Сярод навучэнцаў нашага УЗВ вельмі папулярныя курсы па вывучэнню замежных моваў.
Прапануем вам інтэрв’ю з вядучай секцыі польскай мовы Аленай Калько.
Прапануем вам інтэрв’ю з вядучай секцыі польскай мовы Аленай Калько.
Як ты трапіла ва УЗВ?
Для мяне выкладанне – гэта поўнасцю новая сфера, нягледзячы на тое, што па адукацыі я выкладчык польскай мовы і літаратуры і выкладчык беларускай мовы і літаратуры. Да УЗВ я не працавала па сваёй спецыяльнасці, уся мая практыка выкладання мовы скончылася ўніверсітэцкай практыкай у школе.
Канешне, выкладанне для людзей сталага ўзросту выклікае некаторыя цяжкасці, таму што я ніколі з такім не сутыкалася – у нашым горадзе падобных курсаў больш няма, таму для мяне ўсё гэта было даволі незвычайным. Але мне было вельмі цікава паспрабаваць свае сілы.
Раскажы, калі ласка, пра спецыфіку свайго гуртка. Якія тут можна адзначыць асаблівасці, складанасці?
На самым пачатку я з дапамогай анкеты падзяліла групу на дзве часткі ў залежнасці ад узроўня ведаў. Паводле гэтага ў кожнай групе я вяду занятак па-рознаму: па тэмпу, па насычанасці. Кожны занятак мы пачынаем з “ламання” языка, спрабуем выгаворваць польскія скарагаворкі. Затым я даю кавалачак тэарытычнага матэрыялу, мы разглядаем лексіку, чытаем, правяраем хатняе заданне. На дадзеным этапе імкнемся да таго, каб кожны навучэнец мог самастойна падрыхтаваць нейкае паведамленне пра сябе ці на тыя тэмы, якія іх цікавяць.
Я вывучала польскую мову як родную, а выкладаю як замежную. Гэта даволі розныя рэчы, якія таксама выклікаюць некаторыя цяжкасці. Мне часта не тлумачылі, як што будзе называцца па-польску, таму што мелася на ўвазе, што ўсе павінны ведаць гэта самі. У выкладанні я пачынаю з самага пачатку.
Я вучу навучэнцаў чытаць, размаўляць, разумець і тлумачыць. Я не вучу іх пісаць, але заўсёды раю ім запісваць некаторыя моманты і вучыць лацінскія літары, таму што гэта дадатковы спосаб запамінання польскіх слоў. Не дарма ж рэкамендуюць у любым выпадку пісаць шпаргалкі – уключаецца маторыка, якая спрыяе лепшаму запамінанню.
Мне з імі вельмі лёгка ў плане сувязі: яны ў мяне самаарганізоўваюцца, а калі з’явіліся старасты – то стала яшчэ лягчэй. Калі мне па нейкіх пытаннях званілі ўсе, то зараз толькі старасты.
Як табе працуецца з людзьмі сталага веку? Ёсць нейкія асаблівасці?
Я таксама думала над гэтым пытаннем. Справа ў тым, што людзі сталага ўзросту прыйшлі навучацца самі, бо яны самі хочуць чамусьці навучыцца. Гэта не так як у школе, дзе ты даеш веды дзецям і спрабуеш растлумачыць, што ім гэта будзе патрэбна. А сталых людзей не трэба ўпрошваць, яны самі зацікаўленыя, каб атрымаць веды.
Канешне, я не магу ведаць усяго. Калі фізіку задаюць нейкае пытанне, ён кажа: “Я магу не ведаць, але я магу зазірнуць у шафу, там стаіць слоўнік і ў кніжцы я знайду адказ. Таму што я фізік, а не шафа.”
Так і я кажу сваім навучэнцам, што не ведаю ўсяго, бо я не акадэмік, не прафесар, я вучуся разам з вамі.
Так і я кажу сваім навучэнцам, што не ведаю ўсяго, бо я не акадэмік, не прафесар, я вучуся разам з вамі.
Я ніколі не стаю на занятках, акрамя выпадкаў, калі трэба нешта пісаць на дошцы. Я сяжу разам са сваімі навучэнцамі, утвараючы ўяўны круглы стол, дзе мы ўсе роўныя, дзе кожны навучаецца, кожны можа задаць пытанне. Яны ў мяне пытаюць, і гэта сітуацыя ўнікальная для мяне з самага пачатку. Але да гэтай адказнасці прывыкаеш. І калі нехта задае невядомае мне пытанне, адказ шукаю не толькі я, але і ўсе навучэнцы.
Яны адказныя, свядома прыходзяць на заняткі. Ва ўсіх, безумоўна, розныя матывацыі для вывучэння мовы (у кагосьці дзеці жывуць у Польшчы, хтосьці хоча атрымаць карту паляка).
Дзякуючы гэтай свядомасці лягчэй працаваць. Але такая праца спецыфічная, іншая.
Дзякуючы гэтай свядомасці лягчэй працаваць. Але такая праца спецыфічная, іншая.
Ці адчуваецца падчас вашай камунікацыі розніца ва ўзросце?
Я павінна яе адчуваць у любым выпадку, таму што я мушу захоўваць дыстанцыю ў плане павагі – гэта абавязкова, бо мае навучэнцы шмат пажылі, маюць вопыт, статус. І я не магу да іх звяртацца як настаўніца да вучняў ці да сваіх равеснікаў. Я заўсёды павінна гэта памятаць і адчуваць сваё месца – мне здаецца, гэта правільна.
Я нават на пачатку не ведала, як сябе перад імі трымаць – гэта быў той бар’ер, які я не адразу змагла перакрочыць. Я на той час не разумела сваіх задачаў, але потым усё ўтраслося.
Я заўсёды гавару сваім навучэнцам: “Я ні ў якім разе не крытыкую Вас як асобу, я крытыкую Ваш спосаб маўлення, Ваша чытанне, і я заранёў прашу прабачэнне за гэта, але без гэтага не абысціся: адзін раз папраўлю – другі раз Вы зробіце правільна”.
Усе нібыта і разумеюць, ківаюць, але на практыцы часам узнікаюць праблемы. У спрэчных момантах такога кшталту многія навучэнцы падтрымліваюць мяне і дапамагаюць, і я ім за гэта вельмі ўдзячна.
Усе нібыта і разумеюць, ківаюць, але на практыцы часам узнікаюць праблемы. У спрэчных момантах такога кшталту многія навучэнцы падтрымліваюць мяне і дапамагаюць, і я ім за гэта вельмі ўдзячна.
Таму я і павінна памятаць сваё месца, ставіцца да навучэнцаў з павагай, каб не губляць адчуванне, што я кірую працэсам. Ну, ці хаця б каб мне так падавалася – што гэта я кірую.
Ты вучыш сваіх навучэнцаў мове. А ці вучаць чамусьці цябе навучэнцы?
О, у нас часта атрымліваецца так, што мы не адразу пачынаем занятак, а напачатку размаўляем. Адбываецца камунікацыя, падчас якой навучэнцы адчуваюць сябе калектывам. У мяне падабралася вельмі адукаваная група - мастацтвазнаўцы, гісторыкі, краязнаўцы. Мы можам размаўляць на розныя тэмы - побыт, жыццё, гісторыя. Нехта прынясе часопіс, нехта кніжку. І кожны раз знаходзіцца новая цікавая тэма для абмеркавання.
Дзякуючы маім навучэнцам, я даведваюся пра розныя цікавыя рэчы. І мне падабаецца, што ў нас ёсць гэты камунікатыўны асяродак, дзе яны могуць абмеркаваць самыя розныя пытанні, праблемы, якія іх хвалююць у паўсядзённым жыцці.
Дзякуючы маім навучэнцам, я даведваюся пра розныя цікавыя рэчы. І мне падабаецца, што ў нас ёсць гэты камунікатыўны асяродак, дзе яны могуць абмеркаваць самыя розныя пытанні, праблемы, якія іх хвалююць у паўсядзённым жыцці.
Якія поспехі ў тваіх навучэнцаў ты можаш адзначыць?
Поспехі найбольш яскрава бачны ў тых людзей, хто ўвогуле не ведаў мовы, хто прыйшоў з нулявой базай. Мы пачыналі з літар, а зараз яны ўжо чытаюць і нават пытаюцца ўкласці некалькі сваіх сказаў, пытаюцца казаць нешта па-польску.
На кожным занятку мы папаўняем нашу слоўнікавую базу паводле той ці іншай тэмы (напрыклад, характар чалавека, пасады, якія ён можа займаць у жыцці; закупы і г.д.). і калі навучэнцы здольны апераваць гэтымі словамі – для мяне гэта таксама паказчык росту і поспеху.
Канешне, яны не вучаць усё на 100%, у нас няма нейкіх кантрольных ці залікаў.
Самы галоўны залік для мяне – гэта калі навучэнец зможа сказаць па-польску тое, што хоча. Калі ты хочаш нешта сказаць і можаш гэта зрабіць – гэта сапраўдны вынік.
Самы галоўны залік для мяне – гэта калі навучэнец зможа сказаць па-польску тое, што хоча. Калі ты хочаш нешта сказаць і можаш гэта зрабіць – гэта сапраўдны вынік.
Як ты лічыш, што дае твой гурток самім навучэнцам?
Я думаю, што перш за ўсё надзею. Надзею на тое, што калісьці яны змогуць выехаць у Польшчу, паразмаўляць з палякам па-польску, што яны змогуць камунікаваць, няхай нават і мінімальна, на замежнай мове, што змогуць разумець, што напісана на польскіх шыльдах, як звярнуцца да аптэкаркі ці прадаўшчыцы і нешта спытацца. Надзею на тое, што калі яны пройдуць гэты шлях, то многага змогуць дасягнуць.
Кажуць, што мова – гэта душа народа. Ці змяняецца нешта ў характары, ментальнасці, у разуменні і стаўленні да свету, калі чалавек вывучае замежную мову?
Калі насамрэч вывучаеш мову ў непарыўнай сувязі з яе культурай, носьбітамі гэтай мовы, калі ты спрабуеш зразумець, які ён – гэты паляк, то да, нешта змяняецца.
Палякі, на маю думку, большыя еўрапейцы, чым мы, беларусы. Гэта адлюстроўваецца і на ўзроўні мовы. І не толькі польскай і беларускай. Вось калі ўзяць англійскае слова “man” і беларускае “чалавек”. Слова “чалавек” паходзіць ад слова “чало” – галава, думкі, розум. Англійскае слова “man” утварылася ад слова manos – рука, рабіць. У нас розная ментальнасць, розныя падыходы.
Хаця палякі таксама славяне, але ж усё-ж такі яны заходнікі і крыху іншыя. І гэта ўсё адлюстроўваецца ў мове: у побытавых словах, літаратуры, мове кіно. І нават калі глядзіш польскія фільмы ці мульцікі, адразу заўважаеш – яны другія.
У польскай мове мяккія гукі, яна вельмі плынная, чым падобная да беларускай. Але ў палякаў іншае разуменне свету, больш еўрапейскае. Таму калі беларус вывучае еўрапейскую мову, ён “прымярае” на сябе еўрапейскасць, пачнае крыху па-іншаму думаць і разумець свет. І калі ён гатовы да зменаў – ён будзе змяняцца, станавіцца іншым, думаць па-іншаму.
Ці кожны чалавек можа вывучыць замежную мову? З якога ўзросту лепш за ўсё пачынаць?
Мне падаецца, гэта ўсё вельмі персанальна. Адныя гавораць, што з самых ранніх гадоў трэба вучыць дзяцёнка замежнай мове, другія кажуць, што гэта наадварот шкодна – потым дзіця не зможа нармальна ўсваіваць неабходны мінімум ведаў па розным галінам.
Я вывучала польскую мову з 19 гадоў. Да гэтага па-польску магла толькі палічыць да 10. Але вядома, што я не змагу размяўляць на польскай мове так, як размаўляюць палякі. У мяне іншая лексіка. Я маю акадэмічную адукацыю, таму і мова ў мяне акадэмічная.
На занятках я даю шмат менавіта побытавых слоў, але адначасова я сама вучуся разам з навучэнцамі. Таму што так, як мы размаўляем у жыцці, мы не размаўляем ва ўніверсітэце. І так, як мы размаўляем ва ўніверсітэце, мы не размаўляем у жыцці.
Калі разглядаць чалавека сталага ўзросту, то цяжкасці ўзнікаюць з аб’ёмам інфармацыі, якую сталы чалавек можа засвоіць. Ім патрабуецца больш часу для таго аб’ёма інфармацыі, які малады чалавек засвоіць у шмат разоў хутчэй. Але з іншага боку, усё залежыць ад матывацыі. Бо малады чалавек можа павывучываць шмат непатрэбнага і хутка забыць, а сталы чалавек ужо пачынае адбіраць, што яму патрэбна, а што – не. Нават калі я даю шмат матэрыяла, навучэнцы не вучаць усё, а толькі тое, што ім карысна, што ім трэба.
Якія ты бачыш перспектывы сваёй працы ва УЗВ?
У новым семестры ў мяне будзе дзве групы, адна з якіх будзе працягваць навучанне з цяперашняга набору, з імі мы будзем працягваць напрацоўваць базу, а другая – навічкі, якія не ведаюць мовы ці ведаюць яе вельмі слаба – з імі мы будзем працаваць з самага пачатку.
Калі-небудзь мы выдадзім маленечкі дапаможнік па польскай мове для пачынаючых, у якім будзе ўсё дакладна сканструявана па тэмах. Зараз мы працуем з тымі раздаткамі, якія я прыношу, а калі-небудзь мы будзем працаваць з дапаможнікам.
Якім ты бачыш ідэальны УЗВ?
Ідэальна было б, каб у УЗВ быў свой уласны будынак, ну, ці хаця б частка якога-небудзь будынку. У мяне быў бы свой уласны кабінет, дзе ў спецыяльную шафу я складывала б усе матэрыялы ў клёвыя тэчкі, дзе ў парадку стаялі б усе раздаткі, усё было б акуратна падпісана. У нас была б свая невялічкая бібліятэчка. Таксама ў кабінеце былі б мультымедыйныя магчымасці, мы маглі бы глядзець фільмы. Мы працавалі б па раскладу заняткаў, як у сапраўдным універсітэце.
Што дае УЗВ менавіта табе? Навошта табе патрэбна гэтая праца?
У мяне муж таксама часта пытаецца пра гэта. А адказ адзін: мне проста цікава, і ўсё. Я пайшла гэта рабіць з цікавасці, раблю, таму што мне цікава, і буду рабіць.
No comments:
Post a Comment