07 July 2011

Воля Корсун: “Мае навучэнкі вучацца бачыць свет”

Наймалодшай вядучай секцый у межах "Універсітэту Залатога Веку" з'яўляецца Воля Корсун. Ад пачатку існавання УЗВ яна вядзе секцыю "Жыццёвы дзённік", удзельнікі якой не толькі дзеляцца сваімі жыццёвымі гісторыямі, але і авалодваюць майстэрствам фатаграфавання і апрацоўкі здымкаў. Чытайце інтэрв'ю з Воляй!





Якія былі твае першыя думкі пасля атрымання прапановы ўзяць удзел у гэтым праекце ў якасці выкладчыцы?

Першыя думкі былі вельмі супярэчлівымі. З аднаго боку, я ніколі не выступала ў якасці выкладчыцы, ні для дзяцей, ні тым больш для дарослых людзей. Некалькі палохала думка пра тое, што навучэнцамі будуць людзі сталага ўзросту, бо я ім ва ўнучкі гажуся, а тут яшчэ нешта выкладаць уздумала. Але, з іншага боку, гэта справа паказалася для мяне вельмі цікавай, як нешта новае, незвычайнае, хоць і складанае. Гэта быў своеасаблівы выклік і я яго прыняла. Было цікава выпрабаваць свае сілы, ці здолею я справіцца з такой задачай. Спадзяюся, у мяне гэта атрымалася.

Што цябе найбольш уразіла ў людзях, з якімі ты працавала?

Найперш уразіла жыццерадаснасць і энергія маіх навучэнцаў. Ды і не толькі іх, але і ўсіх слухачоў УЗВ! З першага занятку стэрэатыпы аб сталых людзях рушыліся як картачны домік. Здавалася, што нашыя навучэнцы прыляцелі з іншай цудоўнай планеты!
УЗВ змяняе стаўленне да сталасці, да людзей пенсійнага ўзросту. Гэта вельмі добрае дасягненне нашага праекту, адно з найважнейшых.

Нашыя навучэнцы не баяцца спрабаваць новае, яны не баяцца памыляцца, яны адкрытыя і любяць жыццё. Напэўна, ва УЗВ такія людзі і прыходзяць – якія любяць творчасць, жыццё і творчасць у жыцці.

Якімі вынікамі сваёй секцыі ты можаш ганарыцца?

Я магу ганарыцца тым, што мае навучэнцы навучыліся бачыць свет. У сваіх здымках яны заўважаюць дробязі, дэталі, бачаць прыгажосць там, дзе не адразу прыкмеціш. А бачыць можа кожны чалавек, трэба толькі расплюшчыць вочы.
Яны вучацца ўдыхаць жыццё ў простую фотакартку, шукаюць душу гэтага света, якую перадаюць у здымках. Яны фіксуюць наваколле, людзей, падзеі, з’явы, і атрымліваюць ад гэтага сапраўднае задавальненне.

Мае навучэнцы зараз не могуць уявіць сваё жыццё без фатаграфіі, яны ўлюбіліся ў фотамастацтва, раскрываюцца праз яго, самарэалізуюцца. І гэта сапраўднае дасягненне.

На працягу года мы вучыліся асновам фотамайстэрства, разбіралі, што такое лічбавік і з чым яго ядуць. Крышку тэорыі, больш практыкі. Навучэнцы выконвалі разнастайныя заданні, вучыліся на сваіх памылках і дасягненнях. Вынікам нашай працы стала фотавыстава на выпускным УЗВ, дзе чатыры навучэнкі выставілі свае работы. Для іх гэта стала і прызнаннем іх працы, таленту, і добрым стымулам для далейшага развіцця. А ісці ёсць куды, было б толькі жаданне.

Ці ты можаш уявіць сябе праз шмат гадоў студэнткай УЗВ?

Насамрэч гэта было б сапраўды цудоўна! Праз шмат гадоў зайсці ў прыгожы будынак з ветлівай шыльдай “Сардэчна запрашаем ва Універсітэт Залатога Веку!” Шмат факультэтаў, шмат прасторных кабінетаў, шмат прыгожых ва ўсіх сэнсах людзей – навучэнцаў і выкладчыкаў. Шмат новых шляхоў, выйсцяў, магчымасцяў развівацца і рэалізоўвацца. Спадзяюся, у мяне будзе такая магчымасць.

Сталасць – гэта стан душы. А УЗВ робіць сталасць прагожай, залатой парой у жыцці. УЗВ – гэта тое, што дае шанец, дае другое дыханне, дае магчымасці змяняцца. Але гэта працуе толькі тады, калі чалавек  гатовы не толькі браць, але і аддаваць. Аддаваць свой час, веды, высілкі, душу. Па-іншаму немагчыма.

Зараз я і аддаю, і шмат чаго атрымліваю. Спадзяюся, што ў сталым узросце я таксама змагу прынасіць карысць людзям сваімі ведамі, уменнямі, як нашыя навучэнцы. Ім сапраўды можна падзякаваць, таму што праца з імі шмат чаму вучыць, дае каласальны жыццёвы досвед. 

No comments:

Post a Comment