17 December 2012

Прыходзьце да нас на Вячоркі!

Цыкл інтэрв'ю з вядучымі секцый "Універсітэту Залатога Веку" працягвае інтэрв'ю Таццяны Харчанка з кіраўніцай "Беларускіх Вячорак" Верай Кунцэвіч (на здымку).

Мы сустрэліся на беразе Нёмана. Вера Васільеўна Кунцэвіч ішла на службу ў Каложскую царкву, куды накіроўвалася і я. Па дарозе загаварылі пра музыку.
Я даведалася, што Вера Васільеўна па спецыяльнасці харавік-дырыжор, заснавала першы ў Гродна беларускі хор духоўнай музыкі “Бацькаўшчына”, якому споўнілася ўжо 20 гадоў. Акрамя таго, працавала з іншымі хорамі і ансамблямі ў горадзе і раёне. Яе калектывы часта станавіліся лаўрэатамі абласных і рэспубліканскіх конкурсаў мастацкай самадзейнасці. Напрыклад, хор Дома сувязі, народны ансамбль вёскі Зарачанка.
– А як ўзніклі «Вячоркі» у УЗВ? – Пытаюся я Веру Васільеўну.
– Чатыры гады таму, калі пачынаў сваю работу УЗВ, яго заснавальнікі запрасілі мяне як спецыяліста па беларускім фальклоры арганізаваць пажылых людзей у калектыў, які б выкарыстоўваў старыя беларускія традыцыі, абрады. Вопыт такой працы я ўжо мела з іншымі ансамблямі. Людзі, вонкава заціснутыя, разнявольваліся, праяўлялі сябе вельмі актыўна, таленавіта. Колькі ж адораных людзей прыйшло да нас! Песеннікі, майстры рукадзелля, паэты і мастакі ... «Вячоркі» аб'ядналі ўсіх!
– Вера Васільеўна, а якія вашы прыярытэты, што вы шануеце больш за ўсё, па якіх “правілах” стараецеся жыць?
– Заўсёды стараюся быць аптымісткай. Радавацца кожнаму пражытаму дню, старацца падзяліць гэтую радасць з навакольнымі. Мабыць, мая энергетыка перадаецца і ім, і тады забываюцца ўсе трывогі, хваляванні, непрыемнасці. Мы пачынаем разам радавацца жыццю. Падтрымлівае мяне музыка, асабліва духоўная. Яна ачышчае і напаўняе святлом чалавечыя душы. Гэта сапраўднае свята – паслухаць харавыя спевы ў царкве. Я, як быццам, узношуся да нябёсаў, за спіной з'яўляюцца крылы. Вось і сёння хачу паслухаць ў выкананні маіх вучняў “Магутны божа”.
– Ці ёсць у вас вольны час і як вы яго праводзіце?
– Практычна няма. Праца, сям'я, унукі. Усё гэта і напаўняе маё жыццё. Часта бываюць выязныя канцэрты, да якіх трэба рыхтавацца. А вось калі прыходзіць лета, я ад'язджаю з сям'ёй у вёску. У нас цудоўная хатка ў лесе. Там я збіраю ягады і грыбы. Слухаю спевы птушак, атрымліваючы асалоду ад нашай беларускай прыроды.
– Вера Васільеўна, а што зараз адбываецца на “Вячорках”?
– Рыхтуемся да Калядаў. Прыдумляем сюрпрызы, спяваем “калядкі”. Будзем удзельнічаць у святочнай праграме, якая падводзіць вынікі 1-га паўгоддзя заняткаў у УЗВ. Спадзяемся, свята атрымаецца вясёлае, шумнае, песеннае. Сцэнар свята ўжо ў працы. Чакаем гасцей, новых ідэй і задумак ад удзельнікаў “Вячорак” УЗВ.

Размаўляла Таццяна Харчанка, слухачка секцыі "Залатое пяро"

No comments:

Post a Comment