Другі дзень нашай вандроўкі пачынаецца з наведвання асноўнай хрысціянскай святыні – Храма Гроба Гасподняга. Едзем аўтобусам, не адрываючы вачэй ад велічнага, белага сонечнага Іерусаліма. Горача, 37 градусаў па Цэльсію. Каля святыні – паток веруючых і турыстаў з усяго свету.
Храм Гроба Гасподняга пабудаваны царыцай Аленай у 335 годзе. Разбураны персамі ў 614 годзе. Адноўлены ў 1009 г, разбураны ізноў, адноўлены крыжаносцамі ў 1149 годзе і існуе да цяперашняга часу. Часамі рэстаўруецца. Падзелены паміж 6 канфесіямі хрысціянскай царквы: грэка-праваслаўнай, каталіцкай, армянскай, копцкай, эфіопскай і сірыйскай. Кожнай выдзелены свае прыдзелы. Паволі спускаемся да месца, дзе быў пахаваны і ўваскрос Езус. Прыцемкі, гарыць свяшчэнны агонь, грэчаскі святар апальвае свечкі, на талерку кладзеш ахвяру і запіскі. Затым на хвілінку, на каленях кланяешся прасвятому месцу, цалуеш яго і кладзеш сувеніры, якія хочаш асвяціць. Адыходзіш, чакаеш сваіх спадарожнікаў у малітве ці роздуме.
Уваход у Храм Гроба Гасподняга
Шмат людзей падыходзяць да другога святога месца ў храме - Каменю Памазання. Насупраць уваходу ў Храм знаходзіцца шырокая мармуровая пліта, што прыкрывае камень. Калісьці сюды палажылі знятага з крыжа Езуса.