12 December 2012

Акадэмікі таксама вучацца ва «Універсітэце Залатога Веку»

Адным з самых вядомых слухачоў УЗВ у гэтым акадэмічным годзе з’яўляецца член-карэспандэнт Акадэміі навук Андрэй Майсяёнак.
 - Андрэй Георгіевіч, як Вы ацэньваеце факт стварэння ў Гродне “Універсітэту Залатога Веку”?
- Вельмі станоўча. Ён дае магчымасць сталым людзям даведацца шмат новага ў розных галінах ведаў. Тут сустракаюцца энергічныя людзі, якія хочуць атрымаць новыя навыкі і веды, якія дапамагаюць ім у жыцці. Наведванне УЗВ таксама збліжае пакаленні. Да прыкладу, моладзь у часы кампутарызацыі добра валодае кампутарамі і дапамагае ў межах УЗВ авалодваць імі людзям старэйшага ўзросту. Гэта вельмі важная і добрая справа, якую трэба пашыраць.

- Што Вы думаеце пра арганізацыю заняткаў ва УЗВ і ўзровень падрыхтоўкі выкладчыкаў?
- Я наведваю толькі секцыю “Сад мары” і таму мне цяжка сказаць пра ўзровень падрыхтоўкі выкладчыкаў па ўсіх іншых накірунках. Але з таго, што я бачу ў нашым «райскім садзе», складаецца ўражанне, што тут арганізавана падрыхтоўка сучасных кадраў, дзе выкладчыкі і слухачы вучаць адзін аднаго, дзе ідзе ўзаемны абмен ведамі. Што тычыцца агульных заняткаў, то, як я ведаю, у гэтым годзе ўжо былі цікавыя лекцыі. Спадзяюся, што і мая лекцыя была таксама на належным узроўні.
 - Магчыма, Вы маеце свае прапановы па ўдасканаленні навучальнага працэсу альбо адборы слухачоў?
- Адбор слухачоў варта весці на конкурснай аснове. Асноўным крытэрам пры адборы павінна быць жаданне. Калі сталыя людзі жадаюць, ім трэба ствараць умовы, шукаць магчымасці і сярод нашых афіцыйных арганізацый, сярод спонсараў, каб яны дапамагалі пашырыць гэтую справу, каб як мага больш людзей прыняло ўдзел у працы УЗВ. Што тычыцца прапаноў па ўдасканаленні працэсу навучання, то глядзіце - маецца вялікі попыт на кампутарныя курсы і туды не ўсіх бяруць. Вось тут і трэба пашукаць магчымасці для таго, каб арганізаваць не такі поўны курс, а невялікія па часе заняткі адукацыйнага характару па галоўных пытаннях, якія тычацца парцы на кампутары і ў інтэрнэце, на якіх выкладчыкі маглі б адказваць на пытанні слухачоў. Мне здаецца, такія сустрэчы тыпу вечароў пытанняў і адказаў будуць патрэбныя і карысныя ў межах “Універсітэту Залатога Веку”.
 - Вашы лекцыі для слухачоў УЗВ ідуць на «УРА», усе вельмі задаволеныя імі. На якія тэмы Вы яшчэ хацелі б пагаварыць з нашай аўдыторыяй?
- Не ведаю, як на «УРА», бо старэйшае пакаленне прызвычаілася крычаць «ура» на дэманстрацыях (смяецца). Ёсць цэлы шэраг пытанняў, якія засталіся яшчэ з мінулага года. Я хацеў бы паразмаўляць пра фізіялагічнае, збалансаванае харчаванне людзей, біялагічна актыўныя дадаткі да ежы, функцыянальна новыя прадукты харчавання, што вельмі актуальна асабліва для людзей сталага ўзросту. Гэта вельмі важнае пытанне, паколькі спрыяе прафілактыцы шматлікіх захворванняў. Мы ў Беларусі жывем менш, чым у іншых краінах, таму трэба не толькі думаць аб павелічэнні працягласці жыцця, але і зрабіць чалавека функцыянальна актыўным.

 - Вы вядомы вучоны, акадэмік, вялікі аўтарытэт у навуковых колах, але вучыцеся ва “Універсітэце Залатога Веку” у секцыі «Сад мары». Чаму?
- Гэта звязана з маёй даўняй марай, вялікай цікавасцю да садова-агародніцкай дзейнасці. Шмат гадоў я маю садовы ўчастак у кааператыве «Хімік». Хутка ўжо прыйдзецца адыйсці на адпачынак, спадзяюся, яшчэ не на вечны (смяецца), а гэта значыць, што трэба нешта рабіць на тым участку, і рабіць кваліфікавана. Тое, што дае «Сад мары», мне вельмі падабаецца. Многае з таго, што я тут атрымаў, я пачуў упершыню, шмат чаго зразумеў. Навуковыя справы заўсёды са мной і я заўсёды гатовы сваім навуковым багажом падзяліцца са сваімі вучнямі, аспірантамі, што буду рабіць і ў далейшым.
 - Якое самае моцнае ўражанне застаецца ад заняткаў? Які досьвед набылі? Чаму ўжо навучыліся?
- Па-першае, падрыхтоўцы раслін і глебы да зімы і будучага сезону. Даведаўся, да прыкладу, як саджаць агуркі, кавуны, дыні ў нашым клімаце, як размножваць вінаград, як чаранкаваць расліны, як зрабіць цяпліцу і г.д. Усе буду спрабаваць выкарыстаць у сябе на ўчастку.
- Ці будзеце Вы рэкамендаваць каму-небудзь з сваіх знаёмых удзел ва УЗВ?
- Я быў бы рады, каб колькасць слухачоў падвоілася, але ведаю, што УЗВ не вытрымае пакуль такога наплыву жадаючых. Я добра ведаю “Цэнтр “Трэці сектар” і яго кіраўнікоў. Таму думаю, што ўжо ў недалёкай будучыні яны змогуць зрабіць так, каб ва УЗВ і тысяча чалавек прыходзіла.

Размаўляў Юліян Парэмскі

No comments:

Post a Comment