Ва ўтульнай зале Дома культуры “Цветліт” вечарам 14 лютага прывычна
сабраліся слухачы “Універсітэта Залатога Веку”. У гэты дзень тут адбывалася вечарына, прысвечаная класіку
беларускай літаратуры Якубу Коласу.
Хвалявалася вядучая, аўтар сцэнарыя Марыя Станіславіч (на здымку ніжэй), усхвалявана прахаджваліся ўдзельнікі мерапрыемства, прымерваючыся да свайго месца на сцэне, памочнікі прыдзірліва правяралі тэхнічныя сродкі. Як усё атрымаецца –быццам было напісана на іх тварах, бо жыццёвы шлях і творы песняра ў агульных рысах многім знаёмы...
І вось прыцямнілі святло ў зале, засвяцілася сцэна, на якой размясціліся
8 удзельнікаў гасцёўні. Палілася чароўная мелодыя песні “Мой родны кут” у
мяккім душэўным выкананні Данчыка. І калі пад гэтую мелодыю на сцэне з’явілася вядучая
ў беларускіх строях, слухачы ў зале былі гатовы разам з ёю пусціцца ў хвалюючае
падарожжа па жыццёвым шляху Костуся – Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча – Якуба
Коласа.
Змяняліся кадры на экране, раскрываўшыя
прыгажосць квітнеючых лугоў, таямнічасць і задуменнасць прынёманскіх бароў,
утульнасць Міхасёвай леснічоўкі, калі сп. Марыя і ўдзельнікі вечарыны апавядалі
аб жыцці сямейства Міцкевічаў у Акінчыцах,
Альбуці, Мікалаеўшчыне, калі гучалі вершы і ўрыўкі з паэмы “Новая зямля” аб
занятках сям’і і вучобе дзяцей у вясковага “дарэктара”, рабілі інсцэніроўку
казкі.
Прыціхшыя, захопленыя пачутым, прысутныя пазнаёміліся
з мясцінамі Нясвіжа і Палесся, дзе вучыўся і працаваў Кастусь Міцкевіч, убачылі
і зразумелі вытокі паэтычна – літаратурнай творчасці пісьменніка. Вельмі да
месца былі падабраны і прагучалі ў добрым, выразным чытанні вершы песняра, у
якіх выразілася яго непарыўная сувязь з родным краем, яго прыродай, з сваім
народам, з якім ён дзяліў ягоны пакручасты, нялёгкі шлях. Гучала перакананне паэта ў прыходзе светлых часоў:
Прыдзе час, і снег растане,
Прыдзе зноў да нас вясна.
Ветла сонца з неба гляне,
Ачуняе старана.
Свае роздумы паэт выказваў у вершах, паэме “Новая зямля”, пачатай у
Мінскім турэмным замку. Адарваны ад любых мясцін, за турэмнымі сценамі ён успамінае
Мой родны кут, як ты мне мілы!
Забыць цябе не маю сілы.
Вось як цяпер перада мною
Ўстае куточак той прыгожы...
Прачуласць гэтых словаў у спалучэнні з
музыкай і кадрамі на экране ўзрушвалі душы слухачоў, будзілі адчуванне
несправядлівасці таго, што адбылося, і жаданне яго выправіць.
Узрушыў прысутных і расповед аб апошніх днях славутага песняра, які,
усхваляваны станам роднай мовы ў краіне, аднёс аб гэтым пісьмо ў ЦК КПБ, а там
яго бяздушна пахавалі. Перажыванні Якуба Коласа глыбока выразіў гарадзенскі
паэт Яўген Хваленя, верш якога па-мастацку прачытала Оля Астроўская пад
шчымлівыя гукі песні “Мой родны кут”...
Калі адгучалі апошнія словы і музыка, усхваляваныя слухачы, вытрымаўшы
паўзу на кароткі роздум, адгукнуліся дружнымі воплескамі:
– Брава! Брава!
– Цудоўна!
– Выдатна атрымалася, – як бы падсумаваў
прафесар Аляксей Пяткевіч.
Арганічнай часткай вечарыны стала выступленне
нашай славутай паэткі Дануты Бічэль (на здымку ніжэй), якая прачытала свае новыя вершы глыбокага
духоўнага зместу.
І вечарына Якуба Коласа, і вершы–роздумы нашай
выдатнай зямлячкі стварылі спраўднае свята беларускай мовы: гучалі
высокамастацкая паэзія, выдатныя беларускія песні і музыка, дэманстраваліся
прыгожыя беларускія краявіды.
Святочную вечарыну зладзілі М. Станіславіч, О.Астроўская, Р.Алізаровіч, І.Буднік, Л.Гладкова, М.Загідуліна, Л.Кіркевіч, Д.Макей, Л.Мацкевіч, В.Парэйка, А.Пячынін, А. Шота, Г.Яцкевіч.
Іван
Буднік
Фота Вольгі Анціпавай
No comments:
Post a Comment