18 August 2013

“Універсітэт Залатога Веку”: пачынаем пяты сезон!

Сёлетні, ужо пяты па ліку, акадэмічны год у межах “Універсітэту Залатога Веку” абяцае быць яшчэ больш насычаным і тэматычна разнастайным.
Да ліку секцый па вывучэнні моваў (ангельская, нямецкая, польская, эсперанта, беларуская) дадасца італьянская мова.
У праграме заняткаў застануцца кампутарныя курсы, "Беларускія вячоркі", “Падарожжы ў часе і прасторы”, журналістыка (“Залатое пяро”), сакрэты садаводства (“Сад мары”), йога, фота, асновы прадпрыймальніцтва, секцыя для аматараў кіно “Адкрыты паказ”, дадасца тэатральная секцыя.
Выпускная вечарына-2013: здаецца, развіталіся толькі ўчора

Каб стаць удзельнікам праграмы ў 2013-2014 гг. неабходна затэлефанаваць з 3 да 13 верасня па нумарах 75-71-72 альбо (8-029 284-77-99, Лана Руднік, кіраўніца праграмы), (8-029 826-78-25, Оля Астроўская, асістэнтка кіраўніцы праграмы) з 11.00 да 17.00 і запісацца на прэзентацыю праграмы новага акадэмічнага года.
У час прэзентацыі арганізатары прадставяць дадатковую інфармацыю пра гісторыю “Універсітэту Залатога Веку”, яго мэты і прынцыпы працы, пазнаёмяць з патрабаваннямі да ўдзелу ў праграме, са зместам працы секцый УЗВ.
Перавагай у час адбору сёлета будуць карыстацца:
 - асобы пенсійнага ўзросту, якія маюць высокую матывацыю да ўласнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця, удзелу у жыцці грамадства, а таксама дастаткова часу, каб наведваць заняткі і секцыі “Універсітэту Залатога Веку” (у тым ліку ў дзённы час);
 - удзельнікі праграмы ў 2010-2013 гг., якія атрымлівалі пасведчанне пра ўдзел у ёй;
 - ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій, былыя малагадовыя вязні канцэнтрацыйных лагераў. Урачыстае адкрыццё новага акадэмічнага года УЗВ плануецца на 3 кастрычніка.
Гарадзенскі "Універсітэт Залатога Веку" (УЗВ) быў створаны ў красавіку 2010 г. сябрамі грамадскага аб'яднання "Цэнтр "Трэці сектар".
За гэты час удзел у гэтай Праграме, накіраванай на інтэлектуальную, сацыяльную і фізічную актывізацыю сталых людзей, узяло больш за 250 чалавек ва ўзросце ад 50 да 85 год.
Акрамя наведвання агульных заняткаў (на тэмы здароўя, гісторыі, культуры і г.д.) і згаданых вышэй секцый, слухачы УЗВ актыўна працуюць на карысць грамадства.
Штогод у межах “Школы добрых справаў” імі рэалізуецца некалькі дабрачынных акцый.
Ідзе планаванне дзейнасці "Школы добрых справаў"

У 2012-2013 гг. гэта былі збор ахвяраванняў для прытулку для бяздомных жывёлаў, рэчаў для людзей у складаных жыццёвых сітуацыях і г.д.
У 2012 г. “Універсітэт Залатога Веку” быў згаданы ў нацыянальнай справаздачы пра выкананне нашай краінай Мадрыдскага міжнароднага плану дзеяняў па праблемах старэння.
У сакавіку 2013 г. на базе праграмы УЗВ адбылася буйная міжнародная канферэнцыя па актывізацыі сталых людзей. Удзел у ёй бралі каля 90 спецыялістаў з шасці еўрапейскіх краін. Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць “Універсітэту Залатога Веку” можна атрымаць на сайце uzv.by і на блогу праграмы uzv-hrodna.blogspot.com.

No comments:

Post a Comment