29 January 2011

Папулярная гісторыя Гродна для слухачоў Універсітэту Залатога Веку

Выклад на такую тэму зрабіў 27 студзеня доктар гістрычных навук, прафесар Алесь Краўцэвіч.
Навуковец распавёў пра мінулае нашага гораду ў 12-16 стагоддзях, асабліва засяродзіўшыся на гісторыі Гродна часоў Вітаўта Вялікага.

Акрамя гэтага, Алесь Краўцэвіч прывёў гістрычныя факты, якія даказваюць, што Гродна – спрадвечна беларускі горад – не польскі, не рускі, а беларускі. Шмат увагі надавалася расповяду пра археалагічныя знаходкі на тэрыторыі горада, пра знешні выгляд Гродна сем-восем стагоддзяў таму.

У канцы выкладу прафесар адказаў на пытанні навучэнцаў. Асабліва цікавай аказалася размова, звязаная з рэстаўрацыяй Каложскай царквы ў Гродна.

Слухачы УЗВ выказалі сваю зацікаўленасць і заклапочанасць лёсам гэтага помніка архітэктуры і гісторыі.
Некаторыя навучэнцы падыходзілі са сваімі пытаннямі і пасля занятку.

Алесь Краўцэвіч дзеліцца сваімі ўражаннямі пасля лекцыі:
- Занятак мне вельмі спадабаўся. Па-першае, спадабалася атмасфера, па-другое, спадабалася публіка. Аўдыторыя аказалася вельмі ўдзячная. Тое, што тут адбываецца – гэта своеасаблівы павеў еўрапейскасці: я выступаў у падобным інстытуце ў Ольштане, куды таксама прыходзілі людзі, каб паслухаць штосьці новае і цікавае. І я вельмі здзіўлены, што зараз, у час, калі матэрыяльнае перавагае над духоўным, збіраюцца вось такія людзі і слухаюць цікавыя рэчы, звязаныя з гісторыяй. Гэта супер і гэта трэба працягваць!
УЗВ – назва шматпланавая, проста цудоўная! Гэта і вельмі тактоўная, метафарычная назва ўзросту слухачоў, і характарыстыка этапу чалавечага жыцця, і адначасова ў мяне ўзнікае асацыяцыя з залатым векам Беларусі 15-16 ст. – нібыта мы звяртаемся да мінулага, апеліруем да вяртання залатога веку нашай краіны.

Алесь Краўцэвіч выказаў спадзяванні, што гэта не апошняя яго сустрэча са слухачамі Універсітэту Залатога Веку.

Воля Корсун
Фота аўтара

No comments:

Post a Comment