Ва Універсітэце Залатога Веку існуе вельмі папулярны гурток па вывучэнню ангельскай мовы. Вядзе яго сп-ня Тамара Эльяшэвіч.
“Заўсёды вельмі цяжка казаць пра сябе, я думаю, гэта тычыцца кожнага чалавека. Я настаўніца. Працую ў інстытуце правазнаўства, выкладаю ангельскую мову. Я чалавек вельмі камунікабельны, грамадскі, люблю людзей, прыроду, музыку”.
Як Вы трапілі ва УЗВ?
Я ўжо даўно спяваю ў хоры “Бацькаўшчына” і менавіта там мне прапанавалі паўдзельнічаць ва Універсітэце Залатога Веку. Я называю яго рухам, бо ўсё, што з’яўляецца новае, гэта рух. Я запісалася на некалькі гурткоў, але з-за таго, што сама пачала весці гурток па ангельскай мове, у мяне не засталося магчымасцей наведваць нешта яшчэ. Я адначасова сумяшчаю працу, хор “Бацькаўшчына”і заняткі ў сваім гуртку.
Што падштурхнула Вас весці самастойны гурток?
Я чалавек такі – які ўвесь час аддае, любіць служыць людзям. Мяне яшчэ сяброўка называе з-за гэтага Сэва (ад англ. serve – служыць). Таму я адразу неяк і пагадзілася на прапанову весці курсы замежнай мовы. Тым больш было вельмі цікава папрацаваць з людзьмі такога ўзросту.
Я не пабаялася гэтага, бо маю ўжо вялікі досвед настаўніцкай працы, пачынаючы ад дашкольнікаў і сканчаючы студэнтамі інстытута. Я вырашыла для сябе, што спраўлюся.
Спачатку, канешне, было крышку складана, бо з вялікага аб’ёму інфармацыі трэба было выбраць самае галоўнае, самае зерне. Я кожны раз па-доўгу рыхтавалася да гуртка, і гэта падрыхтоўка займала больш часу, чым нават падрыхтоўка да заняткаў у інстытуце.
Акрамя адбору матэрыялаў, трэба было распрацаваць методыкі навучання людзей такога ўзросту, каб яны працавалі і нешта засвойвалі. Бо я не толькі вучу іх разумець ангельскую мову, гаварыць на ёй, але і прымушаю працаваць галавой. Мне і самі навучэнцы кажуць, што самае галоўнае для іх – гэта тое, што я вучу іх думаць, аналізаваць. А чалавек, які думае, працуе галавой – падаўжае сабе жыццё.
Як выглядаюць заняткі ў Вашым гуртку?
Асаблівай спецыфікі няма. А пачалі мы, канешне ж, з пастаноўкі гукаў. Гэта вельмі складана, тым больш, калі чалавек прывык усё жыццё размаўляць па-свойму. Для гэтага важна мець добры слых. На шчасце, у нашай групе чуюць усе. Тым больш амаль кожны вывучаў у інстытуце ці ў школе замежную мову – нямецкую ці французкую, таму асаблівасці вымаўлення адчувалі і чулі ўсе. Хоць ім і было даволі складана перабудавацца.
І я адразу бачу вынікі сваёй працы, нават здзіўляюся: яны так стараюцца, рыхтуюцца да заняткаў, так прагрэсуюць, нібыта недзе яшчэ бяруць заняткі ангельскай мовы.
У нас вельмі размераны тэмп заняткаў, я раблю акцэнт на размоўную мову. Але навучэнцы, якія маюць нейкую граматычную базу, дадаткова пішуць сачыненні да 20 сказаў і даволі правільна! Некаторыя навучэнцы купляюць падручнікі па мове і займаюцца самастойна, таму і могуць рабіць крышку больш за іншых. Гэта пытанне матывацыі.
Навучэнцы ўжо могуць распавесці па-ангельску пра сябе, пра свае любімыя кнігі, пісьменнікаў, сваіх любімых жывёл і г.д. Калі я задаю пытанне, мне адказваюць як мінімум трыма сказамі.
Граматыку мы бярэм у тым аб’ёме, каб хапіла для размовы.
Што дае гурток навучэнцам? Што падштурхоўвае іх быць настолькі стараннымі і адказнымі?
Па-першае – гэта камунікацыя. Па-другое – ідзе развіццё інтэлекта. Па-трэцяе, навучэнцам проста цікава. У некаторых слухачак дзеці жывуць за мяжой. Да прыкладу – ў Аўстраліі, Канадзе. І яны рады таму, што, калі наведваюць сваякоў, могуць самі схадзіць у краму, нешта запытаць па-ангельску.
Людзі самі па сабе вельмі цікавыя. Звычайна мы збіраемся на паўгадзіны раней і абмяркоўваем нейкія праблемы, дзелімся навінамі, парадамі адносна здароўя, быту.
Вы працуеце настаўніцай. З кім Вам прасцей працаваць: з нашымі навучэнцамі ці са студэнтамі ва універсітэце?
Са слухачамі УЗВ мне працаваць значна лягчэй, таму што гэтыя людзі разумеюць, што ім трэба. Ім даеш – і яны самі бяруць. Студэнты не хочуць працаваць самастойна. Толькі пад прымусам, пад назіраннем. Гэта вельмі складана – увесь час стымуляваць студэнтаў, спрабаваць нешта ім даць. Да слухачоў УЗВ я іду з сапраўдным задавальненнем і цікавасцю.
Са студэнтамі прасцей толькі ў тым плане, што ўсе заняткі для іх я ведаю ўжо на памяць і мне не патрэбна асаблівая падрыхтоўка да заняткаў, а вось для УЗВ мне трэба грунтоўна сістэмна рыхтавацца.
Можа, ёсць нейкія складанасці па ўспрыманню мовы? Ўсё ж такі ўзрост “залаты”…
Маім навучэнцам недзе ад 58 да 70 гадоў, але ніякіх асаблівых складанасцей па ўспрыманню мовы няма. Мабыць, справа ў тым, што кожны калісьці атрымаў вышэйшую адукацыю і рацаваў на такіх пасадах, дзе трэба было развівацца, у тым ліку чытаць шмат літаратуры. Таму ў іх і няма складанасцей з вывучэннем мовы. Канешне, гэта крапатлівая праца, але навучэнцы задаволеныя сваімі вынікамі, а гэта – самае галоўнае.
Якія поспехі сваіх навучэцаў Вы можаце адзначыць?
Самае галоўнае – яны могуць гаварыць. У іх няма бар’ераў, сарамлівасці, нават калі яны робяць памылкі. Я не магу адзначыць кагосьці, усе навучэнцы ідуць роўна. Гэта людзі, якія ўмеюць працаваць. І яны працуюць кожны дзень – нешта чытаюць, перакладаюць, выпісваюць, складаюць сказы і тэксты.
Што дае гурток Вам?
Мне вельмі цікава працаваць са слухачамі УЗВ, кантактаваць з імі і бачыць вынікі сваёй працы. Мае навучэнкі такія аптымісткі, што проста зараджаюць энергіяй. Людзі ўнутрана цікавыя, светлыя, з жыццёвым досведам. Яны могуць нешта такое цікавае распавесці, што ты нават і не ведаеш. Тым больш, зараз так шмат цікавай літаратуры, накіраванай на пазнанне самога сябе. Бывае, дзеляцца жыццёвымі парадамі, і пачынаеш нешта пераасэнсоўваць асабіста.
І я задаволена, што ў мяне працуе галава, бо ў такім узросце гэта вельмі добра.
Якія Вы бачыце песпектывы сваёй працы ва УЗВ?
Па-першае, я хачу таксама наведваць гурткі. Па-другое, я думаю, мае навучэнцы захочуць працягнуць навучанне ў наступным годзе. Таму будзе мэтазгодным зрабіць “прасунутую” групу, каб хоць раз на тыдзень сустракацца з імі і падмацоўваць атрыманыя веды і развівацца. Я б не хацела кідаць іх на палове шляху.
Чалавек – істота сацыяльная, ёй патрэбна камунікацыя. Нашыя слухачы задавальняюць гэтую патрэбу дзякуючы УЗВ, а значыць, становяцца крыху больш шчаслівымі.
Ці ёсць у Вас жыццёвае крэда, дэвіз?
Радавацца самаму малому ў жыцці і нават у дрэнным знаходзіць станоўчае. Напэўна, тады чалавек і падаўжае сваё жыццё.
No comments:
Post a Comment