12 траўня выклад для слухачоў УЗВ на тэму "Сацыяльная рэадаптацыя людзей пенсійнага ўзросту" зрабіла Таццяна Вазнюк, псіхолаг, вядучая радыёпраграмы "Просто о сложном".
“Пакуль ты не задаволены сваім жыццём – жыццё праходзіць побач!”, “Чым больш кантроля, тым менш жыцця”, “Дазваляю сабе жыць!”, “Не бяры цяжкае ў рукі і дурное ў галаву!” Гэтыя і не толькі выказванні гучалі падчас выкладу сп-ні Таццяны.
Таццяна Вазнюк:
“Я крыху хвалявалася, бо асцерагалася некалькі крытычнай сустрэчы, бо мяне папярэдзілі, што на занятку будзе шмат педагогаў. Я думала, што некаторыя рэчы могуць успрымацца імі прадузята, з недаверам. Было хваляванне, што людзі маглі мяне проста не прыняць. Але мае хваляванні не спраўдзіліся, бо размова атрымалася не як з педагогамі, а як з простымі людзьмі, у якіх ёсць свае перажыванні, хваляванні, турботы.
Мне вельмі спадабаліся людзі. Я бачыла іх зацікаўленаць, увагу. Абыякавых я не ўбачыла.
Я і раней працавала з людзьмі сталага ўзросту, у якіх ёсць свой жыццёвы досвед. І ўжо тады заўважала, наколькі ў іх можа праяўляцца дынаміка, як яны могуць змяняцца! І ім можна толькі падзякаваць за такое імкненне да пераменаў.
Мы стварылі вобраз актыўнага, адкрытага сталення, чалавека, гатовага дзяліцца, гатовага аддаваць, перадаваць свой досвед. Спадзяюся, кожны з навучэнцаў будзе імкнуцца да гэтага вобраза як да прыклада.
Хацелася б пажадаць навучэнцам УЗВ пускаць у сваё жыццё пабольш творчасці, быць больш адкрытымі, блізкімі з іншымі людзьмі, пажадаць актыўнага жыцця, чагосьці жывога, якое пастаянна змяняецца, нараджаецца.
А самому УЗВ хацелася б пажадаць прыцягваць да сябе больш навучэнцаў, бо вельмі сумна глядзець на людзей, якія выпадаюць з жыцця пасля 45-50 гадоў”.
Сваімі ўражаннямі дзеляцца слухачы УЗВ.
Рыма Алізаровіч: “Мне спадабалася тое, што занятак праходзіў не ў форме лекцыі, а ў выглядзе жывой адкрытай размовы з намі, прыводзіліся жыццёвыя прыклады, ішла ўзаемная камунікацыя. Карысным было шмат чаго, але для мяне гэта стала асэнсаванне, што самае страшнае для сталага чалавека – адзінота. Чалавеку патрэбна камунікаваць. Для гэтага мы тут усе і збіраемся!”
Вера Кунцэвіч: “Я слухала з вялікай цікавасцю! Я вельмі паважна стаўлюся да прафесіі псіхолага, і ўвогуле, з задавальненнем прымала б удзел у практычных занятках, псіхалагічных трэнінгах. Мне гэта вельмі цікава!
Што тычыцца сённяшняга занятку, было крыху інфармацыі, крыху разважанняў.
Зачапіла, напрыклад, схема, якую я ўмоўна назвала “вятрак” – прымусіла задумацца. Такога плану заняткі – вельмі патрэбная справа, бо нам патрэбна камунікацыя з такой добрай зваротнай сувяззю, калі можна задаць пытанне сабе асабіста і іншым людзям, калі сам сабе адказваеш на пытанні, пачынаеш думаць. Гэта такі штуршок да чагосьці новага, да пазнання сябе”.
No comments:
Post a Comment