05 January 2012

Уладзімір Выдзерка: “Чым больш пікселяў у вашай галаве, тым лепш атрымаюцца вашыя здымкі”


 На апошнім перад Новым годам занятку гуртка “Жыццёвы дзённік”, які працуе ў межах “Універсітэту Залатога Веку” адбылася цікавая сустрэча з прафесійным гарадзенскім фатографам Уладзімірам Выдзеркам. Слухачкі гуртка сустрэлі госця вельмі цёпла і душэўна.

Уладзімір Выдзерка займаецца фатаграфіяй ужо больш за 50 гадоў. Шмат гадоў ён прапрацаваў у якасці фотакарэспандэнта ў газеце “Гродзенская праўда”. Сёння на пенсіі, але працягвае фатаграфаваць, прадае свае працы, удзельнічае ў разнастайных выставах. Уладзімір Выдзерка ўжо некалькі гадоў вядзе гурток па фотамастацтву ў гарадзенскім ліцэі №1. Яго навучэнцы станавіліся лаўрэатамі разнастайных фотаконкурсаў.

Госць распавёў навучэнкам пра свой досвед займання фотамайстэрствам, раскрыў некаторыя базавыя рэчы ў філасофіі фатаграфавання, паказаў свае працы. 

Навучэнкі не засталіся ў пазыцы і таксама паказалі свае фотаздымкі. Уладзімір Выдзерка выказаў сваё меркаванне па кожнай працы, даў карысныя парады, адказаў на ўсе задаваемыя пытанні. 


“Вы зараз павінны фатаграфаваць для сябе, для свайго задавальнення. І для таго, каб потым вашыя працы сталі гісторыяй,” – казаў Уладзімір Выдзерка. “Не бойцеся націскаць на кнопку лічбавіка! Будзьце больш вольнымі, тварыце!”
Сустрэча прайшла ў вельмі добрай атмасферы і зацягнулася да глыбокага вечара. Разыходзіліся ўсе задаволеныя, з усмешкамі. 
Такі цёплы занятак у межах “Жыццёвага дзённіка” стаў добрым падарункам для гурткоўцаў перад надыходзячымі святамі і прыгожым апошнім акордам 2011 года.

No comments:

Post a Comment