Разам з ім нашыя навучэнцы падарожнічаюць, даведваюцца новыя факты старой гісторыі роднага гораду. Знаёмцеся - Віктар Кірэеў, вядучы секцыі УЗВ "Падарожжы ў часе і прасторы".
Ён доўга шукаў сябе. Калі быў маладым, кожны год мог па некалькі разоў змяняць працу. Працаваў і чыгуначнікам, і міліцыянерам!
Ён доўга шукаў сябе. Калі быў маладым, кожны год мог па некалькі разоў змяняць працу. Працаваў і чыгуначнікам, і міліцыянерам!
Вучыўся ў Мінскім радыётэхнічным інстытуце. Але потым прызванне ўзяло верх і Віктар скончыў гістарычны факультэт ГрДзУ. Вучыўся завочна, адначасова працаваў у Музеі гісторыі рэлігіі, дзе пачаў праводзіць свае першыя экскурсіі. Праз некаторы час Віктару прапанавалі правесці экскурсію па-за межамі музея. Ён пагадзіўся і ў яго ўсё атрымалася. Недзе з 80-х гг.стаў экскурсаводам. Бывалі такія выпадкі, калі слухачы апладыравалі і нават прасілі аўтографы! З таго часу Віктар і вырашыў звязаць сваё жыццё менавіта з гэтай сферай дзейнасці – з экскурсаводствам.
Якім чынам Вы трапілі ва УЗВ?
Усё насамрэч вельмі проста. Мой добры знаёмы, грамадскі актывіст Кастусь Жынь запрасіў мяне ва Універсітэт у якасці выкладчыка-экскурсавода. Я не адмовіўся, прыйшоў і зараз ужо другі год правожу тут экскурсіі.
Раскажыце пра спецыфіку Вашага гуртка.
Як звычайна людзі праводзяць свае заняткі ў нейкіх памяшканнях, так і я правожу, толькі маё памяшканне – агульная прастора нашага гораду, яго ваколіцы. Канешне, у сувязі з гэтым узнікаюць пэўныя цяжкасці: надвор’е можа быць добрым, можа ззяць сонейка, а можа быць і зусім наадварот – моцныя маразы, снегапады, дажджы. Але гэта не спыняе нас – мы ходзім па горадзе ў любое надвор’е.
А як Вы думаеце, што падштурхоўвае Вашых гурткоўцаў прыходзіць на экскурсіі нават у дрэннае надвор’е?
Я думаю, што іх падштурхоўвае цікаўнасць да гісторыі нашага гораду. І тое, што раней было мала магчымасцей гэтую цікаўнасць наталіць.
Пакуль чалавек навучаецца ў школе, то настаўнікі яшчэ ладзяць нейкія вылазкі ў музеі, экскурсіі рознага кшталту, але пасля заканчэння школы гэта таксама сканчаецца.
Калі чалавек працуе на нейкім прадпрыемстве, яму канешне могуць прапанаваць экскурсійную паездку ў Брэст, Мінск, Белавежскую пушчу, але ніколі не прапануюць экскурсію па родным горадзе. Як гэта не дзіўна..
Таму дарослы чалавек проста губляецца. Ён губляе магчымасць даведацца штосьці новае пра свой родны горад, у якім ён жыве ці ў якім пражыў большую частку свайго жыцця.
Вы плануеце ўвесці ў гурток элемент навучання самой прафесіі “экскурсавод”. Раскажыце пра гэта, калі ласка.
Мы збіраемся гэта зрабіць ужо на бліжэйшым занятку. Будуць выкарыстаны пэўныя метадычныя рэчы і падыходы да розных момантаў, каб людзі маглі набытыя імі веды выкарыстоўваць найлепшым чынам. Я запрасіў усіх навучэнцаў на гэты метадычны занятак. Можа, камусьці спадабаецца, хтосьці зацікавіцца, і тады ў будучыні мы паглыбім атрыманыя веды ў гэтай галіне.
Як Вам працуецца з людзьмі сталага веку?
Узрост, канешне, накладае пэўныя абавязкі - мы не можам ісці хутка, таму што не ўсе навучэнцы паспяваюць. Але з іншага боку, як не дзіўна, трываласць чалавека сталага ўзросту большая, чым у маладых людзей, хоць сталыя людзі і не могуць рухацца вельмі хутка.
Што тычыцца ўспрыняцця, то тут ўсё нармальна. Дарэчы, яны не толькі даведваюцца пра новае ад мяне, але і я даведваюся ад іх пра многія рэчы.
Яны яшчэ больш уважлівыя, заўважаюць тое, што не ўсе маладыя запрыкмецяць, могуць распавесці пра тое, што не зафіксавалі ў свой час ні фота- ні відэакамеры, але што бачылі яны самі. У нашым горадзе такога шмат, таму мне вельмі цікава праводзіць экскурсіі з такімі цудоўнымі цікавымі людзьмі.
Ці ставіце Вы перад сабой нейкую мэту, якую рэалізуеце дзякуючы гуртку?
У кожнага чалавека павінна быць нешта такое, што Станіслаўскі назваў звышзадачай. У мяне таксама такая звышзадача ёсць: каб жыхары нашага горада ўсіх узростаў добра ведалі яго гісторыю, станавіліся шчырымі прыхільнікамі і знаўцамі нашай гісторыі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй.
Ці можаце Вы прыгадаць самы цікавы маршрут?
Для мяне ўсе маршруты аднолькава цікавыя. Таму што калі ты выходзіш праводзіць экскурсію і табе самому нецікава, ты не зможаш зрабіць так, каб гэта было цікава другім людзям.
А што тычыцца чагосьці арыгінальнага, чаго мы не робім са звычайнымі турыстамі, то гэта, напрыклад, паказ гарадзенскага некропаля – нашых старых могілак, дзе хто пахаваны са знакамітых гарадзенцаў, якія жылі калісьці тут.
Ці можаце падгадаць кур’ёзныя, смешныя выпадкі?
Так, вядома. І якраз такі выпадак звязаны з экскурсіяй па гарадзенскіх старых могілках. Гэта здарылася яшчэ ў мінулым навучальным годзе, у траўні. Не пашанцавала нам з надвор’ем - ішоў праліўны дождж. Але людзі ўсё ж такі сабраліся. Я запытаўся ў іх, ці пойдзем, яны мне ўсе адказалі: “Канешне, пойдзем!” Так мы і пайшлі, узброіўшыся парасонамі.
Прыйшлі на праваслаўныя могілкі, я пачаў распавядаць пра нашых знакамітых людзей, ідзем далей, заходзім на каталіцкія могілкі, за капліцай раптам бачым нешта незвычайнае: гэты самы дождж, гэтыя самыя могілкі, але з другога боку крочаць нейкія незвычайныя людзі…вайскоўцы! Са зброяй! Пры гэтым я падсвядома пазначаю сабе, што форма знаёмая, але разам з тым вельмі варожая…Гэта ж немцы! Са шмайстэрамі, ідуць!
І розныя думкі тут загулялі: а што, калі мы трапілі ў нейкую дзюру ў часе і аказаліся ў часы Другой Сусветнай вайны? Хто ведае? Можа, гэта часам адчыняецца ў тых месцах і ў той час, калі людзей не можа быць тут! Скажам, у моцны дождж на могілках. Розныя думкі, і нейкая трывога…
І раптам чую крык: “Мужчина, выйдите из кадра!” Ну ўсё, ад сэрца адлягло – кіно здымаюць!
Якія Вы бачыце перспектывы сваёй працы ў далейшым? Што хацелі б змяніць, прыўнесці?
Тут, канешне, ёсць пра што паразважаць. У мяне ёсць ужо 10 добра распрацаваных маршрутаў, але можна зрабіць яшчэ большую колькасць. Што тычыцца розных падыходаў, то тут цяжка штосьці змяніць, бо экскурсіі – гэта класіка жанра. Магчыма, было б добра рабіць некаторыя заняткі ва аўдыторыях, дзе выкладаць тэарэтычны курс Гродназнаўства, не звязаны з канкрэтнымі мясцінамі ў горадзе. У гэтым кірунку таксама магчыма рухацца.
Што дае Ваш гурток самім навучэнцам?
Гэта лепш запытаць у саміх навучэнцаў. Яле я думаю, што гурток дае ім пэўнае задавальненне, што яны атрымліваюць веды пра горад. Як асоба, улюблёная ў нашу Горадню, я стараюся гэтую любоў перадаць навучэнцам.
Што дае гурток Вам?
Гурток дае мне задавальненне і самарэалізацыю. Хоць я маю дастаткова працы з чыста камерцыйнымі экскурсіямі, куды прыязджаюць турысты з іншых гарадоў і краін, але я лічу, што трэба павялічваць веды пра горад і яго гісторыю сярод саміх гарадзенцаў. Гэта раблю – і тым задаволены.
Ці вучыцеся Вы ў навучэнцаў?
Так. Яны часам ведаюць такія факты, якія можа ўжо акрамя іх не ведае ніхто ў нашым горадзе. З іншага боку, яны вучаць мяне пэўнаму стаўленню да жыцця, дзеляцца сваёй жыццёвай мудрасцю, якую я таксама пераймаю.
Назавіце тры станоўчыя і тры адмоўныя бакі УЗВ.
Пачнем са станоўчага. Часам людзі, якія дасягаюць пенсійнага ўзросту, губляюць імпэт, густ да жыцця, да набыцця новых ведаў. І гэтыя тэндэнцыі Універсітэт дапамагае пераадольваць. Ён дае новы сэнс жыцця навучэнцам, дапамагае ставіць новыя мэты і паказвае, што з пенсіяй жыццё яшчэ не скончылася, а ў пэўным сэнсе можна сказаць, што толькі пачынаецца.
Не толькі ў нашым, беларускім, грамадстве (у іншых таксама, у тым жа кітайскім, нямецкім і інш.) шмат людзей не маюць магчымасцяў займацца творчымі прафесіямі. Часцей людзі зарабляюць грошы на жыццё, але жыве ў душы нешта такое, што яшчэ незадаволенае. Універсітэт дае магчымасць набыць новыя веды, сэнс жыцця і пэўнае адчуванне навізны нават у сталым узросце.
А адмоўнае?
Адмоўнае? Можа, ёсць некаторыя недасканаласці, якія звязаныя з тым, што справа толькі ў самым пачатку. І магчымасці да самаўдасканалення яшчэ не ўсе вычарпаныя.
Абышлі пытанне, вельмі карэктна!
Можна сказаць, што абышоў, а можна сказаць, што і не. Ёсць такая прымаўка: “Першы блін комам”. А ў нас тут не комам, а даволі добрыя бліны выходзяць. Але ўдасканальвацца можна і трэба. Каб было да чаго імкнуцца.
А да чаго нам трэба імкнуцца? Які, на Ваш погляд, ідэальны УЗВ?
Ідэальны Універсітэт Залатога Веку будзе большым – каб ахопліваў большую колькасць людзей. Ідэальна было б, каб было сваё асобнае памяшканне, з аўдыторыямі. Каб быў сталы выкладчыцкі калектыў, і больш упадабляўся да іншых устаноў з назвай “універсітэт”. Да гэтага шлях непросты, але магчыма, такі шлях трэба прайсці.
Можа, Вы параілі б увесці якія-небудзь новыя курсы?
Мне цяжка аб гэтым судзіць, таму што я больш засяроджаны на сваім курсе. Але калі паглядзець, то некаторыя людзі цікавяцца ўсходняй культурай, кітайскай ці японскай, можа, з часам можна ўвесці і такі гурток. У нас выкладаюцца польская і ангельская мовы, можа, цікавасць прачнецца і да літоўскай мовы. Тут насамрэч шмат чаго можна напрыдумляць.
Можа, Вы будзеце рыхтаваць сабе паслядоўніка з ліку нашых навучэнцаў?
Я скажу, што гэта нікому не забаронена. Кожны чалавек з вышэйшай адукацыяй можа паехаць у Мінск, здаць адпаведныя іспыты і атрымаць пасведчанне экскурсавода альбо гіда-перакладчыка (напрыклад, для тых, хто вывучае польскую мову).
Калі я быў на такіх іспытах сам два гады таму, то найстарэйшы ўдзельнік іспытаў меў 62 гады…А калі я прыязджаў з экскурсіямі ў Кракаў, то там бачыў экскурсавода, якому было 80 год, і ён актыўна працаваў, быў вельмі запатрабаваны і папулярны, я яго вельмі часта бачыў. Так што ўзрост – гэта не перашкода. І не толькі для цікавасцяў, але і для набыцця новай прафесіі.
Ці ёсць у Вас жыццёвае крэда, дэвіз?
Наконт жыццёвага крэда цяжка нешта сказаць, але мне вельмі падабаецца фраза Канта: “Рабі тое, што трэба – і хай будзе, што будзе”.
Дзякуй, Віктар, за цікавыя экскурсіі! Дай Бог ногі!
ReplyDelete