04 April 2011

Вандроўка ў Святую Зямлю. Працяг

Другі дзень нашай вандроўкі пачынаецца з наведвання асноўнай хрысціянскай святыні – Храма Гроба Гасподняга. Едзем аўтобусам, не адрываючы вачэй ад велічнага, белага сонечнага Іерусаліма. Горача, 37 градусаў па Цэльсію. Каля святыні – паток веруючых і турыстаў з усяго свету.
Храм Гроба Гасподняга пабудаваны царыцай Аленай у 335 годзе. Разбураны персамі ў 614 годзе. Адноўлены ў 1009 г, разбураны ізноў, адноўлены крыжаносцамі ў 1149 годзе і існуе да цяперашняга часу. Часамі рэстаўруецца. Падзелены паміж 6 канфесіямі хрысціянскай царквы: грэка-праваслаўнай, каталіцкай, армянскай, копцкай, эфіопскай і сірыйскай. Кожнай выдзелены свае прыдзелы. Паволі спускаемся да месца, дзе быў пахаваны і ўваскрос Езус. Прыцемкі, гарыць свяшчэнны агонь, грэчаскі святар апальвае свечкі, на талерку кладзеш ахвяру і запіскі. Затым на хвілінку, на каленях кланяешся прасвятому месцу, цалуеш яго і кладзеш сувеніры, якія хочаш асвяціць. Адыходзіш, чакаеш сваіх спадарожнікаў у малітве ці роздуме.

Уваход у Храм Гроба Гасподняга

Шмат людзей падыходзяць да другога святога месца ў храме - Каменю Памазання. Насупраць уваходу ў Храм знаходзіцца шырокая мармуровая пліта, што прыкрывае камень. Калісьці сюды палажылі знятага з крыжа Езуса. 
Па іудзейскім звычаі яго цела намасцілі духмянасцямі і завярнулі ў плашчаніцу. Людзі пакланяюцца гэтаму месцу.

Камень Памазання

Па крутой лесвіцы падымаемся на Галгофу. Тут ізноў ставім свечкі за жывых і памерлых, апускаемся на калені. Галоўная малітва ў гэты дзень вялася па Крыжовай дарозе Езуса. Гэтыя апошнія часы жыцця Езуса адзначаныя 14 прыпынкамі, 9 з якіх здарыліся па дарозе да Галгофы, а апошнія 5 - унутры Царквы Гроба Гасподня. Тысячы людзей з розных краін свету праходзілі з малітвамі разам з намі вузкімі вулачкамі Старога Горада крыжовую дарогу Езуса. На некаторых прыпынках малітва была нечутнай з-за вялікай колькасці людзей. Таму мы праз некалькі дзён па прапанове айца Іосіфа паўтарылі крыжовую дарогу ў іншым месцы.

Трэці прыпынак на Крыжовым Шляху

А мы вандруем па старым горадзе. Ідзем па адрэстраўраванай вуліцы Кардо – галоўнай вуліцы горада часоў рымскага і візантыйскага перыядаў гісторыі Іерусаліма. Сёння тут шматлікія гандлёвыя рады. Наведваем тунель і купальню Сілааам. Гэта ўнікальная інжынерная пабудова (8 в. да н.э.) Спускаемся ў даліну Кедрон (даліна Іазафата)і наведваем старажытныя і самыя вялікія яўрэйскія могілкі. Акуратныя, белыя, размешчаныя ўгору, мала расліннасці, таму залітыя сонцам і не падобныя на нашы.

Яўрэйскія могілкі

Наведваем грабніцу цара Давіда. Ніколі ў народа Ізраіля не было такой вялікай тэрыторыі Зямлі Абетаванай. Каменны саркафаг Давіда на Гары Сіон накрыты полагамі, вышытымі срэбнымі каронамі Торы. Са старажытных часоў засталася крэпасць Давіда. Падымаемся на верхні паверх гэтага будынку, дзе знаходзіцца магіла цара Давіда. Тут размешчана святліца “Тайнай вячэры”, у якой Езус са сваімі вучнямі правёў апошнюю трапезу і ўстанавіў таінства святога прычасця.

 Вежа Давіда

У чацвёрты дзень нашай вандроўкі мы развітваемся з Іерусалімам і рушым праз Іарданскую даліну да Мёртвага мора. Не вельмі шырокая шаша бяжыць наперадзе, але дзіўна, што па адным баку ад дарогі ляжыць Іарданія, а па другім - Ізраіль. І ніякай відавочнай мяжы. На некалькі хвілін прыпынак, каб зрабіць экзатычныя фотаздымкі з пагоншчыкам вярблюдаў. Дакранаюся да зямлі: здаецца, пясок, а гэта - цвёрдыя, скалістыя, крутыя пароды.

Па дарозе да Мёртвага мора

Экскурсавод распавядае пра Кумран і Світкі Мёртвага мора. У Кумране жылі невялікія яўрэйскія абшчыны фарысеяў і садукеяў, якіх гісторыкі назвалі есеі. Яны перапісвалі на пергамент фрагменты Бібліі, запісвалі дакументы - статут і законы абшчыны, псалмы, трактаты, планы на будучыню. З 1947 г. у пячорах і наваколлях пасялення знойдзена каля 800 рукапісаў, напісаных у перыяд Другога Храма і жыцця Езуса. На крутым схіле гары, павернутай да Мёртвага мора, два пастухі-бедуіны, што шукалі сваіх авечак, знайшлі ў невялікай пячоры дзевяць збаноў; у адным з іх ляжалі тры згорнутыя скураныя світкі, у тым ліку - вядомы світак Ісайі.
Але наша мэта - нядоўгі адпачынак на Мёртвым моры. На яго беразе - мноства гатэляў з санаторна-курортным лячэннем. Вадаём размешчаны на 413 метраў ніжэй узроўню мора, гэта самае нізкае месца на паверхні зямлі, а паветра - больш гарачае, сухое і насычанае. Атмасфера, фільтруючая ультрафіялетавыя промні, больш густая, таму на гэтым моры на адкрытым сонцы можна заставацца досыць доўга. Мы мелі тут дзве непаўторных гадзіны. Заходзіш у мора, з дапамогай сваіх спадарожнікаў вымазваешся гэтай прыроднай салёнай лячэбнай граззю, трымаеш яе пятнаццаць хвілін пад сонцам, стоячы ў вадзе, потым - душ на беразе, ізноў, 2-3 разы паўтараеш гэтую працэдуру.
Лячыліся, адпачывалі, атрымлівалі асалоду. Канцэнтрацыя мінералаў тут у 8-10 разоў вышэй, чым у акіянскай вадзе, і гэта выкарыстоўваецца ў фармацэўтыцы і касметычнай прамысловасці. Наведалі мы і багатую і дарагую краму, у якой можна набыць касметыку і лекі з Мёртвага мова. Ёсць рускамоўны прадавец, які дае кансультацыю і патлумачыць, якім чынам можна карыстацца гэтымі сродкамі.

Мёртвае мора

А мы едзем у Хайфу - адзін з самых прыгожых гарадоў Святой Зямлі. Хайфа - паўночная сталіца Ізраіля, трэці па велічыні горад. Тут жывуць каля 230 тысяч чалавек, з якіх 7 тысяч - мусульмане і хрысціяне. У горадзе - 2 універсітэты, развітая прамысловасць, галоўны порт краіны. Хайфа - цэнтр бехаістаў, рэлігіі, якая ўзнікла ў Персіі ў XIX ст. Парэшткі Эль-Баба, якія быў пакараны , заснавальніка бехаізму, знаходзяцца ў маўзалеі на гары Кармель. Як заварожаныя, мы глядзелі на гэтае прыгожае рукатворнае месца, на якім прывычна адпачываюць гараджане.

Непаўторная Хайфа

Дзень насычаны і мы пад’язджаем да гары Кармель. Тут нас цікавіць кляштар кармелітаў і царква Стэлла Морыс (Марская зорка). У XII ст. група крыжаносцаў пасялілася на заходнім схіле гары Кармель, каб падобна прароку Елісею весці там жыццё пустэльнікаў. Так быў заснаваны манашшы ордэн кармелітаў, а царква пабудавана ў 1836 годзе на руінах кляштару крыжаносцаў, у пячоры якога пустыннічаў прарок Елісей. У царкве нас сардэчна спаткаў манастырскі святар, вітаў нас і жадаў шанцавання ў падарожжы. А мы тут з а. Іосіфам маліліся на святой імшы. Калі выходзілі з касцёла, да нас падышоў музыкант, які пераехаў у Хайфу з Гомеля. Папрасіў вярнуцца ў храм і сыграў на кларнеце “Ave Maria” І. С. Баха і казаў, што сумуе па Беларусі, а на развітанне сыграў наш дзяржаўны гімн.
У манастырскім садзе ёсць скульптурная выява Іллі Прарока, які змог адвесці небяспеку ад тых, хто паддаўся прапаведнікам паганскага бога Ваала і паказаў, хто з’яўляецца сапраўдным Богам. Непадалёку ёсць і помнік воінам, якія загінулі ў вайне з туркамі-мусульманамі.

Від на Акко з Хайфы

Горад Акко мы ўбачылі толькі ў вячэрніх агнях. У часы Спасіцеля горад называўся Пталемаідай. У старым квартале горада ёсць грэчаская царква св. Георгія. Стары горад нагадвае турэцкія гарады, а новы будуецца ў сучасным стылі. У яго прадмесці мы пасяліліся на 4 начы ў гатэлі, які больш багаты, чым папярэдні і размешчаны на Міжземным моры. Кармілі нас смачна і разнастайна. У гэты ж час пражывала ў гатэлі і група з Польшчы, з якімі мы пасябравалі.

Зранку едзем у Назарэт, у адну з галоўных святынь хрысціян, дзе сталася нешта дзівоснае: анёл сказаў Дзеве Марыі, што яна народзіць сына. Горад размешчаны на вышыні 380 метраў над узроўнем мора, таму адсюль відаць усю Галілею і Іезраільскую даліну. Мнагалюдны і багаты рынак, тыповы для Блізкага Ўсходу.

Месца наведвання і экскурсантаў і паломнікаў - Царква Благавешчання. У сённяшнім выглядзе царква пабудавана ў наш час і асвечана ў 1969 г. Гэта пятая надбудова над пячорай Благавешчання.

Царква Благавешчання

Гэта галоўная святыня храма, пакрытая медным полагам, над ёй узвышаецца вялізны купал у форме лілеі - сімвала чысціні Дзевы Марыі. Раскопкі падцвердзілі думку, што менавіта тут Дзева Марыя атрымала добрую вестку пра нараджэнне Божага сына. У царкве два ўзроўні. У ніжнім — пячора, а верхні ўзровень царквы ўпрыгожаны бліскучымі мазаікамі, фрэскамі, скульптурамі і аддадзены прыхажанам Назарэта.Тут і да гэтага часу вядуцца багаслужэнні. Галоўны алтар, сцены і ўнутраны двор упрыгожаны выявамі Дзевы Марыі, перададзенымі царкве рознымі краінамі (Партугаліяй, Бразіліяй, Іспаніяй, Японіяй, Францыяй, Польшчай). Царкву відаць здалёк, бо яе купал высіцца на 50 метраў.

Пячора Благавешчання

З даўніх часоў засталася і сінагога, дзе прапаведаваў Езус. Сёння - гэта месца хрысціянскіх малітваў.
У Назарэце мы наведваем і царкву Св. Архангела Гаўрыіла. Гэта грэчаская царква, пабудаваная ў 19 ст. над старажытнай падземнай крыніцай. Вельмі дзівосны іканастас. Унізе, справа і злева - падземная капліца, дзе чуваць бурленне крынічкі. У апакрыфічным Евангеллі ад Якава сказана, што тут Архангел Гаўрыіл першы раз з’явіўся перад Дзевай, але яна спалохалася і схавалася ў доме, і там пачула ад яго добрую вестку. Гэтай святой вадзіцы мы набіралі з сабой бо, кажуць, што яна лячэбная.

Едзем у Кану Галілейскую.

Галілея цяпер жытніца Ізраіля. Гаспадараць тут акуратна і хораша. Роўненькія палі з аліўкавымі дрэвамі. Пад кожным з іх - правадкі для арашэння.

Алівы

Плантацыі бананавых кусцікаў, абвешаныя ёмістымі торбачкамі сіняга колеру, у якіх даспяваюць бананы. А фінікавыя пальмы пладаносяць тут усё сваё жыццё.
А вось і біблейская Кана, вядомая, як месца першага цуда Езуса, дзе ён на вяселлі ператварыў ваду ў віно. Гэта цяпер арабская вёсачка Кфар- Кана, у якой пражываюць мусульмане і хрысціяне. Ізраільская вёска - гэта наш маленькі горад, толькі там яны будуюцца з 2-4- павярховых дамоў на ўзгорках. У Кане многа цэркваў: грэчаская, каталіцкая, мелкіцкая, баптысцкая.
Цэрквы ў Кане
А мы наведалі і маліліся ў праваслаўнай грэчаскай царкве, якую пабудавала Расія ў к. XIX ст. На імшы прасіла дапамогі сваім родным і сябрам-юбілярам. Перад царквой стаяць каменныя ваданосы. У адным - асвячаюць ваду, а ў другім - хрысцяць дзяцей. Праваслаўныя ў гэтай царкве бяруць шлюб.
Напрыканцы мы пад’язджаем да гары Фавар, якая падымаецца над Ізраільскай далінай на 480 метраў, але выглядае досыць высокай. Аўтобус падымае нас часткова, далей мы рушым на мікрааўтобусах і па круцізне ўздымаемся на гару, куды Езус падняўся разам са сваімі вучнямі - Пятром, Іакавам, Іаанам. Тут ён цудадзейна ператварыўся, тут з’явіліся ім Маісей і прарок Ілля, і тут усклікнуў Пётр: “Добра нам тут быці”.
Адзенні яго зрабіліся бліскучымі, вельмі белымі, як снег, як на зямлі бялільшчык не можа выбеліць”. (Марк, 9:2-3).
На гары пабудавана царква Ператварэння. Першая царква была пабудавана на гары Фавар у IVст. А ў цяперашнім выгляде яе пабудавалі ў 1924 г. на сродкі духоўных місій у Святой Зямлі. Тры алтары падзеленыя колонамі і зводамі. Галоўны алтар прысвечаны святому здарэнню з Езусам, а два бакавыя - Маісею і Ілл
і.
Галоўны алтар царквы Пераўтварэння

Наступнае месца нашай пілігрымкі Галілейскае мора ці возера Кінерет. Месца, адкуль бярэ пачатак хрысціянства. Тут Езус сабраў сваіх вучняў. Мора размешчана на 212 метраў ніжэй узроўню мора. Яго даўжыня 22 км., а шырыня - 12 км. Прыгожае, чыстае, блакітнае, на гарызонце зліваецца з небам. На ім ёсць караблікі, на якіх можна катацца за плату.

Возера Кінерэт

У Капернаўне Езус жыў два з паловай гады і зрабіў большасць са сваіх цудаў: вылечыў цешчу апостала Пятра, загадаў Пятру злавіць рыбу, у роце якой знайшоў шэкель, каб заплаціць падатак у храме, уваскрасіў дачку Яіра. Тут ён прапаведваў, расказаў большасць сваіх прытчаў. Ён сюды прыйшоў з Назарэту, таму што ў родным горадзе яму не паверылі. Адсюль быў пазваны на апостальства мытар Матфей і большасць другіх апосталаў. Над Капернаумам высіцца гара Блажэнстваў - месца Нагорнай пропаведзі.

Гара Блажэнстваў
Гара Блажэнстваў знаходзіцца каля Табхі. Табха, у перакладзе з грэцкай, азначае сем горных крынічак. У часы Езуса гэта было пустыннае месца каля возера, куды ён часта прыходзіў, калі хацеў пабыць у адзіноце. Тут здарылася евангельскае насычэнне пяці тысяч чалавек пяццю хлябамі і дзвюма рыбамі. Камень, на які Езус паклаў кошыкі з хлебам і рыбай, стаў алтаром царквы, пабудаванай у 350 годзе царыцай Аленай. У 1911 годзе нямецкі архітэктар Пауль Карге ў час раскопак знайшоў старажытную мазаечную падлогу. У 1982 годзе пабудавана царква Памнажэння Хлябоў і Рыбаў, у якой выкарыстаны цудоўныя старажытныя напольныя мазаікі. Тут у Капернауме знаходзіцца і царква Першынства.

Царква Першынства

Пабудавана францысканцамі ў 1934 годзе. На гэтым месцы пасля ўваскрасення Хрыста здарыўся другі цудадзейны ўлоў рыбы. Тут запаведаваў Езус апосталу Пятру першынство і гаварыў яму : “Пасі агнцаў Маіх, ...пасі авец Маіх” (Іаан, 21:15-17). На гары каля мора ёсць помнік, які адлюстроўвае перадачу Пятру Езусам ключа ад неба.

Помнік, дзе Езус перадае Пятру ключы ад неба

Царква Блажэнстваў пабудавана па праекту архітэктара Антоніа Барлуццы ў новавізантыйскім стылі. 8 вакон у купале выяўляюць евангельскія Блажэнствы. У гэтай царкве мы маліліся на святой імшы разам з польскай групай. Наш айцец Іосіф вёў сумеснае маленне на польскай мове, а дзяўчаты з Салігорску прыгожа спявалі падчас святой камуніі па-беларуску.
А на заканчэнне польскі святар запытаў: “Што заспяваем разам?”. І я прапанавала сваю ўлюбёную “Serdeczna Matka”. І ўсе разам з уздымам яе праспявалі. З цікавасцю пасля імшы знаёміліся мы з паломнікамі з Польшчы.
І наогул, нас прымалі на Святой Зямлі за “палякаў-каталікоў”, бо праваслаўныя ў храмы заўжды ходзяць з пакрытай галавой, а мы - па-рознаму; а мовы - сугучныя.

Царква Блажэнстваў

За дадатковую плату (каля 30 даляраў) можна было ў мясцовым рэстаранчыку паспрабаваць рыбы Святога Пятра. Некаторыя з групы пайшлі абед. Бралі адну порцыю на дваіх, бо рыба вялікая. Добра паелі і адпачылі. Астатнія плавалі ў возеры Кінерэт (каля берагу пазначана месца для плавання вяроўкай), вельмі вялізнае каменне каля берагу. Ёсць магчымасць пазагараць, палюбавацца прыгожым садам.
Наведалі мы і грэчаскую царкву Дванаццаці Апосталаў, якую ўпрыгожваюць дванаццаць чырвоных купалаў. Унутры яна маленькая, але багатая іконамі. Святар прадае сувеніры, вырабленыя манахамі - крыжыкі, іконы, рэлігійныя кнігі.

Рака Іардан

А мы едзем да ракі Іардан, там у нас па плану - амавенне ў святых водах. Рака, якую напаўняюць тры яе галоўныя крыніцы: Дан, Баніяр і Снір, пачынаецца каля гары Хермон.
Пачынаецца на вышыні 300 метраў над ўзроўнем мора, апускаецца на 210 метраў да возера Кінерэт, сканчае спуск у Мёртвае мора - на 413 метраў ніжэй узроўню мора. Каля ракі экскурсанты апранаюцца ў белыя кашулі і тройчы з галавой апускаюцца пад ваду. Для амавення ўсё падрыхтавана - пераапранальні, душы, агароджаныя прыступкі. Вада цёмна-зялёнага колеру, досыць цёплая. Рака спакойная, не вельмі шырокая, берагі парослыя хмызнякамі і дрэвамі. Мясцовыя фатографы незаўважна ўсіх фатаграфуюць і адразу прапануюць набыць дыск на памяць. Каштуе гэта досыць дорага – 18 даляраў за дыск .
Тут мы мелі крыху часу, пасядзець на лаўках, ці забрацца на камень і апусціць ногі ў ваду, асэнсаваць традыцыю людскога пакланення рацэ. На супрацьлеглым баку - Іарданія.

Амавенне ў Іардане

Ізноў дарога вядзе нас у гатэль, абменьваемся ўражаннямі, думаем.
Згодна з праграмай мы паўтары дні адпачывалі на Міжземным моры. Цёплае, сонечнае, спакойнае мора закалыхвала нас прыбрэжным ветрыкам, клікала да сябе, лагодна гушкала, як на арэлях пры купанні. Акрамя нашай групы людзей было няшмат і мы ,ўпершыню няспешна, пакінутыя экскурсаводам, адпачывалі.







Фінікавая пальма, якая пладаносіць усё жыццё



Адпачынак на Міжземным моры

У апошні дзень за намі прыбыў аўтобус і мы паехалі ў старажытную Яффу. Евангельская Іоппія, а цяпер - Яффа, была старажытным портам Міжземнага мора. У новазаветныя часы ў Іоппіі жыла вучаніца Езуса Тавіфа. Яна жыла праведніцай і тварыла многа міласэрных спраў. Умела добра шыць адзенне і шыла ўсім, у каго яго не было. Рабіла гэта з вялікай радасцю. Праз нейкі час захварэла і памерла. Людзі захацелі вярнуць яе да жыцця (у тыя часы гэта здаралася) і паслалі за апосталам Пятром, які хутка прыйшоў. Першавярхоўны апостал, калі даведаўся аб яе справах, горача маліўся да Госпада за яе, а затым сказаў: “Тавіфа, устань!” І яна паднялася з одра жывой і здаровай. На гэтым месцы стараннямі кіраўніка рускай духоўнай місіі ў Палестыне архімандрыта Антаніна напрыканцы 19 ст. пабудавана царква Пятра і прыгожы сад.





Царква Пятра ў Яффе









З боку Яффы добра відаць беласнежны, шматпавярховы сучасны Тэль-Авіў, які будаваўся ў пач. 20 ст., як прыгарад Яффы. А гэтай апошняй экскурсіяй скончылася наша вандроўка.
Нядоўгай была пілігрымка, але азарыла ўсіх унутраным светам. Для сябе я прасіла Госпада, каб дапамог мне жыць па запавеце “Любі бліжняга свайго, як самога сябе”. Ідуць месяцы, а ў душы пасялілася светлая ўдзячнасць Творцы за нашу зямлю, за людзей, за магчымасць раз-пораз пазіраць на неба, а сябе бачыць недасканалай.
Кожны чалавек, веру я, прыйдзе да сваёй галгофы – месца паяднання з Хрыстом. Гэта шлях духоўны і неабавязкова наведваць Святую Зямлю. Але калі яму пашчасціць убачыць зямны Іерусалім, пакланіцца Гробу і другім святыням, то ён будзе бачыць у кожным храме Віфліем, а ў сэрцы другога чалавека – яслі, у якія стукаецца маленькі Езус.

Я шчыра радуюся за маладых людзей, якія падарожнічалі разам з намі. Яшчэ не раз Святая Зямля пазаве іх да сябе, яны змогуць прыехаць зноў.
А за сябе ўзношуся да неба з падзякай, што хоць у сваёй восеньска-лістападаўскай жыццёвай дарозе ўбачыла ўсю гэтую святасць.


У артыкуле выкарыстаны некаторыя факты і фотаздымкі з кнігі “Падарожжа ў Святую Зямлю” (Іерусалім, 2009 г.), факты з календара 2010 “Аще забуду тебе, Иерусалиме”. Горненский монастырь -“Паломник”. Иерусалим - Москва, 2009 і фота Таццяны Мікітрук .



Апрацавала Лана Руднік.






















No comments:

Post a Comment