27 October 2011

У Гродне з’явілася алея “Універсітэту Залатога Веку”

На тэрыторыі гарадзенскага заапарку слухачы УЗВ пасадзілі 26 кастрычніка сваю ўласную алею.
Ідэя пасадзіць дрэвы з’явілася яшчэ ў канцы мінулага акадэмічнага года ў межах “Школы добрых справаў”, якая працавала пры УЗВ. І добрая справа не прымусіла сябе доўга чакаць!


Удзел у акцыі бралі 12 чалавек. Усмешлівыя, з энтузіязмам у вачах, яны рушылі за рыдлёўкамі, граблямі і дрэўцамі. Галоўны садоўнік заапарку вызначыла для алеі месца побач з плотам, таму для таго, каб потым паглядзець на падрастаючыя дрэўцы, нікому не давядзецца плаціць за ўваход.
 Праца праходзіла ў цёплай, душэўнай атмасферы. Слухачы УЗВ пасадзілі каля 20 дрэўцаў.
 Ніхто не цураўся працы, жанчыны бралі рыдлёўкі і з энтузіязмам капалі ямкі. Уся праца заняла каля гадзіны, а вынікі гэтай працы захаваюцца на гады.
 Арганізатаркай пасадкі алеі арганізавала адна з актыўных слухачак “Універсітэту Залатога Веку”, вядучая гуртка “Сад мары” Ірына Сілюк. Дзякуючы ёй, вясной наступнага году мы зможам палюбавацца квітнеючай алеяй гарадзенскага УЗВ.

Спадзяемся, што так, як і алея, сам “Універсітэт Залатога Веку” дзякуючы сваім слухачам будзе расці, квітнець і развівацца!

Фота Волі Корсун

No comments:

Post a Comment