14 November 2012

Што я убачыў ва “Універсітэце Залатога Веку”?

Неяк мімаходзь жонка спытала ў мяне, што гэта за ўніверсітэт такі залатога веку, пра які ў газеце пішуць? Я не ведаў, але стала цікава. Знайшоў тую газету і тую абвестку, набраў нумар тэлефону.


Прыемны жаночы голас адазваўся: “Універсітэт Залатога Веку” і прапанаваў прыйсці сёння на прэзентацыю. Тут цікаўнасць ўзяла верх - захацелася паглядзець на ўсё сваімі вачыма. Адрас быў добра знаёмы, таму хуценька сабраўся і паехаў.
Памяшканне, дзе мела адбыцца прэзентацыя, зусім невялікае. Сабралася ўжо чалавек пятнаццаць, усе сядзяць і напружана чакаюць пачатку. На сцяне вісяць аркушы паперы з назвамі секцый, якія прапануюцца на гэты год.
Стала зусім цікава - іду самастойна знаёміцца з прапановамі.Чым больш чытаю, тым у большы пералік секцый хочацца запісацца. Але хутка разумею, што ўсё ахапіць немагчыма і трэба выбраць дзьве-тры секцыі.

Прэзентацыю вялі Вітаўт і Лана. Непасрэднасць і дабразычлівасць вядучых хутка паспрыялі таму, што прысутныя перасталі адчуваць сябе ў гасцях. З'явілася адчуванне, што тут людзям рады і зробяць усё, каб яны былі задаволены. Да канцу прэзентацыі атмасфера ў памяшканні стала амаль сямейнай: знікла напружанасць, многія паспелі пазнаёміццаз суседзямі, пачаліся размовы, з'явіліся пытанні да вядучых.
Час праляцеў незаўважна і я са шкадаваннем зразумеў, як многа згубіў ад таго, што раней так няўважліва чытаў газеты. Тады б не прапусціў абвестку пра Ўніверсітэт!
Пачатак навучальнага году быў урачыста адзначаны ў актавай зале завода "Цветліт”. Я думаў, што прыйдзе дзясяткі два-тры чалавек, але тое, што убачыў, вельмі ўразіла - сабралася столькі людзей сталага веку, што амаль уся немаленькая зала была запоўнена!

Усе хацелі, нягледзячы на свае гады і хваробы, нечаму навучыцца, пазнаёміцца з новымі людзьмі, штосьці цікавае спазнаць. І зноў, як на прэзентацыі, хутка ў зале ўсталявалася спакойная дабразычлівая атмасфера. Адна са слухачак у перапынках вельмі цудоўна грала для прысутных на скрыпцы і спявала свае песні. Акрамя таго, на вялікім экране былі паказаны прысутным два відэафільмы, знятыя аб выпускніках праграмы.
Пазней прыйшоў  час для прадстаўлення вядучых секцый УЗВ.

Кожны з іх сказаў некалькі словаў да сваіх будучых навучэнцаў. Уразіла павага, з якой шмат маладзейшыя настаўнікі звярталіся да людзей сталага веку, іх зацікаўленасць вучыць людзей, якім часам нават хадзіць цяжка, таму, што яны самі ведаюць.
Другое моцнае ўражанне ад Універсітэту і людзей, якія ў ім працуюць-амаль УСЕ размаўляюць па-беларуску. І мова ў іх такая прыемная, напеўная, не рэжа вуха, зусім не такая, як па тэлевізары. Я беларус, калісьці мог вачыма чытаць па-руску ды адразу перакладаць і гаварыць па-беларуску і наадварот. Але “двуязычие” зрабіла сваю чорную справу - размаўляць на роднай мове развучыўся, тым болей, што амаль дваццаць гадоў пражыў у Расеі. Таму цвёрда вырашыў аднавіць веды і практыку размаўляць па-беларуску. І вельмі спадзяюся, што ва "Універсітэце Залатога Веку" я змагу гэта зрабіць без перашкодаў.

Юльян Парэмскі
Фота Юліі Каляды

No comments:

Post a Comment