30 August 2011

Галіна Міціна: “Вырашайце ўсе праблемы з усмешкай!”

У нашым Універсітэце Залатога Веку можна сустрэць людзей самых розных узростаў, інтарэсаў, светаадчуванняў.
Чым больш гадоў мае чалавек, тым больш мудрым ён становіцца.
Чытайце інтэрв’ю з адной з самых сталых навучэнак нашага Універсітэту Галінай Аляксандраўнай Міцінай і дзівіцеся таму, у якой цудоўнай форме яна падтрымлівае сябе ў 80 гадоў.



- Я нарадзілася ў Сібіры ў 1931 годзе. Сібір – цудоўны край, і людзі там цудоўныя. Але хутка я з’ехала адтуль разам з мужам – ён быў у мяне ваенным, таму нам наканавана было шмат вандраваць і па захадзе Расіі, і па Польшы, і па Беларусі. Беларусь я вельмі люблю, бо маю карані беларускія – на гэтай зямле жыў мой дзед. Таму для мяне гэтая краіна – другая Радзіма, я люблю яе куткі, пейзажы, прыроду, і канешне, людзей, браткоў-беларусаў. Я ні кроплі не шкадую, што не вярнулася ў Сібір.
Усё жыццё я працавала з дзецьмі, якіх вельмі люблю. Спачатку ў дзіцячым садку, пасля – у школе. Калі пераехалі ў Гродна, а было гэта ў 1979 годзе, пачала працаваць у палацы піянераў. І знайшла сябе менавіта на гэтай рабоце. Па характары я чалавек вельмі рухомы, хоць спортам і ніколі па-сур’ёзнаму спецыяльна не займалася. Усё было на аматарскім узроўні: каталася на лыжах, гуляла ў валейбол, вельмі любіла танцаваць, займалася самадзейнасцю. Калі нарадзілася мая ўнучка, кожнае лета я займалася ўмацаваннем яе здароўя: хадзілі ў лес, у басейн, гулялі ў бадмінтон і рабілі ўсё, што толькі можна. Калі ўнучка пасталела, ёй прапанавалі заняцца ёгай.

Пасля гэтага яна ўвогуле перастала хварэць. А я па звычцы працягнула прытрымлівацца рухомага вобразу жыцця.
- Вы ў вельмі добрай форме зараз. Скажыце, што Вам дапамагае яе падтрымліваць? Ваш актыўны лад жыцця ці сібірскае паходжанне?
- Напэўна, тут усё трэба браць у комплексе. У Сібіры сапраўды людзі вельмі крэпкія і здаровыя, бо клімат суровы. А яшчэ, канешне, лад жыцця і правільнае харчаванне. Абавязковае здаровае сілкаванне. Я трымаю сябе ў яжовых рукавіцах. Амаль усё жыццё я трымаю адну вагу цела. Так, кілаграм 64-65. 66 кг – гэта ўжо распушчанасць для мяне.

І, канешне, не малую ролю грае рух. Зламаўшы руку, я згубіла на некаторы час магчымасць рухацца, і адразу адчула, як я выхажу з формы. На гэтым прыкладзе я зразумела, што рух – гэта жыццё. І ніколі не трэба камплексаваць, лежачы на ложку, казаць, мне тое баліць і гэтае. Трэба рухацца па меры магчымасцей!
- Што Вам дае такі пазітыў і актыўнасць?
- А жыць жа трэба! Мае сваякі ўсе ў Расіі, я ў Гродна адна, таму і трэба змагацца за жыццё, вырашаць розныя праблемы, а для гэтага патрэбна энергія. Я думаю, мне дапамагаюць у гэтым высшыя сілы.
- Як Вы трапілі ва УЗВ?
- Пра УЗВ мне расказала мая прыяцелька Раіса Іванаўна. Я прыйшла сюды і вырашыла наведваць секцыю ёгі.
- А чаму Вы абралі менавіта гэтую секцыю?
- Таму што для здароўя карысна. Патрэбна і для цела і для душы. Тым больш, тут збіраецца цудоўны калектыў. Кожны дзень робіш дома зарадку, але тое адзін робіш, а тут – у калектыве. Мы і пасмяемся, і пажартуем. Вось так праходзіць час, і даволі цікава. Я вельмі задаволеная, што хажу сюды.

- Што Вам даюць заняткі ёгай?
Адчуванне занятасці. І карысць – для душы і цела. Аднаўленне здароўя.
- Ці можна праз фізічную дзейнасць развівацца духоўна?
Безумоўна! У здаровым целе здаровы дух!

- Жыццёвае крэда, дэвіз?
Не паддавацца ні праблемам, ні хваробам. Не баяцца праблем і вырашаць іх з усмешкай!

No comments:

Post a Comment