05 April 2011

Зміцер Іваноўскі: “Я вучуся бачыць свет вачамі сваіх навучэнцаў”

Серыю інтэрв'ю з выкладчыкамі "Універсітэту Залатога Веку" працягваецца размовай з вядомым гарадзенскім мастаком Зміцерам Іваноўскім. Ад пачатку дзейнасці УЗВ сп. Зміцер вядзе заняткі нашай "Акадэміі Мастацтваў Залатога Веку".

- Я ведаю, колькі мне каштавала прыйсці да да таго, кім я стаў, да сваіх сённяшніх уменняў і навыкаў. Калі б шмат гадоў таму знайшоўся такі чалавек, які дапамог мне, накіраваў, навучыў, перадаў мне тое, што сам умее – мой шлях быў бы значна прасцейшы. Таму сваім навучэнцам я хачу падараваць такую магчымасць, якой сам не меў - пачынае размову сп. Зміцер.



Што для Вас ёсць мастацтва?

Мастацтва – гэта маё жыццё, гэта ўсё для мяне. Я пераспрабаваў шмат у жыцці, працаваў і са скульптурай, і з графікай, але алейныя фарбы для мяне засталіся самым любімым сродкам самавыражэння. Чым больш я працую імі, тым больш разумею, колькі яшчэ не ведаю. Імі можна перадаць усё: настрой, пачуцці, тое, што бачыш і што адчуваеш. Тут тысячы магчымасцяў! І на шчасце, няма той мяжы, да якой можна было б дайсці і спыніцца.

Што Вам дае праца ва Універсітэце Залатога Веку, у вашым гуртку?

Я вучуся ў сваіх навучэнцаў бачыць свет, штосьці новае іх вачыма. Мне ніколі не было шкада падзяліцца тым, што я ўмею рабіць сам.

Я ведаю, што часта людзі настолькі закамплексаваныя, што кожны раз адкладаюць нешта “на потым”, а маім навучэнцам хапіла смеласці самім для сябе вырашыць, што ім патрэбна, прыйсці і самастойна нешта рабіць. І калі я магу ім у гэтым дапамагчы – я вельмі рады і задаволены.

Як працуецца Вам з людзьмі сталага веку? Якія асаблівасці, складанасці Вы маглі б назваць?

Калі складанасці і ёсць, то магчыма, жыццёвыя. Маладая галава менш забіта комплексамі. Часта людзі думаюць: “Я гэта на магу”, альбо “Мяне вучылі гэта рабіць па-іншаму”. Таму цяпер цяжка перавучыць чалавека рабіць нешта інакш, як я лічу больш правільным і больш простым. У такіх людзей больш цяжка праходзіць працэс навучання.

Я неаднаразова казаў, што асноўнай праблемай нашага грамадства ў адносінах да малявання з’яўляецца тое, што нам практычна нідзе не паказваецца і не гаворыцца як трэба рабіць правільна. Тое, што ў школах гавораць “Дзеці, малюйце як вам хочацца, толькі сядзіце ціха”, я лічу неправільным.

Крыўдна тое, што маляванне, якое я лічу адным з неабходных у жыцці навыкаў, уменняў, не выкладаецца нармальна, як трэба. Без гэтага жанчына не зробіць выкрайку, ніхто не зможа вобразна ўявіць і расказаць пра нешта іншаму чалавеку, нават абставіць хату будзе складана. Я не першы дзень займаюся жывапісам і графікай і ўпэўнены, што маляваць можа кожны чалавек.

Што дае чалавеку маляванне? Якія змены адбываюцца з Вашымі навучэнцамі?

Асабіста мне маляванне дае ўсё! Я адчуваю сябе самым шчаслівым з людзей, таму што раблю тое, што мне падабаецца і яшчэ за гэта атрымліваю грошы. Такое спалучэнне – адзін са складнікаў шчасця.

Я бачу, як загараюцца вочы ў маіх навучэнцаў, што яны ўсведамляюць, як з кожным днём ім усё прасцей даецца маляванне. На першых занятках я ставіў шклянку, каб яны малявалі, і навучэнцы казалі "Вось, у нас не атрымаецца".

А сёння яны ўжо прыносяць з дому цудоўнейшыя нацюрморты. Не раз да мяне ў майстэрню забягалі студэнты ГрДзУ, глядзелі тую натуру, якую малююць слухачы УЗВ і здзіўляліся: “Ну, гэта малюнкі старэйшых курсаў!”
Гэта вельмі прыемна. Я думаю, вельмі важна знімаць з чалавека псіхалагічны комплекс “я не магу”, “я не ўмею”.

Чалавек уцягваецца ў маляванне, з галавы вылятаюць усе праблемы, таму што ў момант працы людзі займаюцца канкрэтнай справай. Хаця б на гэты кароткі час малявання галава можа адпачыць ад усіх турбот і праблемаў.

Ці плануеце вы пераходзіць з навучэнцамі ад алоўка да колеру?

На дадзены момант мы сапраўды працуем толькі алоўкам, але плануем з часам перайсці на алейныя фарбы – бо яны, па майму меркаванню, найбольш зручныя для работы. Акварэль і гуаш – гэта больш складана для пачынаючых.

Назавіце асноўныя прынцыпы Вашага навучання?

На маю думку, асноўная задача Універсітэту заключаецца ў тым, каб навучыць правільна маляваць з наіменьшымі фізічнымі і маральнымі выдаткамі. Мэта будзе дасягнута, калі навучэнцы змогуць правільна рэалістычна перадаваць тое, што бачаць.

У еўрапейскіх універсітэтах дадзена права “свабоднай” рукі: малюй, працуй так, як ты бачыш, як адчуваеш, ты маеш на гэта поўнае права. Я лічу гэта неправільным, таму што задача навучальнай установы – навучыць маляваць правільна.

Нікому не прыходзіць у галаву думка даць такое права таму ж столяру: вось зробіць крэсла крывое – а ён так бачыць. Задача навучальнай установы – навучыць столяра прафесійна рабіць выдатныя крэслы, а што ён потым напрыдумляе – гэта ўжо яго справа.

А якія могуць быць у мастацтве правілы?

Рэалістычная перадача таго, што бачыш. Каб я адчуваў гэтую рэалістычнасць і іншыя людзі таксама. Нам перашкаджае навучыцца маляваць наша галава. Пры маляванні трэба адключыць галаву і ўключыць вочы. Вочы выдатна бачаць суадносіны, памеры, колеры. Прынамсі, у жанчын ад нараджэнне колераўспрыняцце на 25% вышэйшае, чым у мужчын. Але ў той жа час знакамітых жанчын-мастакоў значна менш, чым мужчын.

У маім жыцці прайшло больш за 60 персанальных выставаў, але самая важная і хвалюючая для мяне была выстава ў вёсцы Гудзевічы – мясцінах, дзе я нарадзіўся. Там жывуць тыя людзі, у якіх не сапсавана адчуванне правільнасці, рэальнасці намалёванага. І калі я намалюю нешта не так, я адразу гэта ўбачу па іх рэакцыі. Яны ніколі не стануць захапляцца тым, што ім не падабаецца, толькі з-за таго, каб мяне не пакрыўдзіць.

Якім Вы бачыце ідэальны Універсітэт Залатога Веку?

Калі гаварыць пра ідэальны УЗВ, то я бачу гэта так: прыемная вялікая аўдыторыя для працы, з добрым асвятленнем, з вялікай колькасцю працоўных фондаў (натуры: розных прадметаў; фарбы, алоўкі і г.д.), каб была тэхнічная магчымасць рассадзіць навучэнцаў у адно кола. Каб яны маглі самі выбраць для сябе зручнае месца і спакойна працаваць. Гэта было б выдатна. Жадаючых, я так думаю, з кожным разам будзе ўсё больш, і іх трэба недзе размяшчаць.

Навучэнцы павінны мець магчымасць рабіць свае выставы, выязджаць на пленэры. У прынцыпе, мы і плануем гэта арганізоўваць у канцы вясны – летам. У нашых навучэнцаў у гэтым сэнсе больш магчымасцей, бо ў многіх ёсць дачы, домік на вёсцы, машына.

У вас на занятках вельмі цёплая атмасфера. Ці можаце Вы прыгадаць якія-небудзь кур’ёзныя, цікавыя выпадкі?

Цікавы кожны дзень занятку. Гэта могуць быць тыя ж самыя людзі, але яны прыходзяць ужо з новым настроем, пачуццямі, навінамі – і гэта цудоўна. Навучэнцы адчуваюць сябе лепш у гэтым калектыве, таму што іх аб’ядноўвае адна справа, адна мэта, яны не адчуваюць сябе адасобленымі ад грамадства. Яны разам, яны – калектыў. Гэта робіць іх маладзейшымі.

Што дапамагае навучэнцам ствараць, развівацца? Што дае штуршок?

У асноўным – гэта не мая заслуга, гэта найперш перамога тых людзей, якія сюды прыходзяць. Яны не пабаяліся ў гэтым узросце, маючы ўвесь свой назапашаны досьвед, не толькі казаць, што хочуць гэтага, але і рабіць. Людзі часта прыдумляюць сабе адгаворкі, каб не пачынаць новую справу, якую, здаецца, і хацелася б рабіць.

Я заўсёды ставіўся да такога проста: калі хочыш – пачні і рабі, без усялякіх “пазней” ці “мне ўжо позна”. Ніколі не позна. Сталыя людзі прайшлі вельмі працяглы адрэзак свайго жыцця свядома, таму яны разумеюць, што ім трэба, чаго яны хочуць, а жыццёвы вопыт ім толькі дапамагае. У гэтых людзей ёсць магчымасць вучыцца кожны дзень: у маёй майстэрні і ў сябе дома. Яны часта прыносяць малюнкі, якія зрабілі ў хаце. Яны ставяць перад сабою мэту і з поспехам яе дасягаюць.

Ці ёсць у Вас жыццёвае крэда, дэвіз?

Я сабе дэвізаў не прыдумляю, але жыву па некаторых правілах. Мне часта задавалі стандартнае пытанне, адкуль я бяру натхненне? Такое пытанне задаюць і іншым мастакам, і кожны адказвае па-свойму. Але калі нехто гаворыць, што пакуль з космасу не прыйшло натхненне, ён не будзе працаваць, я заўсёды заўважаю: значыць, ты робіш не тое, што табе падабаецца.

Калі я раблю тое, што мне падабаецца, мне не трэба чакаць натхнення. Паверце, гадзін у сутках не хапае, таму што за любімай працай не заўважаеш, як ляціць час. Таму можна сказаць, што я жыву па правілу: “Калі робіш тое, што табе сапраўды падабаецца, то і натхнення не трэба, сама праца стане для цябе натхненнем”.


Што ў Вашым разуменні азначае паняцце “прафесійны мастак”?

У нас сапраўды гавораць “прафесійны мастак”. Што такое “прафесійны мастак”? У нашых людзей на ўзроўні падсвядомасці ідзе асэнсаванне таго, што прафесійны мастак – гэта той, хто атрымаў дыплом і цяпер працуе. Калі ён дыплом не атрымаў, то ён – самавучка, умелец. Ён не прафесійны. Я ж лічу, што калі нейкая справа дае табе заробак, ты прысвячаеш гэтай справе ўсё жыццё – гэта становіцца тваёй прафесіяй, і аўтаматычна чалавек становіцца прафесійным у сваёй сферы. Адукацыя тут можа быць адна – праца, праца, праца! З кожным годам я адчуваю, што маю сілы і жаданне вучыцца і далей.

Спецыяльнага дыплома пра заканчэнне факультэтаў мастацтва ў мяне няма. У нашай краіне мяне можна назваць народным умельцам, самародкам. У Еўропе гэта ўспрымаецца інакш. Першае там: калі ён вучыўся і так класна малюе, то ў каго ён вучыўся, у якога майстра? Гэта вельмі важна, ад гэтага залежыць характарыстыка мастака. Вельмі важна там і навучацца ў прэстыжнай навуковай установе. Але калі ты самастойна дасягаеш высокага ўзроўню ў сваёй працы – гэта само па сабе найважнейшая рэч.

Але дзе тыя мастакі, што скончылі ГрДзУ? Зніклі! Тады паўстае пытанне: каго вы вучылі? І ці навучылі сапраўдных спецыялістаў? Чаму мала хто з выпускнікоў не працуе па сваёй спецыяльнасці? Таму што ў працэсе навучання ў галаву моладзі ўбіваецца алергія да мастацтва, а гэта значыць, што з выкладаннем у нас нешта не тое.

Прыгажосць уратуе свет?

Я даўно ўжо казаў, што гэта прымаўка абсалютна неправільная. Прыгажосць заўсёды нясе з сабой войны. Такая наша людская натура. Калі мы бачым штосьці прыгажэйшае ў другіх, то ідзем на злачынства. Але з іншага боку, без прыгажосці не можа быць лепшага жыцця, свету.

А калі лічыць, што прыгажосць – гэта мастацтва? Мастацтва можа ўратаваць свет?

Мастацтва…Толькі самі людзі могуць сябе ўратаваць. Мастацтва само па сябе ўратаваць не можа, але можа спыніць чалавека, затрымаць, каб той задумаўся над сэнсам жыцця і кожнага пражытага дня. Магчыма, дзякуючы гэтаму ён можа ўратавацца ад чагосьці. Але ўсё гэта павінен зрабіць сам чалавек.

Прывяду такі прыклад. Ікона – гэта не Бог. Але чалавек ідзе і звяртаецца падсвядома да іконы як да правадніка да Бога, просіць у іконы, каб Бог уратаваў яго ці яго блізкіх, дапамог яму. Так і мастацтва ва ўсялякіх яго праяўвах – праваднік да таго, каб уратаваць, але само па сабе яно ўратаваць не можа.

У чым сэнс мастацтва? Яго галоўная роля ў свеце?

З таго часу, як Бог стварыў гэты свет, людзі імкнуцца да таго, каб наблізіцца да Яго. У жывапісе мы спрабуем намаляваць тое, што зрабіў Бог, і перадаць свае пачуцці, свае адносіны да таго, што адбываецца ў гэтым свеце.

Вельмі важна бачыць прыгажосць навокал і ўпускаць яе ў сваё жыццё. Калі мы часам жывем, нам падаецца ўсё шэрым, гэта не навкал шэра, гэта ў нашай галаве шэра.

Няма такіх людзей, якія не бачылі і не адчувалі б прыгажосці альбо непрыгажосці. Калі яны бачаць усход сонца, раку, снег на дарожцы, яны адчуваюць гэтае прыроднае хараство. Не трэба старацца штосьці разумна сказаць, проста трэба бачыць прыгажосць ва ўсім навокал.

Усё трэба рабіць з настроем, добрымі пачуццямі, душой – і энергетыка будзе адчувацца ў выніку працы. Нават калі там будзе не зусім правільна намалявана, але энергетыка – гэта галоўнае ў карціне. Калі, скажам, у храм людзі неслі б толькі ўсё дрэннае, то туды ніхто б не хадзіў ачысціць душу. А калі ідуць з добрымі намерамі, памаліцца, паспавядацца, ачысціцца, то іконы становяцца намоленнымі і пасля могуць рабіць цуды.

Так і ў мастацтве: калі робіш з душой, з адкрытым сэрцам, з чыстымі памкненнямі – такая ж цудоўная будзе і аддача, мастак будзе ў стане тварыць цуды.

Размаўляла Вольга Корсун
Фота аўтара

No comments:

Post a Comment