоў, пабудаванай у форме шатра, а праз маленькія вакенцы ў купале відаць неба…
У гэтым Храме наша першая імша. Прысутнічалі ўсе – і паломнікі і экскурсанты. Маліліся за родных і блізкіх, дзякавалі Богу і прасілі дапамогі. Фрэскі на сценах распавядаюць пра нараджэнне Езуса і прыход пастухоў. Пад царквой - пячоры, якія засталіся са старажытных часоў (прыродай створаныя вялікія зарубіны ў скалах, у якіх хаваліся ад непагоды і людзі і жывёлы, напрыклад, авечкі.) У адной з такіх і нарадзіўся Езус. Перад царквой мы бачым вялікую плошчу, аздобленую кветкамі, яркай паўднёвай расліннасцю і скульптурай пастуха.

Царква Поля Пастухоў

Адна з найвялікшых святынь хрысціянства - Храм Нараджэння Хрыстова, знаходзіцца ў Віфлееме. Царква пабудавана Святой Аленай і імператарам Канстанцінам у 326 годзе і ў 529 годзе разбурана пад час паўстання самарыцян супраць Візантыі. Адразу адноўлена і пашырана імператарам Юстыніянам, а ў цяперашнім выглядзе засталася з часоў крыжаносцаў. Храм мае форму крыжа. Нізкі ўваход вымушае схіліцца кожнага перад святасцю падзеі нараджэння Хрыста. Будынак падзелены паміж грэкамі, каталікамі і армянамі.

Віфлеем. Уваход у Храм Нараджэння Хрыстова.

Велічны храм, які мае 5 нефаў. Калоны існуюць з 6 стагоддзя. У некаторых месцах адкрытыя мазаікі 4 ст. Над калонамі – фрэскі XII стагоддзя і рэшткі мазаікі пад купалам.

Унутраны выгляд Царквы

У Храме знаходзіцца невялікая пячора Нараджэння Хрыстова. А месца, дзе з’явіўся на свет Езус, і куды прыйшлі да яго мудрацы і пастухі, асвятляецца 48 лампадамі. Дары мудрацоў - 28 залатых падвесак-пласцінак рознай формы, пакрытых філігранным арнаментам, каля 70 маленькіх шарыкаў ладану і смірны захоўваюцца на Афоне.

Уваход у пячору Нараджэння

У пячору Нараджэння Хрыстова людзі ідуць бясконцым патокам. Можна пабыць з гэтай велічнасцю, паглядзець на алтар, на фрэскі, на старажытную напольную мазаіку. З намі разам у святое месца нараджэння ішлі праваслаўныя святары з Малдовы. Калі мы на каленях схіляліся над срэбнай зоркай, што пакрывае месца нараджэння Хрыста, яны дзіўна спявалі нешта нябеснае, што і з цягам часу ўсе песні зямлі не могуць замяніць пачутае адзін раз узнёслае хрысціянскае песеннае маленне.

Віфліемская зорка

Побач з храмам Нараджэння Хрыстова знаходзіцца Царква Святой велікамучаніцы Кацярыны з Александрыі. Тут можна спусціцца ў пячору св. Іераніма, якае прымыкае да пячоры Хрыста. Святы Іеранім стварыў Вульгату – лацінскі пераклад Бібліі. 24 снежня тут праводзіцца меса. Выява немаўляткі здымаецца і кладзецца ў яслі.
Ужо два тысячагоддзі Іерусалім для хрысціян - святы горад, горад мук Хрыстовых і яго ўваскрасення. Святыя месцы размешчаныя ў Старым горадзе, які абнесены 4-х кіламетровай сцяной. Горад падзелены на 4 кварталы: мусульманскі, хрысціянскі, армянскі і яўрэйскі. Сюды можна ўвайсці праз 8 варот. Езус уваходзіў трыумфальна ў Іерусалім праз Залатыя вароты, якія туркі ў 1530 годзе замуравалі.

Старажытная каменная лесвіца, 
па якой Езус спуціўся з Маслічнай гары ў Іерусалім у вербную нядзелю

Самае прыгожае месца - Храмавая плошча, над якой узвышаецца мячэць Аль-Акса і Купал Скалы.Пабудаваны на месцы Першага храма, які быў разбураны вавілонскім  царом Навухаданосарам у 586 г. да н.э. Ірад Вялікі на гэтым месцы пабудаваў Другі  храм незвычайнай прыгажосці, які ўзгадваецца ў Евангеллі, які бачыў Езус і які быў разбураны рымлянамі ў 70 г. н.э. Праз 600 гадоў мусульманскія правіцелі пабудавалі гэтую мячэць. Купал Скалы - адна з самых прыгожых пабудоваў на свеце, ні разу не разбураўся. У 1994 годзе быў асвечаны новы пазалочаны купал мячэці, асабісты дар караля Іарданіі Хусэйна. На пазалоту купала скарыстана 80 кг. золата. Ад прыгажосці захоплівае дух.

Найвялікшая святыня яўрэяў усяго свету - Сцяна плачу (даўжыня 156 метраў) знаходзіцца ва ўсходняй частцы Іерусаліма. Гэта ўцалелая частка сцяны, якая агароджвала Другі Іерусалімскі храм. Яна складзена з вялізных, добра падагнаных маналітаў. Шэраг стагоддзяў перад сцяной размяшчалася мусульманская забудова. Але з 1967 г., калі ўвесь Іерусалім быў далучаны да Ізраіля, арабскія пабудовы былі знесены і цяпер перад сцяной знаходзіцца плошча, па якой шпацыруюць шматлікія турысты і веруючыя.
Перад Сцяной стаяць крэслы, дзе можна пасядзець і памаліцца. Шмат людзей знаходзяцца тут адначасова. Мы пішам запіскі, дзе называем імёны і прозвішчы людзей і іх праблемы. А ў мяне родныя і сябры - і каталікі, і праваслаўныя, і магаметане, і няверуючыя. За ўсіх заранёў у гатэлі напісала просьбы на польскай і рускай мове. Потым шукаю адтуліну ў сцяне і замацоўваю там гэтыя просьбы. Людзі становяцца на калені, дакранаюцца рукамі да сцяны і просяць, прыпамінаючы свае і людскія праблемы.

Сцяна Плачу і мячэць Аль-Акса

Мы падымаемся на ўлюбёнае месца Хрыста – Маслічную гару (Элеон). Царква Патэр Ностэр (Ойча наш) і кляштар ордэна кармялітак узнік напрыканцы 19 стагоддзя на руінах храма, пабудаванага Імператрыцай Аленай у 4 ст. Ён узнесены на месцы, дзе вучыў Хрыстос сваіх суайчыннікаў малітве Госпаду. Цікавае архітэктурнае рашэнне царквы – на ўнутраных сценах на прамавугольных табліцах высечана малітва “Ойча наш” на многіх мовах свету.

Царква Ойча наш

Кожная пядзь Зямлі тут святая. У Гефсіманскім садзе растуць старажытныя алівы і сучасныя кветкі. Узрост дрэваў вызначыць цяжка, але яны дапамагалі Езусу ў малітвах і душэўных муках. “Гефсіман” – на арамейскай – азначае аліўкавая давільня .
На гары Элеон знаходзіцца і Царква Домінус Флевіт (“Плачу Гасподняга”), пабудаваная на месцы, дзе стаяў Езус і аплакваў Іерусалім, бо прадбачыў яго пагібель. Побач знаходзіцца Пячора Здрады. Сюды Іуда прывёў салдат і , пацалаваўшы Езуса, выдаў яго. Непадалёку, дзе мучыўся і маліўся Сын Божы, дзе схапілі яго стражнікі, пабудавана трэцяя Царква – Царква Мук Хрыстовых, якую скончылі будаваць у 1924 г. на сродкі, ахвяраваныя ўсім светам, таму і называюць яе Царквой усіх нацый. Звод царквы складаецца з 12-ці купалаў, на кожным з іх – прыгожая мазаіка. Мазаіка на порціку паказвае Езуса, які дапамог чалавеку адкрыць сувязь з Богам Айцом. Унутранае аздабленне царквы, прыцемкі, высокія зводы, іконы – усё гэта дапамагае кожнаму ўспомніць словы Евангелія : “Ойча мой, хай міне мяне гэтая чаша, але калі я змушаны выпіць яе, то хай будзе воля твая… ”

Царква Мук Хрыстовых

На вяршыні Маслічнай Гары, адкуль Езус узнёсся на неба на саракавы дзень, ёсць мячэць. Гэта Храм Узнясення. У ім – камень з адпячаткам ступні Езуса. І хоць гэтае святое месца знаходзіцца пад кантролем мусульман, хрысціянскім канфесіям дазволена весці богаслужэнне тут на Вялікдзень і ў Вербную нядзелю.

Капліца Узнясення

Наша насычаная праграма сканчалася ў гэты дзень наведваннем Храма Успення і Грабніцы Божай Маці. Гэта царква пабудавана візантыйцамі, рэканструявана крыжаносцамі ў XII ст. і падзелена паміж грэцкай і армянскай цэрквамі. Дзякуючы добраму стаўленню мусульман да Божай Маці, царква існуе ў такім выглядзе з тых часоў. Шырокая мармуровая лесвіца з 48 прыступкамі вядзе нас у свяцілішча. Спачатку мы ўбачым капліцу, у якой знаходзяцца справа грабніцы святых Іяхіма і Ганны (бацькоў Багародзіцы), а насупраць, у паглыбленні левай сцяны - алтар, які пакрывае грабніцу Святога Іосіфа. Спускаемся ніжэй, уступаем пад купал ніжняга храма. Пасярод – кувуклія з цэльнай скалы. Тут было пахавана святое цела. 24 срэбныя падсвечнікі і некалькі лампад асвятляюць святое месца ўдзень і ўначы. Молімся, дзякуем Богу за магчымасць убачыць гэта на ўласныя вочы.
Экскурсавод падганяе. Сцямнела. Едзем засяроджаныя ў гатэль. Там чакае добрая вячэра, вулічныя гандляры, сумесныя выцечкі.

Храм Успення і Грабніца Божай Маці

Падрыхтавалі Таццяна Пракопік, Лана Руднік.


У артыкуле выкарыстаны некаторыя факты і фотаздымкі з кнігі “Падарожжа ў Святую Зямлю” (Іерусалім, 2009 г.), факты з календара 2010 “Аще забуду тебе, Иерусалиме”. Горненский монастырь -“Паломник”. Иерусалим - Москва, 2009 і фота Таццяны Мікітрук .

Працяг будзе...






















No comments:

Post a Comment