03 August 2011

Вера Кунцэвіч: “Няхай сталасць пачакае – у мяне няма на яе часу!”

Калі верыць у даўнія вераванні, то можна лічыць, што ў кожнай рэчы на гэтым свеце ёсць свая душа. І нават калі гэта нейкая сукупнасць людзей, калектыў – у яго таксама ёсць душа. Ёсць яна і ў нашага УЗВ. Прадстаўляем Вашай увазе інтэрв’ю з цікавай творчай асобай, прыгожай ва ўсіх сэнсах жанчынай, душой нашага Універсітэту – Верай Кунцэвіч.




- Як Вы трапілі ва Універсітэт Залатога Веку?

Я была з самага пачатку стварэння Універсітэту, адной з удзельніц ініцыятыўнай групы, якая стаяла ля вытокаў праекту. Я вельмі цікаўны чалавек да ўсяго новага. І калі Лана з Вітаўтам, якіх я ўжо даволі даўно ведаю, прапанавалі мне паўдзельнічаць у стварэнні такой цікавай з’явы, я адразу ж пагадзілася.

Мы пераймалі вопыт нашых польскіх калег, адмыслова ездзілі для гэтага ва Уроцлаў. Гэтая паездка дала мне шмат творчых сіл і натхнення! Дзякуючы такой выцечцы я змагла адкрыць у сабе новыя бакі, даведалася пра сябе нешта новае. Тады я ўсвядоміла, што Універсітэт – гэта мая будучыня, я буду тут! Таму я дапамагала ўсім, чым магла – думкамі, справамі.

УЗВ – вельмі патрэбная справа для людзей. Я маю шмат знаёмых, якія пасля пераходу на пенсію знаходзяцца ў страшэнным псіхалагічным і нават фізічным стане. Шмат хто застаецца адзінокім. Універсітэт у такім выпадку – сапраўдны паратунак.

Калі мне прапанавалі весці гурток – безумоўна, я пагадзілася і назвала яго “Беларускія вячоркі”. Я хачу, каб народная справа, традыцыя, песня жылі. Я на гэтым даўно стаю. І мне баліць, калі сваё нацыянальнае, роднае нейкім чынам ганьбіцца, зневажаецца, бэсціцца.

Мой гурток – гэта яшчэ адна з большага валантэрская справа, якая займае шмат часу, але якая сапраўды цікавая і прыносіць сапраўднае задавальненне. Я з гатоўнасцю і энергіяй буду і далей працаваць у гэтым накірунку.


- Што Вам асабіста дае праца ва Універсітэце Залатога Веку?

Па-першае, мне цікава. З усіх каштоўнасцей жыцця асабліва дарагімі для сябе я лічу адносіны людзей, стасункі паміж людзьмі, магчымасць кантактаваць. Абмен энергіяй, абмен пытаннямі, думкамі, творчымі парывамі. Гэта, на мой погляд, раскоша. І я не магу адмовіць сабе ў такой раскошы. Тым больш задарма! (смяецца) Жартую!

Па-другое, гэта дае мне як асобе магчымасць развівацца. Я адкрыла ў сябе такія магчымасці, якія самастойна развіць была проста не здольна. Можа, якія думкі, мары і віталі б у галаве, але я не здзейсніла б такога ніколі! Гэта і фатаграфаванне, і развіццё нейкіх мастацкіх здольнасцей у Акадэміі мастацтваў. Для мяне Універсітэт адкрыў новы цудоўны таямнічы свет.

Таксама Універсітэт Залатога Веку – гэта і магчымасць пазнаёміцца са шматлікімі людзьмі. А што ні чалавек – то свой лёс, свая гісторыя. Я лаўлю сябе на думцы, што я цікаўны назіральнік. Я заўважаю рэакцыі людзей, пытанні, якія яны задаюць. У стасунках з людзьмі разумееш, што сутыкаешся з надзвычайнымі досведамі, думкамі, адказамі на жыццёвыя пытанні. А якія творчыя здольнасці адкрываюцца ў навучэнцаў УЗВ – гэта для мяне ўвогуле цуд.

Таму гэтыя стронкі жыцця для мяне вельмі цікавыя, і я іх з задавальненнем гартаю, і буду працягваць, наколькі хопіць сіл, здольнасцей, вачэй, ног. Няхай старасць пачакае! Я буду тут!

- У Вас ёсць асноўная праца, Вы займаеціся шматлікімі відамі дзейнасці. І ў нашым УЗВ Вы выступаецце ў якасці і выкладчыцы, і навучэнкі. Як у Вас атрымліваецца ўсё спалучаць і паўсюль паспяваць?

Неяк атрымліваецца. Хапае часу на ўсё. Адкуль сілы бяру? А я не ведаю! Напэўна, адсюль і бяру. Колькі ты аддаеш, столькі табе і вяртаецца. Гэта закон жыцця. Што пасееш, тое і пажнеш. Люблю прымаўкамі казаць, бо люблю нашу багатую трапную беларускую мову. А прыказкі і прымаўкі – гэта энцыклапедыя нацыянальнага жыцця.

- Што дае гурток Вашым навучэнкам?

Калі мы падводзілі вынікі працы за год, мне было прыемна слухаць выказванні маіх навучэнак. А выказвалі яны падзяку за маю працу. Мне было прыемна даведацца, што мае дзяўчынкі чэрпаюць ад мяне шмат ведаў. Для мяне нейкія рэчы натуральныя, а для іх – дзікавосткі, бо яны такога ніколі не чулі-не бачылі. І гэта мяне вельмі стымулюе да далейшай працы, развіцця.

Ад маіх навучэнак я таксама шмат чэрпаю, бо кожны чалавек – гэта свая гісторыя, свая культура. У розных вёсках па-рознаму маглі адзначаць тыя ці іншыя святы, падзеі, і мае навучэнкі дзеляцца гэтым досведам. А я адкладаю новую для мяне інфармацыю ў сваю скарбонку ведаў.

Я стараюся запрашаць на нашыя сустрэчы цікавых людзей, якія маюць дачыненне да беларускай нацыянальнай культуры. Мае навучэнкі да гэтага часу памятаюць і дзякуюць за сустрэчу з Марынай Кузміцкай – майстрам па саломапляценню.
Прыйшла, сама вербачкі зрабіла ды другіх навучыла. І ўсё пад спевы, пад прыемную размову.

Я стараюся будаваць заняткі па народнаму календару. Традыцыйна людзі спрадвек жылі па земляробчаму календару, святкавалі святы і ладзілі свой быт у залежнасці ад яго. Я расказваю пра календарныя святы, абрады, адначасова і навучэнкі дзеляцца сваімі ведамі. Робім рукамі рэчы, якія адпавядаюць календарным датам. Песні спяваем, прыказкі, прымаўкі прагаворваем, вершы вучым, гульні развучваем. То бок мы цікава жывем. Бавімся як дзеці! А гэта вяртае маладосць маім навучэнкам. Яны толькі пачынаюць жыць!

- Чым Ваш гурток адрозніваецца ад іншых?

Тым, што тут ёсць магчымасць наладзіць больш глыбокія стасункі паміж людзьмі. Ёсць гурткі, дзе выкладчык дае пэўны аб’ём інфармацыі, а ты засярожваешся на тым, каб усё гэта засвоіць. У нас адначасова ідзе і інфармацыя, і абмен досведам, ведамі, і адразу бачны вынік працы, аздоблены нейкай песняй, гульнёй. То бок мой гурток больш ёмкі. Адначасова распрацоўваюцца тры моманты: я думаю, я ведаю і я ўмею. Плюс псіхалагічны фактар. На нашых занятках вельмі ўтульная, сяброўская, даверлівая атмасфера.

“Беларускія вячоркі” адрозніваюцца магчымасцю больш кантактаваць, разнявольвацца. Больш аддаваць і больш атрымліваць. У нас ідзе сапраўдны жывы абмен. Гэта вельмі важна і вельмі дарагога каштуе.

- А як бы Вы ахарактарызавалі сваіх навучэнак?

Зоркі. Проста зоркі! Прыходзіць чалавек стомленны на гурток, і раптам – вочкі заблішчэлі, сама ўся страпянулася! У кожнай столькі здольнасцей, талентаў, што мне пальцаў не хопіць пералічыць!

Усе мае дзяўчаткі – асобы адмысловыя. А чаму зоркі? Бо прыгожыя! Вельмі люблю іх і ўжо вельмі прывязалася да кожнай.

- Што для Вас значаць беларускія нацыянальныя традыцыі, беларуская песня?

Для мяне гэта скарб. Для мяне гэта гонар. Для мяне гэта здольнасці. Гэта дар Божы.

У мяне род вельмі пявучы. Выдатна спявае мая мама, выдатна спявала мая цёця.
Бог даў мне цудоўны дар: выдатны слых і голас. І ў мяне была такая асаблівасць у дзяцінстве: калі спявалі, у мяне валаскі на скуры станавіліся дыбам. Я на ўзроўні скуры адчувала музыку! Я плакала, смяялася, пускалася ў пляс.

Я вельмі эмацыйна-спагадны чалавек і заўсёды такім чынам рэагавала на народную песню.

Калі сваякі збіраліся, то пелі розныя песні, часта балладныя, жыццёвыя, і я заўсёды перажывала за герояў гэтых песен, бо заўжды сільна ўжывалася ў вобраз. Мне было шкада тую дзяўчыну, якую замуж аддалі за нялюбага, шкада было тую нявестку, якую свякруха не любіла, альбо таго рэкрута, які заставіў у вёсцы сваю каханую.

Я праз песні пазнавала жыццё. Гэта было сапраўднай раскошай у маім дзяцінстве. Я несла беларускую песню праз усё жыццё, і ганаруся гэтым.

Зараз я думаю, што трэба як мага больш аддаваць свой жыццёвы досвед, каб іншыя людзі таксама маглі несці гэты скарб далей.

У мяне насычанае творчае жыццё, і няхай сталасць пачакае, я збіраюся яшчэ шмат працаваць, у мяне няма часу. Мне трэба яшчэ многа ўсяго зрабіць і пра шмат яшчэ даведацца. Беларуская песня лашчыць мне душу, гэта бальзам для майго сэрца!

Наша беларуская культура вельмі адметная, годная, прыгожая, і згубіць яе нельга. Наша беларускае павінна жыць, няхай і на аматарскім узроўні. Бо Бог даў нам зямлю, мову, нацыю, даў культуру, і мы не маем права гэта абрэзаць, мы павінны захаваць наш скарб і несці яго далей.

- Веданне беларускіх традыцый, культуры ўплывае нейкім чынам на чалавека, яго свядомасць?

Абавязкова. Калі чалавек цікавіцца сваёй культурай, у яго з’яўляецца жаданне вывучыць сваю родную мову. Беларуская мова асабліва каларытная ў народных песнях. Спачатку было слова, а потым слова сталася справай. Калі мы спяваем, ідзе нейкі рэзананс, потым праліваецца благадаццю на нас. Таму трэба размаўляць па-беларуску – будзем лепей жыць!

Гук – гэта вялікая магічнасць. Ён ідзе ў прастору, дзе збірае яшчэ адбіткі, і вяртаецца прыемнасцямі на тваю галаву. Як сказалі аднойчы сябры майго сына – гэта сапраўды крута, калі валаскі на скуры варушацца ад беларускай песні. Такая моц гука, такая прыгажосць! Сэрца трапечыцца, ціск падвышаецца, але так, на некалькі крэсачак, гэта несмяртэльна.
Галоўнае, што хвалюе душу.

Трэба проста знайсці гэты рэзананс. Недзе генетычна ў чалавеку закладзена, і калі ў танальнасць патрэбную трапіць, каб атрымаўся кансананс, а не дысананс, то адразу адкрываецца асоба. Колькі маладых людзей былі аніякімі, пакуль не сутыкнуліся з народнай песняй, няхай нават і апрацаванай пад сучасны мадэрн-фолк, але яны становяцца асобамі, а не так, пустацветам. Зярняткі культуры сеюцца, няхай узрастаюць!

- Якія Вашыя перспектывы працы ва УЗВ?

Творчы працэс абмежаваць нейкімі межамі немагчыма. Гэта як акварэльная фарба, мазкі раз-два паклаў, і яны разбягаюцца ў цэлае палатно. Думаў, адно атрымаецца, а выйшла другое. Творчы працэс не спыніць. Я не паўтараюся, у мяне няма трафарэту для заняткаў на наступны навучальны год. Тэма тая ж, але ўсё будзе па-іншаму.

Хацелася б увесці ў наступным годзе святкаванні якіх-небудзь календарных святаў. Гэта было б вельмі цікава, плюс слухачы УЗВ інтэгрваліся б у нефармальнай абстаноўцы святкавання.

- Якім Вы бачыце ідэальны УЗВ?

Складанае пытанне… Ён і так блізкі да ідэальнага! Зараз гэта паростак, і няхай ён вырастае і разгаліноўваецца ў магутнае дрэва! УЗВ можна ўявіць у вобразе дуба: дужы слуп, таму што ідэя такая магутная; глыбока пушчаныя карані, каб не губляць сувязі з нацыянальным, беларускім, і адначасова пазнаваць новае, вучыцца ў людзей, вучыцца ў жыцця, у культуры.

А новыя паросткі дрэва – гэта новыя людзі, якія будуць да нас прыходзіць, іх свежыя ідэі, якія таксама будуць разрастацца ў новыя дрэўкі. І няхай гэты дуб будзе відаць далёка-далёка! І канца яму не было б для росту! І каб ён звінеў творчымі ідэямі, каб ад яго шоў рэзананс ва ўсе бакі ад энергіі і творчага гарэння.

1 comment:

  1. Мне очень нравиться то,чем вы занимаетьсь.Ваши цели и задачи -просто класс!

    ReplyDelete