30 August 2011

Уладзімір Мацкевіч: “Універсітэт залатога веку” больш падобны на сапраўдны ўніверсітэт чым якое-кольвек ВНУ Беларусі”


У Беларусі працуе больш за 50 універсітэтаў і іншых навучальных установаў. Аднак ніводную з іх нельга назваць універсітэтам у сапраўдным значэнні гэтага паняцця. Такое меркаванне мае шэраг беларускіх навукоўцаў і экспертаў. У пошуках ідэі і магчымасцяў стварэння сапраўднага ўніверсітэта некалькі год таму яны згуртаваліся вакол нефармальнага аб’яднання “Агенства гуманітарных тэхналогій-Цэнтр сацыяльных інавацый” (http://methodology.by/ ). Пра задуму новага ўніверсітэта сайту 3sektar.by распавёў вядомы дзеяч беларускага трэцяга сектара, метадолаг Уладзімір Мацкевіч.


Сп. Уладзімір, давайце паглядзім на місію, напрыклад, гродзенскага ўніверсітэта: “Якасная адукацыя, навуковыя даследаванні, сучасныя тэхналогіі – на карысць асобе, грамадству, дзяржаве”. Як Вы маглі б пракаментаваць дадзеную фармулёўку галоўнага прызначэння ўніверсітэта?

Калі мы на першае месца ставім адукацыю, мы робім яе стрыжнем дзейнасці ўстановы. Але гэта не ёсць вызначальная характарыстыка ўніверсітэта. Пра гэта сведчаць статуты ўсіх сярэднявечных універсітэтаў. Так, славуты ўніверсітэт Гумбальта (Вільгельм фон Гумбальт – ням. вучоны, у 1809 г. заснаваў універсітэт у Берліне – заўв. аўтара) ніколі не засяроджваўся на функцыі адукацыі. Адукацыя для ўніверсітэтаў – адна з функцый. Напрыклад, для ўніверсітэта Гумбальта галоўнай фунцыяй былі даследаванні. Назапашванне ведаў пераўзыходзіць адукацыю як такую. Іншая справа, што веды не могуць існаваць толькі ў кніжках. Яны павінны агучвацца, пра іх павінны гаварыць і спрачацца. 
Адукацыя – адзін з найлепшых відаў дзейнасці, у якой веды функцыянуюць і жывуць. Але ж калі вы не ставіце раней за адукацыю вытворчасць і захоўванне ведаў, то тады гэтае азначэнне “якасная” адукацыя становіцца хлуснёй. Пры чым у здабыванні, захоўванні і перадачы ведаў важна памятаць пра славутую аўтаномію і свабоду ўніверсітэтаў. Універістэт як карпарацыя ствараўся, атрымоўваў прывілеі і выпрацоўваў статуты менавіта дзеля аўтаноміі і свабоды тых людзей, якія спрычыняюцца да ведаў. Забываць пра гэта – значыць забываць пра сапраўдную місію і сутнасць універсітэтаў ды рабіць простую навучальную ўстанову. Простую – значыць тую, якая не адрозніваецца якасна, але толькі ўзрознева – ад школы ці ПТВ.
Як, на Вашу думку, павінна гучаць місія сапраўднага ўніверсітэта? Што ў яе павінна быць закладзена?
Я магу сказаць тое, што будзе справядліва для нашага Лятучага ўніверсітэта. Місія павінна ўтрымліваць апеляцыю да ісціны. На першым месцы мусіць быць пазнанне свету. Без гэтага місія будзе не місіяй, а службовымі абавязкамі, кантрактам паміж прафесарам і навучальнай установай. Таму мне хочацца падкрэсліць розніцу паміж тымі, хто служыць чамусьці высокаму і значнаму, і тымі, хто, як рамеснік, выконвае абавязкі, пра якія дамовіўся з працадаўцам.
То бок тут падрыхтоўка спецыялістаў адыходзіць на другі план?
Гэта задача адыходзіць нашмат далей. Я часта стаўлю ў прыклад “Універсітэт Залатола веку” (http://uzv-hrodna.blogspot.com/ ) у Гродна. Якая можа быць падрыхтоўка для людзей пенсійнага ўзросту? Людзей, якія абсалютна не маюць патрэбы вучыцца нейкай прафесіі, бо яны ўжо выканалі свой грамадзянскі абавязак. Яны ўжо досыць шмат пражылі на гэтым свеце і захоўваюць досыць здароўя і энергіі, каб здзейсніць свае мары. Яны прыходзяць цалкам бескарысна па веды. І гэта настолькі мяняе іх стаўленне да выкладчыка! І калі выкладчык ім будзе казаць: “Гэта вам патрэбна для таго, каб здаць іспыт” – будзе смешна. Навошта пенсіянеру здаваць іспыты? Ён хоча ведаць, як насамрэч. Канешне, было б вельмі наіўна думаць, што выкладчык ведае, што там насамрэч. Але ж камунікацыя паміж імі ідзе менавіта такім чынам. Слухач, якому 60 год, хоча ведаць нешта прэтендуючае на ісціну. Выкладчык, чалавек, магчыма, больш адукаваны і дасведчаны, можа разважаць з чалавекам, які прагне гэтай ісціны пра яе. Гэты ўніверсітэт больш падобны на сапраўдны ўніверсітэт, чым тыя навучальныя ўстановы, якія падпарадкоўваюцца планам падрыхтоўкі спецыялістаў для той ці іншай галіны народнай гаспадаркі
Вы пішаце, “універсітэт – гэта мегамашына мыслення” (http://greenbelarus.info/obrazovanie-dlya-ustoychivogo-razvitiya/universitet-v-belarusi-ot-idei-k-realizatsii) . Вы маглі б патлумачыць, што гэта значыць?
Гэта тэрмін Мэмфарда (Льюіс Мэмфард – ам. філосаф – заўв. аўтара). Маецца на ўвазе не машына з жалеза і пластмасы, а з людзей. Гэта такія канструкцыі, дзе ўдзельнічаюць людзі, якія пастаўлены ў стасункі ўзаемных абавязкаў адзін перад адным. Універсітэцкая карпарацыя прысягае служэнню ісціне.
Што павінна быць вынікам працы гэтай мегамашыны?
Творчая асоба, здольная працаваць на самым высокім узроўні, які толькі магчымы ў гэты гістарычны перыяд, з праблемамі, што паўстаюць перад навукай, культурай, нацыяй і гэтак далей. Зразумейце, вынаходніцтвы робяцца не акадэмікамі, а маладымі людзьмі, якія потым узнагароджваюцца за свае вынаходніцтвы статусам акадэміка. 
І цяпер уявіце сабе: акадэмікаў па пальцах можна пералічыць, а маладых людзей шмат. Адны з іх зробяць вынаходніцтвы і стануць акадэмікамі, а другія не. І вось сапраўдная адукацыя – гэта тое, што адрознівае тых, хто мае магчымасць і шанец стаць акадэмікам, ад тых, хто ім ніколі не стане. Гэтая такая тонкая рэч, яе цяжка памераць, аднак трэба шукаць! Калі пра гэта не дбаць, то вы будзеце рыхтаваць аднолькавых шэрых людзей. Гэта масавая вышэйшая адукацыя. Яна ў Беларусі ёсць. А хто будзе рыхтаваць людзей, якія будуць рухаць наперад навуку, грамадскую думку? Вось у чым праблема.
Ці многа ў вас калег-аднадумцаў у стварэнні новага ўніверсітэта?
У Мінску ёсць арганізацыі, якіх мы пераканалі сумесна рабіць гэтую працу. Таксама ёсць арганізацыі, якія незалежна ад нас думаюць у гэтым жа накірунку. Гэта нашы патэнцыйныя кампаньёны. Яшчэ болей за арганізацый ёсць людзей. Напрыклад, мы заангажавалі далучыцца да нас Уладзіміра Дунаева (-прафесар, кандыдат філасофскіх навук – заўв. аўтара) і Паўла Баркоўскага (-кандыдат філасофскіх навук – заўв. аўтара). 
У нас існуе задумка, звязаная з “забаронай на прафесію”. Мы ведаем, што ў Беларусі чалавек са здольнасцямі часам не можа свабодна займацца сваёй справай. З-за таго, што ён мае іншыя погляды – палітычныя, рэлігійныя і г.д. – яго могуць проста звольніць. Часцей за ўсё пад гэту забарону трапляць людзі таленавітыя, не такія як усе. Яны наша мэтавая група. Гэта патэнцыя выкладчыкі, навуковыя супрацоўнікі, лідары нашага ўніверсітэта. 
У Гародні ёсць знакаміты гісторык Алесь Краўцэвіч, якому немагчыма працаваць у гродзенскім універсітэце. Чаму ён павінен вучыць польскіх студэнтаў,а не беларускіх? Ён, яго здольнасці, талент патрэбны Беларусі! А мы не можам даць яму магчымасці тут рэалізавацца! Вось пра што мы клапоцімся – каб лепшыя людзі не з’язджалі адсюль. Беларусь вельмі шмат страціла, калі Ігнат Дамейка з’ехаў у Чылі і там заснаваў нацыянальны ўніверсітэт. А каб гэта адбылося ў Беларусі?..
Што з задуманай канцэпцыі ўніверсітэта вы ўжо пачалі рабіць?
Па-першае, склалі спіс людзей, якія згубілі працу з-за таго, што не знайшлі паразуменне з тымі інстытуцыямі, дзе працавалі. З некаторымі з гэтых людзей мы ўжо ўсталявалі кантакт: запрашаем прачытаць курс, асобную публічную лекцыю ці проста абмеркаваць з намі ідэю стварэння ўніверсітэта. Сёння мы не можам наняць іх на працу: у нас няма прафесарскіх ставак. Але мы можам запрасіць іх да кансультавання студэнтаў, якія хочуць не проста атрымаць веды ў межах падручніка па сваёй дысцыпліне. Першая мэта такога ўніверсітэта – сабраць людзей, якія здольныя будуць такую работу рабіць. Трэба стварыць умовы для рэалізацыі здольнасцяў. Тады і студэнты пацягнуцца.
Пляцоўка дыстанцыйнага навучання distance.fly-uni ( http://distance.fly-uni.org)- гэта таксама адна з частак будучага ўніверсітэта?
Адна з частак і, магчыма, адзін з перспектыўных накірункаў. Дыстанцыйнае навучанне распаўсюджваецца і дае шмат магчымасцяў. У мінулым годзе адзін з курсаў мы правялі ў Магілёве – цікаўнасць да ўніверсітэта ёсць не толькі ў Мінску. Дыстанцыйная форма дазваляе далучыць удзельнікаў з любых гарадоў і пры гэтым стварае для ўсіх роўныя ўмовы.
Размаўляла Хрысціна Марчук

No comments:

Post a Comment