02 September 2012

«Універсітэт Залатога Веку» запрашае слухачоў на новы акадэмічны год


Калі вам 55+, калі вы маеце вольны час і жаданне апынуцца ў цікавай кампаніі актыўных людзей, калі маеце ахвоту навучацца і рабіць карысныя справы, то вам – да нас!




Каб стаць удзельнікам нашай праграмы дастаткова:
- затэлефанаваць да15 верасня па нумарах 75-71-72 альбо (8-029) 284-77-99 (Лана) з 11.00 да 18.00
- прыйсці на суразмову і атрымаць дадатковую інфармацыю пра гісторыю “Універсітэту Залатога Веку”, яго мэты і прынцыпы працы, пазнаёміцца з патрабаваннямі да ўдзелу ў праграме, са зместам працы секцый УЗВ.


Пасля знаёмства з плануемай на 2012-2013 гг. праграмай працы УЗВ вы зможаце запоўніць анкету-заяўку, па выніках якой будзе прымацца рашэнне пра залічэнне вас у якасці слухачоў “Універсітэту Залатога Веку”.

Мы – гэта праграма сацыяльнай, інтэлектуальнай і фізічнай актывізацыі сталых людзей «Універсітэт Залатога Веку», якая распачалася ў красавіку 2010 г. па ініцыятыве грамадскага аб’яднання “Цэнтр “Трэці сектар”. З 2012 г. праграма "Універсітэт Залатога Веку" рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Фонда «Памяць, адказнасць і будучыня» у супрацоўніцтве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем «Узаемапаразуменне».

Гэта першая ў Беларусі пляцоўка для інтэлектуальнай, фізічнай і сацыяльнай актывізацыі сталых людзей. За гэты час удзел у нашай праграме ўзяло ўжо больш за 150 чалавек.

На працягу навучання ва “Універсітэце Залатога Веку”, якое доўжыцца з кастрычніка да красавіка, нашыя навучэнцы вывучаюць розныя мовы, вучацца карыстацца кампутарам і інтэрнэтам, маляваць, вандруюць па родным горадзе, авалодваюць сакрэтамі садаводства і г.д. У гэтым акадэмічным годзе дададуцца і новыя секцыі!


Перавагай у час адбору будуць карыстацца:
- асобы пенсійнага ўзросту, якія маюць высокую матывацыю да ўласнага інтэлектуальнага і фізічнага развіцця, удзелу у жыцці грамадства;
- удзельнікі праграмы ў 2010-2012 гг., якія атрымлівалі пасведчанне пра ўдзел у ёй;
- асобы, якія ўжо не працуюць альбо маюць дастаткова часу, каб наведваць заняткі і секцыі “Універсітэту Залатога Веку” (у тым ліку ў дзённы час);
- ахвяры сталінскіх і фашысцкіх рэпрэсій, былыя малагадовыя вязні канцэнтрацыйных лагераў.
Абавязковай умовай удзелу ў праграме з’яўляецца гатоўнасць наведваць два разы на месяц агульныя сустрэчы слухачоў УЗВ (лекцыі, трэнінгі, гасцёўні і г.д.), а таксама як мінімум адну секцыю УЗВ.

Больш падрабязную інфармацыю пра дзейнасць “Універсітэту Залатога Веку” можна атрымаць на блогу праграмы uzv-hrodna@blogspot.com

No comments:

Post a Comment