02 October 2011

Адбылася прэзентацыя новага акадэмічнага года ў межах УЗВ

2 кастрычніка ў Гродна адбылася прэзентацыя адукацыйных і асветніцкіх праграм, якія будуць ладзіцца ў 2011-2012 гг. грамадскімі аб'яднаннямі горада.
Удзел у прэзентацыі бралі каля 60 чалавек самага рознага ўзросту. Асноўную колькасць удзельнікаў складалі людзі сталага ўзросту, якіх цікавіла найперш прадстаўленне праграмы заняткаў у межах ужо добра вядомага ў горадзе "Універсітэта Залатога Веку" (УЗВ).
Прысутныя на прэзентацыі людзі змаглі паглядзець фільм, які распавядае пра мінулы акадэмічны год "Універсітэту Залатога Веку", даведаліся пра плануемы час і графік заняткаў, планы, звязаныя з развіццём УЗВ.


Першая агульная сустрэча слухачоў УЗВ сёлетняга набору адбудзецца 13 кастрычніка па адрасе вул. Будзёнага, 48а-11. Пачнецца яна а 19-й гадзіне.

Апроч знаёмства, удзельнікаў праграмы чакае размеркаванне па секцыях па інтарэсах, больш падрабязная прэзентацыя зместу навучальнай праграмы.

Апроч прэзентацыі УЗВ, былі прадстаўленыя іншыя праграмы і праекты, якія ладзяцца гарадзенскімі грамадскімі аб'яднаннямі.
Так, грамадскае аб'яднанне "Цэнтр "Трэці сектар" прадставіла свае "Школу маладога журналіста", "навучальную Экалагічную студыю", плануемыя ў партнёрстве з іншымі арганізацыямі курсы для маладых прадпрымальнікаў.
Грамадскае аб'яднанне маладых навукоўцаў "ВІТ" прадставіла ідэі сваіх навучальных гурткоў для дарослых: "Гісторыя і культура Гродна", "Фінансавая пісьменнасць", "Магчымасці самарэалізацыі праз інтэрнэт".
Многія з удзельнікаў прэзентацыі пасля яе сканчэння падалі заяўкі на ўдзел у прадстаўленых на сустрэчы гуртках і курсах.

Прэзентацыя адукацыйных і асветніцкіх праграм адбывалася ў межах агульнабеларускага Тыдня нефармальнай адукацыі, які праходзіць з 24 верасня па 4 кастрычніка ў розных гарадах краіны.

No comments:

Post a Comment