26 November 2011

Узрост новых магчымасцяў


Такую назву мела цікавая і насычаная лекцыя па псіхалогіі сталага ўзросту, якую для слухачоў "
Універсітэту Залатога Веку" правяла 10 лістапада выкладчыца факультэта псіхалогіі Гарадзенскага ўніверсітэту імя Янкі Купалы, практычны псіхолаг Ірына Марыева.

Навучэнцы змаглі прайсці некалькі тэстаў, вызначыць свой псіхалагічны ўзрост, задумацца над важнымі пытаннямі, як, напрыклад, чаму я думаю, што нікому не патрэбны, чаго я чакаю ад іншых людзей, што рабіць, каб быць шчаслівым і г.д.
Якія ўражанні засталіся пасля занятку?
Ірына Марыева:
- Кожная група, з якой даводзіцца працаваць, мае свой характар, свае асаблівасці. Навучэнцы УЗВ вельмі душэўныя, шчырыя, светлыя. Мне вельмі прыемна бачыць сярод слухачоў УЗВ знаёмыя твары, людзей, якія прыходзяць сюды ўжо не першы год. Я думаю, кола такіх людзей павінна пашырацца, бо гэта вельмі важная і патрэбная рэч. Па ўсім свеце пашыраецца цікавасць да тэмы сталых людзей і рэалізацыі іх патэнцыялу, да пытання псіхалагічнага камфорту ў сталым узросце.
Напрыклад, у той жа Японіі ва ўрадзе краіны не менш 25% складаюць людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Гэта робіцца для таго, каб яны маглі дапамагаць прымаць рашэнні і развіваць краіну дзякуючы свайму вопыту, ведам і бачанню.
Аўдыторыя слухачоў УЗВ больш цікаўная, яна накіравана на тое, каб атрымаць максімум карысці ад заняткаў і ад сваёй дзейнасці. Калі, напрыклад, некаторыя студэнты яшчэ не могуць зразумець, навошта ім тая ці іншая інфармацыя, то тут жа бачыш зацікаўленыя вочы ва ўсіх слухачоў і, падаецца, калі б пачаў пытаць кожнага, то ім было б што сказаць і чым падзяліцца.
Узрост залатога веку – гэта ўзрост новых магчымасцяў, новага дасвячэння, магчымасцей больш часу прысвяціць свайму развіццю, магчымасцей, якіх не было раней. Вельмі добрая арганізацыя навучання слухачоў УЗВ – гэта штуршок да сацыяльнай актыўнасці, да самаразвіцця і руху наперад. Яны вучацца, штосьці робяць, камунікуюць паміж сабой. Хацелася б пажадаць ім і надалей несці гэты скарб па сваім жыцці.”

Вера Кунцэвіч:
- Я вельмі люблю заняткі псіхалагічнага характару: праходзіць розныя тэсты, пакапацца ўнутры сябе. Увогуле, калі б я выбірала сабе іншую спецыяльнасць, то абрала б менавіта псіхалогію. Мне гэта вельмі падабаецца, таму з задавальненнем я слухала сённяшнюю лекцыю Ірыны. Я рада, што ў нашым Універсітэце праводзяцца такія заняткі. Спадабаўся матэрыял, які быў прадстаўлены – добра прачышчае мазгі. Спадабалася маладая асоба, якая вяла занятак, бо яна вельмі пазітыўная, прыгожая, на яе сапраўды прыемна глядзець, прыемна слухаць. Дзякуй за занятак!”

No comments:

Post a Comment