09 May 2012

“Расстаемся, сябры, застаецца ў сэрцы радасць”

Перад пачаткам летніх канікул слухачы “Універсітэту Залатога Веку” зладзілі традыцыйны інтэграцыйны выезд на прыроду. Калі ў папярэднія два гады вандроўка адбывалася ў ваколіцы Аўгустоўскага каналу, то сёлета шлях ляжаў на Мастоўшчыну.


Першым прыпынкам ў нашым падарожжы стала мястэчка Свіслач непадалёк ад Гродна. Тут захаваўся старадаўняя сядзіба. Цяпер у ёй месцяцца сядзіба мясцовага калгасу, філія “Беларусбанку”, але нас найбольш цікавіў невялікі краязнаўчы музей, які мы з задавальненнем наведалі.

Наступны прыпынак – унікальны беларускі музей,створаны Алесем Белакозам у мястэчку Гудзевічы.

Паўтары гадзіны прагулкі па Беларускай хатцы, іншых экспазіцыях музею ў суправаджэнні яго гасціннай дырэктаркі нікога не пакінулі абыякавым!

Прыемным сюрпрызам стала і непланаваная ад пачатку сустрэча з самім Алесем Белакозам. Нягледзячы на свае сталыя гады і не лепшы стан здароўя, спадар Алесь на працягу 40 хвілін шчодра дзяліўся з намі сакрэтамі падтрымкі здароўя, распавядаў пра тое, якіх высілкаў каштавала яму праца па стварэнні славутага цяпер на ўсю краіну музея.

Завітаўшы на кароткі час ў школьны краязнаўчы музей у Лунна, накіроўваемся на маляўнічы бераг Нёмана.

 Пікнік з песнямі ды танцамі, фотасэсіяй стаў прыгожай кропкай нашай паездкі. Цяпер слухачы УЗВ сустрэнуцца разам толькі ўвосень, калі пачнецца новы акадэмічны год.

Добрых канікулаў!

No comments:

Post a Comment